Salsinatus, ягонае таемнае імя, сказала Віка.
У яго манаграме «S A R» апошняя літара R, дадаў Уладзімір.
Гэта Rex. На лацінскай значыць кароль, сказаў Мечыслаў.
Так-так, менавіта, пацвердзіў Уладзімір. Iмёнаў у караля, выходзіць, даволі шмат і гэта толькі тыя, што вядомыя нам, але дзе тая карта, ці нешта накшталт яе, на якой можна скласці ягоныя імёны разам? Ну і, мабыць, гаворка аб трох яго імёнах.
Так, бо ў трыкутніка тры бакі і тры кута, можа быць пэтрэбныя роўна тры іменi, сказаў Мечыслаў.
Але як выбраць тры з усіх тых ягоных імёнаў, якія нам вядомыя? спытала Віка.
Мечыслаў пагрузіўся ў роздумы. Кожны раз, калі ён чытаў тэкст з пергамента, яго не пакідала думка, што ён бачыў дзесьці, у нейкіх гродзенскіх гісторыкаў, нешта пра трыкутнік неяк звязаны з каралём Панятоўскім. Ён з усёй сілы зажмурыўся і рэзка раскрыўшы вочы, паглядзеў на Віку. На шыі ў яе вісела срэбнае ўпрыгожванне трохкутнай формы, з трыма чырвонымі каменьчыкамі па краях. Рашэнне прыйшло да яго ў адну секунду, кавалачкі мазаікі, якія ён ніяк не мог падабраць з цёмных закуткоў памяці, склаліся ў адно цэлае.
Так, я зразумеў! не вельмі гучна ўсклікнуў малады чалавек, прымусіўшы кінуць падазроны позірк на яго твар афіцыянтку, што праходзіла міма.
Забраўшы ў здзіўленага Уладзіміра ноўтбук, Мечыслаў пачаў клыпаць клавішамі, і праз дзве хвіліны разгарнуў яго да таварышаў, якія сядзелі са здзіўленымi, але поўнымі надзеі тварамi. Перад імі зьявіўся спадарожнікавы здымак Гродна, з намаляваным на ім амаль правільным трыкутнікам. Па кутах гэтага трыкутніка былі размешчаны літары С А П.
Вось гэты трыкутнік рыцара Salsinatus, заявіў Мечык. Калі злучыць на карце Гродна тры каралеўскія рэзідэнцыі, якія адпавядаюць імёнам караля, атрымаецца вось такі трыкутнік. Як бачыце, ён яшчэ і з амаль роўнымі бакамі, значыць, усе тры рэзідэнцыі на амаль роўнай адлегласці адна ад адной гэта не выпадковасць.
Мечыслаў паказаў на літару С у аднаго з кутоў трыкутніка.
Гэта сядзіба Станіславова, адпаведная імені Станіслаў. Далей гісторык перасунуў палец, A сядзіба Аўгустова, адпаведна Аўгуст, далей Мечык пераклаў палец на апошні кут трыкутніка, сядзіба Панямунь, першая літара П, як у прозвішчы Панятоўскі. Станіславова, Аўгустова, Панямунь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Эўрыка! трыумфаваў гісторык.
Вось гэта і ёсць імёны складзеныя рыцарам у трыкутнік, дадаў Мечыслаў, трохі супакоіўшыся.
Ты маеш рацыю, я ўпэўненая! радасна сказала Віка.
Так, гэта ўжо нешта, пачатак пакладзены, усміхаючыся, прагаварыў Уладзімір.
У гэты момант Мечык зірнуў на невыразнага чалавека з куфлем віна. Той працягваў сядзець і піць, але ўжо, здавалася, не звяртаў на кампанію ніякай увагі.
А давайце з'ездзім у гэтыя сядзібы і паглядзім, прапанаваў Мечыслаў.
Маладыя людзі расплаціліся і адправіліся ў сядзібу Станіславова.
Невялікі палац з манаграмай караля, старыя дрэвы, рэшткі брамы і два флігелі. Перад галоўным фасадам вытанчанай рэзідэнцыі, у вестыбюлі якой сябры агледзелі дзве шыкоўныя старадаўнія печы ў стылі неаготыкі, размясціўся нейкі помнік.
Далей яны наведалі Панямунь. У гэтай сядзібе гісторыкі бачылі знявечаную прыбудовамі неагатычную капліцу, невялікi будынак, які паходзіць на дом Міцкевіча ў Наваградку, і сам палац караля, ад якога засталося няшмат. Сябры таксама з задавальненнем спусцілiся ў велізарны яр, які раскінуўся побач з былой рэзідэнцыяй.
Напрыканцы падарожжа яны адправіліся за Нёман, у сядзібу Аўгустова. Каралеўскі палац у ёй не захаваўся, але на месцы была капліца пабудаваная арыстакратамі, якiя валодалі сядзібай пасля караля. Гэтая невялікая капліца з купалам, уяўляла з сябе рэдкі тып пабудовы схаваная ратонда. Яна была прамавугольнай звонку, а яе заля круглай.
Затым маладыя людзі зазбіралася дадому. Уладзімір павінен быў жыць у Мечыслава. А Віка адправілася ў дом, дзе жыла падчас рэдкіх прыездаў з вучобы, калі яна пакідала Вільню, ды вярталася да роднай Гародні.
Халодны вечар надыходзіў у горад, і запаленыя агеньчыкі быццам бы праціналі кожнага, хто праходзіў міма іх, наскрозь. Густое, сырое паветра поўзала пад адзеннем, напаўняючы сабой лёгкія людзей, якія спяшалiся дадому з працы. Туман згусцеў і гуляў са святлом, малюючы тысячы светлавых снапоў, што ахіналi вуліцы як павуцінне гіганцкага павука, які стаіўся недзе на дахах гмахаў, поўных людскіх постацяў, мільгаючых у яркіх, святлявых вокнах.