"Пад гэтага каня страшна было падысцi", - такiя гэта былi кулацкiя стаеннiкi. Усiм было вядома, што ў тыя часы Вольчын бацька меў толькi i занятку, што з ранку да вечара вiсець крукам у сельсавеце, дамагаючыся даведкi, што ён нiякi не кулак. Ён гаварыў, што ў часы бежанства сыты конь у яго быў таму, што ён, каб уцячы ад гарматнага агню, прадаў, што меў, да апошняй нiткi i купiў каня.
Але Дзядзюля быў вялiкiм актывiстам. Хоць работа ў яго дома i стаяла, але затое ён быў практыкам у тым, каб лезцi ў цэнтр "вялiкiх" спраў. Ён пакрысе лез у кааперацыю, у малочную арцель, а пасля i ў сельсавет. Нейк так выходзiла, што ён заўсёды трапляўся пад рукой, заўсёды ўсё ведаў, заўсёды пра ўсё мог тонка здагадацца, i нават самыя лепшыя працаўнiкi так да яго прывыкалi, што трацiлi патрэбу падумаць пра яго, а што гэта за чалавек такi? У гэтай справе Сафрон Дзядзюля быў сапраўдны талент, можна сказаць, глыбокi i тонкi. З некаторага часу ён пачаў нават дабiрацца да раённага цэнтра, каб прымасцiцца там, калi не на службу, то на годнасць раённага актывiста. Але райвыканком быў ад яго дома далёка, i Дзядзюля задаволiўся тым, што пакiнуў за сабой агульнапрызнаную годнасць то "душы ўсiх спраў", то "цэнтра ўсiх спраў" у сельсавецкiм маштабе. Вядома, з такога чалавека кпiлi ў кожнай хаце, але за вочы. У вочы ж нiхто не хацеў з iм звязвацца, кiруючыся прыказкай, што "воўк сабакi не баiцца, але звягi не любiць". Скончылася тым, што словы "душа" i "цэнтр" з'ядналi разам i пачалi зваць Дзядзюлю "цэнтральнай душой". I от гэтая "цэнтральная душа" здолела так усадзiць свой нос у сельсавецкiя справы, што Вольчын бацька нiякай даведкi не дабiўся. Злосны на ўвесь свет, ён напiсаў дачцэ горкую праўду, што не мае больш сiл i цярплiвасцi.
Даходзiлi чуткi, што Вольку з рабфака звольнiлi.
Але дадому яна, аднак, не прыехала. Яна нiбыта недзе асталася на працу, а вечарамi хадзiла ў вячэрнюю школу. Як бы там нi было, яна аднойчы ўлетку прыехала дадому на два тыднi з прычыны хваробы мацi. Мацi памерла i была пахавана ў тым далёкiм кутку могiльнiка пад вязамi, куды цяпер хадзiла прыцемкамi незнаёмая жанчына. Пасля смерцi мацi Волька была яшчэ дома дзён чатыры. Яна крыху змянiлася - пасталела, выраўнялася з паставы i стала яшчэ прыгажэйшая, як была.
Дзядзюля бачыў яе здалёку, i, як толькi яна паехала ў свой горад, следам за ёю пайшла заява, што яна ў свой час была звольнена з рабфака як кулацкая дачка. Здарылася так, што бацька яе тыдняў за пяць да яе прыезду i купiў быў на гадоўлю цяля. Пасля пахавання жонкi, выпраўляючы Вольку ў горад, ён цяля прадаў i грошы аддаў ёй. Яна не хацела браць, але ён упрасiў яе: яму было прыемна хоць так выказаць сваю сардэчнасць да сваёй дачкi, якая толькi адна i асталася цяпер у яго. Такiм парадкам, у Дзядзюлеву заяву было ўпiсана, што апошнiм часам Вольчын бацька займаецца спекуляцыяй цялятамi.
Зноў пачалi даходзiць у вёску чуткi пра Вольку. Гаварылi, што начальнiк той установы, дзе яна працуе, прыслаў сюды ў сельсавет запытанне. Але нiхто не ведаў, што Дзядзюля зноў уцёрся ў гэтую справу. Поўны задавалення, ён слухаў гаворкi, што Волька нiбы без працы. Але праз нейкi час Волька пачала раптам прысылаць бацьку грошы. Устрывожаны Дзядзюля пачаў збiраць весткi пра Вольку, але бацька яе раптоўна памёр, i пахавалi яго суседзi: Волька не прыехала. Больш таго, яна нават не адказала на тэлеграму, якую ёй далi. У тым, значыцца, горадзе яе ўжо не было. Рад - няволя, а Дзядзюлю прыйшлося забыцца на ўсю гэтую справу. Праз некаторы час Волька прыслала бацьку грошы, але iх нiхто з пошты не забiраў, i яны пайшлi назад. Узнепакоеная Волька напiсала бацькаваму суседу, i той адказаў, што бацька памёр i пахаван побач магiлы мацi. Пра Вольку больш нiчога не было чуваць.
Жывая карцiна ўсяго гэтага i паўстала перад Дзядзюлем, калi незнаёмая жанчына нагадала яму Вольку.