Кузьма Черный - Пошуки будучыни (на белорусском языке) стр 19.

Шрифт
Фон

- А за якi клопат?

- Ну, каня табе змянiць, рэштку бервеньчукоў перавезцi з лесу, падабраўшы ноч, шулы паставiць, браму зрабiць, жыта ў млын, змалоць...

I пайшла тая ноч, месячная, добрая, цiхая, а к ранiцы зноў схмурнела неба i пачаў падаць мокры снег. Тады пад ранiцу яны, кожны па-свойму, саснiлi нейкага высокага чалавека ў чорнай адзежы i з заплюшчанымi вачыма. Ён не спаў, а быў нежывы - гэта ў яе, а ў яго - рагатаў i танцаваў, але вымагаў, каб яму аддалi боты i кашулю. Гэта быў граф Палiводскi. Кастусь прачнуўся i думаў, цi сапраўды гэтакi мог быць той невядомы Палiводскi, а Волечка прахапiлася з енкам i крыкам: "Ой, ой, Божачка!"

- Што, што? - абазваўся ён.

- Ой, ой, Палiводскi!.. А хто гэта тут у хаце?

- Гэта я, - крыкнуў Кастусь.

- Хто?

Яна яшчэ не адвыкла ад свае адзiноты i не прывыкла да яго. Ён падбег да яе i ўбачыў, што яна дрыжыць.

Колькi раз, жывучы ўжо адна, без бацькi, яна так прачыналася ранiцамi ад непрыемных цi страшных сноў! I прывыкала ў адзiноце сваiмi сiламi гнаць ад сябе цяжкае ўражанне ад кашмараў. Цяпер жа яна падумала, што недзе каля яе ёсць ён. Як лёгка i адразу згiнуў сон, i яна ўсмiхнулася, яшчэ з заплюшчанымi вачыма.

- О так, а то крычыш немаведама чаго. Гэта ж сон.

I па яе твары ён здагадаўся, што яна ачуньвае.

- Уночы я выходзiў глядзець коней, ужо на дзень iшло. Мокры снег гразi даў. А конь твой ужо анi нiчога не з'еў - нават i не зачапiў сена. Ты нiчога не думай. Мой конь зусiм малады. Ведай, што гэта твой. Ты толькi папраўляйся.

- Я ж папраўляюся. Хiба ты не бачыш?

- А на дварэ ўжо i апошняе лiсце з iгрушы асыпалася за ўчарашнi дзень. Чорнае, як сажа, ляжыць мокрае.

Праз два днi ён пачаў кармiць худога каня паранкаю, не адыходзiў ад яго, рабiў яму нейкае адмысловае пойла, а праз два тыднi сказаў Вольцы, што конь крыху абгладзiўся i ўжо льга яго збываць. Аднойчы ўдосвецця ён накрыў каня мяшком i сеў зверху. Конна выехаў ён з двара. Торба з акрайцам хлеба была ў яго руках. На конным рынку ў дробным гарадку, вёрст за сорак ад Сумлiч, ён, як спрактыкаваны конскi перакупшчык, расхвальваў старога i худога каня, бажыўся i падпускаў часам заядлую лаянку. "Без гэтага каня не прадасi", - думаў ён i запрашаў усiх паглядзець каню ў зубы. "Галоўнае смела казаць, каб глядзелi ў зубы, дык нiхто i не гляне, i павераць, што конь малады". Стары i высокi цыган, якi тут жа побач прадаваў яшчэ мусiць старэйшага каня, сказаў:

- Ты, чалавеча, прасi, каб глядзелi твайму каню не ў зубы, а ў хвост, тады хутчэй усiх ашукаеш.

Навокал зарагаталi, i Кастусь, праклiнаючы гаты дзень, адвёў свайго каня ўбок, але i адтуль два перакупшчыкi прагналi яго. Скончылася так, што ён вярнуўся на ранейшае месца. За гэты кароткi час цыган паспеў прадаць ужо таго каня, купiць другога i ўжо гэтага расхвалiць. Кастусь прадаў свайго каня перад самым вечарам, вельмi затанна, але ён быў рад, што развязаў рукi. "Волечка не будзе ў крыўдзе, я ж ёй аддаю свайго каня". Якое было яму шчасце цэлую асеннюю ноч iсцi дадому. Ён адчуваў сябе так, быццам вырваўся на волю. Яшчэ на выходзе з горада ён убачыў вясковую бабу, якая трымала пад пахаю пеўня.

- А цi добра спявае? - некалькi разоў пытаўся ён у бабы.

- Галубчык мой, - адказвала кожны раз баба, - гэта не певень, а музыка. Пад яго песню можна цэлы вечар танцаваць.

Ён купiў пеўня i падумаў: "Прыйдзецца ж зiмаваць. Няхай спявае сабе. А калi Вольцы не спадабаецца - я ёй грошы вярну". Яшчэ не пачынала свiтаць, калi ён быў дома. Пеўня ён укiнуў у пуню i ўсё прыслухоўваўся, цi скора той заспявае. I толькi цяпер ён падумаў аб сваёй вiне перад Волькай: "Я ж задарма аддаў каня". Пакуль развiднела, ён, не заходзячы ў хату, выкацiў з пунi два бервеньчукi з той сухой хвоi i стаў часаць. "Пакуль зiма не ўмарозiла зямлю, я яшчэ пастаўлю шулы на браму". I душа яго ачысцiлася ад прыкрасцi. Раптам у пунi заспяваў певень.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке