Джеймс Олдридж - Паляыничы (на белорусском языке) стр 9.

Шрифт
Фон

Дваццацiгадовымi юнакамi яны разам палявалi i ставiлi пасткi, але Эндзi быў занадта няўрымслiвы, каб праводзiць у лесе месяц за месяцам, i ён выправiўся ў Таронта, адкуль хутка вярнуўся з жонкай, жанчынай, народжанай i выхаванай у горадзе, якога яна да гэтага нi разу не пакiдала. Ажанiўшыся, Эндзi зрабiў усё, што мог, каб наладзiць аседлае жыццё. Яго бацькава ферма была ўжо даўно закiнутай, i Эндзi перабраўся на ранейшую ферму Мак-Нэйраў - драўляны зруб на тры пакоi з прысядзiбным участкам. Некалькi гадоў ён быў падзельнiкам у Сэма Мак-Нэйра, працаваў заўзята, калi працавалася, але так i не стаў фермерам, не затрымаўся на зямлi. I Рой i Джэк Бэртан заўсёды лiчылi, што ў рэшце рэшт ён уцячэ, а калi ён уцёк, iм стала не хапаць яго, асаблiва Рою. Акрамя таго, што ён страцiў Эндзi-сябра, не стала i незаменнага партнёра ў дзелавых аперацыях. Iменна Эндрус забiраў у Роя ўсе лiшкi пушнiны - усе незаконныя i не ў сезон здабытыя скуркi - i спакойна збываў iх на пушнiннай факторыi ў Бага - блiжэйшым гарадку, кожны раз чакаючы, пакуль Рой не вернецца ў лес, i пазбаўляючы яго ад усялякай падазронасцi. Тым, што Рой так лёгка збываў увесь свой незаконны набытак, i тлумачылiся яго паляўнiчыя поспехi. Без незаконнай пушнiны ён нядоўга пратрымаўся б на сваiм паляўнiчым участку, на законную норму нельга было пражыць. Калi Эндзi збег, Рой апынуўся ў складаным становiшчы. Сам ён не мог вазiць скуркi на факторыю, гэта было б надта адкрыта i небяспечна. На дапамогу прыйшла мiсiс Эндрус, якая прадоўжыла збыт пушнiны за грошы - звычайныя камiсiйныя ў такiх здзелках. Рой згадзiўся на гэта спачатку неахвотна, але пазней добра ацанiў яе паслугу. Хутка ён зразумеў, што гэтая мiнiяцюрная гараджанка, якая так i не вызвалiлася ад сваiх гарадскiх звычак i манер, на самай справе ўвайшла ў смак гульнi з законам. Для яе гэта быў паядынак, у якiм яе аўтарытэт гараджанкi i мiнiяцюрная знешнасць спаборнiчалi з даверлiвасцю iнспектара i праставатасцю акружной палiцыi, - паядынак, якi яна вяла тымi ж макiавелеўскiмi метадамi, якiмi змагаўся супраць iнспектара сам Рой.

- Калi iнспектар зловiць вас, - сказаў ёй аднойчы Рой, - ён адпусцiць вас, калi вы скажаце яму, у каго ўзялi пушнiну.

Яе адказ дадаў штосьцi новае ў iх адносiны.

- Па-першае, спачатку iнспектар зловiць вас, - адказала яна, - а, па-другое, пра мяне ён даведаецца толькi ад вас. Не iначай. - Яна прамовiла гэта спакойна, яе ласкавыя вочы перахапiлi позiрк Роя, абвяргаючы i пацвярджаючы яе ж словы.

Усведамленне агульнай справы неяк па-новаму звязала iх. Iхняя блiзкасць узнiкла без складаных перажыванняў, а як нешта натуральнае i нечаканае, i сумленне мучыла Роя толькi тады, калi ў гэта ўмешвалiся iншыя. Яго нявестка Руф, своечасова ўставiўшы заўвагу пра "гэтую мiсiс Эндрус", магла ў грахоўным святле выставiць сама добрыя намеры Роя. Але сама Джын Эндрус не стварала з гэтага маральнай праблемы. Калi б яна сказала яму: - Мы не павiнны, Рой, - ён падпарадкаваўся б голасу сумлення i нiколi больш не прыйшоў бы да яе. Але яна прымала гэтую блiзкасць гэтак жа проста, як i сам Рой. Эндзi яе кiнуў; нiякiя абавязацельствы яе не звязвалi; грамадскiя ўмоўнасцi не ў залiк; з Эндзi было скончана.

I ўсё адно, кожны раз, iдучы цераз гэтае поле, Рой перажываў цяжкiя хвiлiны. А раптам Эндзi вярнуўся! - i, стукаючыся ў дзверы i адчыняючы знаёмую засаўку, пакутаваў ад сумненняў.

- Ну i чалавек, заўсёды з'яўляецца як прывiд з хворымi нервамi, - сказала яму Джын Эндрус. Яна спалохалася гэтак жа, як i Руф Мак-Нэйр, i Рой засмяяўся, як умеў смяяцца толькi ён, па-першае, таму, што яна спалохалася, а пасля i таму, як яна гэта прамовiла. Ён ведаў, што нiводнай тутэйшай жанчыне такое i ў галаву не прыйшло б.

- Хэло, мiсiс Эндрус, - прамовiў Рой i ветлiва, i нiякавата.

- Хэло, Рой, - адказала яна.

- Я прынёс пушнiну. - Ён дастаў звязкi.

- А я ў такое надвор'е чакала вас не раней наступнага тыдня, - сказала яна.

Яму хацелася пажартаваць, што не чакаў яго i iнспектар, але ён яшчэ не дазваляў сабе такога панiбрацтва з ёю. Ён проста паклаў скуркi на цырату кухоннага стала.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке