Джеймс Олдридж - Паляыничы (на белорусском языке) стр 11.

Шрифт
Фон

Уся бяда была ў тым, што доўгая адзiнота Роя ў лесе рабiла надта высокай яго патрабавальнасць да iншых, асаблiва да яе. А Джын ведала, што яна даволi неахайная: не ў адзеннi, а па гаспадарцы. Уборка пачалася са слоiкаў на стале, у якiя яна налiла ўжо воцат са спецыямi, каб марынаваць радыску, рэпу, буракi i зялёныя памiдоры. Яна засунула тазы з рэшткамi гароднiны пад стол i разгладзiла на буфеце дарожкi з цыраты. Хацела падмясцi падлогу, але перадумала.

Рой назiраў за гэтым i зразумеў, чым гэта выклiкана. Усё, што яна зараз рабiла, было крыху знарочыстым. Яна нiбыта пакеплiвала з яго ўяўленняў пра чысцiню i парадак. Яна дабiлася свайго, ён памякчэў i ўжо быў гатовы рассмяяцца, калi ў кухню зайшоў яе чатырнаццацiгадовы сын.

- Хэло, мiстэр Мак-Нэйр, - прамовiў ён. Пры iншых абставiнах ён назваў бы Роя па iменi, але пры мацi гэта быў мiстэр Мак-Нэйр.

- Добры вечар, Джок, - сур'ёзна адказаў Рой i зазначыў, як i штогод, якiм падобным на Эндзi расце гэтае хлапчанё. Голас, пастава, смелы погляд, вiдавочная незалежнасць - усё гэта было ад Эндзi.

- Учора я сустрэў iнспектара, - сказаў Джок, - ён спытаўся ў мяне, цi ў горадзе вы. Я адказаў, што Рой мне не бацька i што ў горадзе яго няма, а калi ён з'явiцца, вы ўсё адно яго не зловiце. - Джок засмяяўся, засмяялася i яго мацi.

- А што ён хацеў, той iнспектар? - спытаў Рой. Больш ён нiчога не прамовiў, i яго пытанне прагучала занадта заклапочана.

- Ён хацеў проста даведацца, цi вярнулiся вы, - сказаў хлопчык. Ён ведаў, што зрабiў Рою непрыемнасць i што Рой нiколi на яго не пакрыўдзiцца. Але гэта не было з яго боку знарочыстай жорсткасцю. Ён любiў Роя. Кожны год ён упрошваў мацi адпусцiць яго ў лес разам з Роем, хоць самому Рою не казаў пра гэта нi слова.

- Як школа? - спытаў Рой.

- Да Каляд закончу.

Рою хацелася спытаць у яго, цi не збiраецца ён паступiць у якi-небудзь тэхнiкум у Сэдберы або ў Соа, але, як зазначыў хлопчык, ён не бацька яму. У адпаведнасцi з тым, як Джок рос i адбiваўся ад рук, Джын Эндрус некалькi разоў спрабавала пераканаць Роя дзейнiчаць па-бацькоўску, не адносна адказнасцi, а проста ў якасцi цвёрдай рукi. Але Рой адмовiўся ад усялякага ўмяшальнiцтва. Ён любiў Джока як сына Эндзi - i ўсё тут. Больш глыбокiя, бацькоўскiя пачуццi былi затрачаны iм на малодшую сястру Джока - Джульету. Яна пражыла толькi восем гадоў, i за гэты кароткi тэрмiн Рой палюбiў дзяўчынку як уласнае дзiця, i Джульета адказвала яму такой жа шчырасцю. Яна была падобная на мацi, але ў яе была асаблiвая дзiцячая высакароднасць, i яна лягчэй прынараўлiвалася да людзей, асаблiва да Роя. Лепш за яе ён нiколi нiкога не ведаў. Калi аднойчы ён вярнуўся дамоў i даведаўся, што яе адвезлi ў акруговую бальнiцу, адкуль яна i не вярнулася, гэта стала для Роя першым сур'ёзным ударам, i вельмi надоўга жыццё яго зрабiлася змрочным.

Джок захапiўся сваiмi справамi i хутка выйшаў, а Джын Эндрус налiла Рою кавы i паставiла кубачак на ўскрай плiты, каб прымусiць яго перайсцi са скрынi ў крэсла.

- У Мемарыял Хол адкрылi кiно, - распавядала мiсiс Эндрус, - Джок дапамагае кiнамеханiку.

Рой моўчкi пiў каву.

- Рой, - спытала яна, - Эндзi меў схiльнасць да механiкi?

- Эндзi? Не, Эндзi быў проста Эндзi, - адказаў ён.

- Значыць, Джок пераняў гэта ад мяне. - Бацька Джын, як яна сама казала, быў вагонаважатым у Таронта, майстар на ўсе рукi. Яна расказвала пра гэта i раней, шмат разоў.

Рой быў нязвыкла стрыманы, i яна здагадалася, што дома ў яго не ўсё ладна.

- Я выпiсала кулiнарную кнiгу, - сказала яна.

- Вам гэтая кнiга непатрэбна, Джын, - запярэчыў ён. Гэта ўласна азначала, што кнiга ёй вельмi спатрэбiлася б.

- Я ведаю, што я дрэнны кухар, - прамовiла яна, каб расшавялiць яго.

З гэтай нагоды яны даволi доўга спрачалiся. Чым больш Рой хвалiў яе стравы, тым больш вiдочна станавiлася, што кухарыць яна не ўмее i нiколi не навучыцца.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке