Адамович Лидия - Кветки самотнай князёыны (на белорусском языке) стр 100.

Шрифт
Фон

Нешта прамармытаў i ўпаў на падушку.

- Хатка мая, у маiм сэрцы ты застанешся, як дзiцятка пакiнутае! заплакала Галя. - Нiхто цябе так не палюбiць, як я...

Галя склала ў сумку свае рэчы i, не глянуўшы на Лявона, выйшла з хаты. Цiха адсунула перакошаныя трухлявыя веснiчкi, выйшла на вулiцу. Азiрнулася на хату.

- Прабач мяне i бывай!

Цiха пакрочыла да аўтобуснага прыпынку. Вецер моцна бiў па твары. Аголеныя дрэвы падымалi да неба чорнае галлё, быццам рукi, плакалi, хiсталiся ад шквальнага ветру. Iм было тужлiва i няўтульна, як на душы ў Галi...

...Яна сядзела ў Менску на аўтастанцыi i чакала свайго прыгараднага аўтобуса. Сэрца сцiскалася ад думкi, што Менск ужо назаўсёды для яе страчаны. Нiхто ёй не верне работу, кар'еру, пакойчык у iнтэрнаце, гарадскую прапiску... Яна ехала да мацi.

...Аўдоцця сустрэла дачку ласкава i пачала супакойваць тым, што ёй проста не шанцуе на мужоў. Параiла не падаць духам, а ўладкоўвацца ў вясковую бiблiятэку, слава Богу, Зоська паехала вучыцца, месца ў бiблiятэцы засталося...

Вечарам Галя пайшла да рэчкi, на тое месца, дзе летась стаялi палаткi. Сядзела на бярвенцы i ўспамiнала паход. Нечакана ўбачыла цётку Свету, тую, што адбiла ў сваёй сяброўкi мужа, Зосьчынага бацьку. Цяпер, кажуць, дзядзька Андрэй звар'яцеў, Светкi баiцца, як агню, з жонкай жыве, а на вулiцу не паказваецца... Хворы чалавек.

- Галечка! - усмiхнулася цётка Света, падсела да яе. - Як справы, дарагая?

Галя здрыганулася - ёй падалося, што яна ўжо дзесьцi бачыла гэтую ўсмешку - хiтраватую i лiслiвую, i ўспамiн гэты быў непрыемны.

- Не знайшла ты свайго сапраўднага кахання, - журботна вымавiла цётка Света, - не тымi шляхамi хадзiла, Галечка! Тваё каханне - побач, тое, аб якiм ты марыла... У вас будзе сапраўдная спартовая сям'я, бо ён багаты, i вы будзеце падарожнiчаць...

Яна абняла Галю. Холадам i пустэчаю напоўнiлася наваколле ад гэтага дотыку. Галi здалося, што ёй не хапае дыхання. Яна пачала задыхацца! Цётка Света ўсё мацней i мацней абдымала яе, угаворвала пайсцi да таго, каго яна шукала ўсё жыццё... Галя паспрабавала адтулiць яе, заглянула цётцы Свеце ў твар i... закрычала: побач з ёю сядзела Соф'я ў ружовым халаце, з магiльна сiнiм тварам i лiслiва ўсмiхалася!..

Галя вырвалася ад яе i пабегла. Затым азiрнулася. На бярвенцы па-ранейшаму сядзела... цётка Света. Яна паднялася i гаротна сказала:

- Галечка, у цябе зусiм з нервамi дрэнна! Хай бы ты да доктара схадзiла.

I падышла да яе. Пакрочылi разам у накiрунку маёнтка Дуброўскага.

- Добры чалавек Дуброўскi гэты, - пахвалiла цётка Света. - Вось i санаторый запрацаваў у нас...

- I царква, - падтакнула Галя.

- Цьфу ты, падкудства! - плюнула цётка Света. - У мяне другое заданне!

- Што-што? - не зразумела Галя. - Якое заданне?

- Каханне - мая справа! - адказала цётка Света. - Мне трэба, каб ты закахалася ў Дуброўскага.

- Я i так яго кахаю, з дзяцiнства...

- Цудоўна! Значыць - ты наша! - цётка Света працягнула сваю руку, каб пацiснуць далонь Галi, i тут дзяўчына заўважыла дзiўную акалiчнасць - на далонi цёткi Светы адсутнiчалi ўсе лiнii, акрамя папярэчнай паласы на ўсю далонь, лiнii розуму...

- Ты хто? - спужалася Галя.

- Бiяробат, пасланнiк Чорнай зданi. Маё заданне - спакуса. У свой час я пагубiла Дарыну, нарачоную князя Вiтаўта. А твая сяброўка Аленка нядаўна вымалiла яе душу ў Бога. Цяпер Чорнай зданi патрэбны новыя ахвяры, новыя слугi д'ябла... Ты нам вельмi падыходзiш, бо табе не шанцуе ў каханнi, ты ўвесь час шукаеш каханне i не знаходзiш. А як можна знайсцi тое, чаго няма! Ды яшчэ вечнае! Вечнае каханне! Каб я была чалавекам, то ўжо даўно б звар'яцела ад гэтага задання - знайсцi тое, чаго няма... Каханне - гэта толькi вашы фантазii, людзi! А каб фантазii сталi рэальнасцю, трэба звар'яцець, тады ўсё, што ты хочаш, табе будзе здавацца. Згодна звар'яцець? Рашайся!

Галя вагалася, не ведала, што адказаць.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Похожие книги