Фрагмэнт Карты Слонімскага намесьніцтва 1796 г.
Гістарычная назва Луна (з адным «н» трымалася вельмі доўга. У заяве вучыцеляк Волькі Рубаніхі і Галены Бубяненкі ў Вучыцельскую раду Гарадзеншчыны (так напісана ў арыгінале) ад 20.9. 1919 г. напісана: «Не зрабіўшы нічога ў Луне, нам вельмі не хацелася ехаць з пустымі рукамі ў Гарадзен». Дый цяпер жыхары навакольных вёсак кажуць: «Паеду да Луны». Гучыць, як да цёткі ў госьці.
Луна і Воля на карце 19 ст.
Калі зьяўілася другая «н» у назве Луна дакладна цяжка сказаць. Хутчэй за ўсё пасьля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай, калі тэрыторыя ВКЛ была акупавана Расейскай імпэрыяй. Так, у Рапартах земскага спраўніка Гарадзенскаму губэрнатару ад 1862 года друкуецца ўжо «Лунна». Хаця на старажытных дакумэнтах можна сустрэць напісаньне з двума «n», як, напрыклад, у дакумэнце пра Луненскі ключ.
Пабудова двару і ўтварэньне Луненскага ключа
Будучыня мінулага
Не ведаючы, што адбывалася
да таго, як нарадзіўся, гэта так
як бы ніколі не стаць дарослым.
Цыцэрон.
Людзі заўсёды цікавіліся паходжаньнем чалавека і сваім мінулым. Яшчэ ў VІІІ ст. да Н.Х. грэцкі пісьменьнік Гесіёд пісаў, што чалавецтва прайшло ў сваім разьвіцьці пяць вялікіх гістарычных эпох. Самую раньнюю ён назваў Залатым векам, калі «людзі знаходзіліся ў спакоі». А самую апошнюю Ваенным векам, пад час якога даводзілася цяжка працаваць і перажываць найвялікшае гора. Дапамагаюць пазнаць мінулае археолягі, сапраўдныя сьледапыты, дасьледчыкі і аналітыкі. Яны ствараюць уражаньне сьмелых падарожнікаў і паляўнічых на скарбы, дэтэктываў, якія дасьледуюць таямніцы даўно мінулага. Але сучасная археалёгія гэта не паляваньне на скарбы і не фантазіі накшталт пошукаў загінуўшых сьветаў гэта сыстэмнае дасьледаваньне чалавецтва ў мінулым. 99% гісторыі вывучаюць дагістарычныя археолягі.
Дагісторыя гэта частка чалавечай гісторыі, якая існавала яшчэ да ўзьнікненьня пісьменнасьці і архіўных крыніц. Гістарычныя археолягі свае знаходкі могуць пацьвердзіць дакумэнтамі. Археолягі маюць тры галоўныя мэты: вывучэньне культурнай гісторыі, рэканструкцыя спосабаў жыцьця ў мінулым, тлумачэньне прычын культурных зьмен. Гэта аснова ўсіх дасьледаваньняў, бо канчатковая задача вельмі простая апісаньне, разуменьне і тлумачэньне чалавечых паводзін у мінулым. Дагістарычныя археолягі дасьледуюць жыцьцё чалавека шляхам выяўленьня сьлядоў яго існаваньня ў археалягічных рэштках ежы, пабудовах, рэчах, вырабленых чалавекам. Вельмі важна адносіцца да кожнага археалягічнага помніка (якім зьяўляецца любы прадмет зьвязаны з чалавечай дзейнасьцю) як да апошняга і непаўторнага. Толькі тады ў мінулага будзе будучыня. І той, хто зьнішчыў у Луна сынагогу і стары млын, габрэйскія могілкі і самалёт генэрала Жукоўскага, назвы вуліц і палац Ромэраў нанесьлі непапраўную страту мінуламу і будучаму.
Праца дагістарычных археолягаў дазволіла скласьці карту стаянак каменнага і бронзавага вякоў, выяўленых на тэрыторыі Мастоўшчыны. Знаходкі экспэдыцыі доктара Сырасека, занатаваныя ў І т. «Варшаўскай бібліятэкі» пацьвярджаюць, што ў каменным веку на нашых землях жылі нашчадкі арыяў?: балты яцьвягі і славяне дрыгавічы і крывічы, якія карысталіся вырабамі з крэмню. У 1879 г. гэта экспэдыцыя дасьледавала старадаўняе селішча на беразе Нёмна ля Луна. Ужо ў савецкія часы археоляг Уладзімір Ісаенка знайшоў сьляды паселішча бронзавага веку (23 тысячагодзьдзя да Н.Х.) У нашай мясцовасьці знойдзены і дасьледаваны археалягічныя помнікі характэрныя для яцьвягаў у выглядзе курганоў і каменных магіл. Іх на Луненскай тэрыторыі на левым беразе Нёмна ва ўрочышчы Баторыя каля вёскі Жылічы дасьледаваў Л. Д. Побаль. Ф. Д. Гурэвіч, кіраваўшая ў 1955 г. археалягічнай экспэдыцыяй, выявіла да 10 курганоў паміж Дзенькаўцамі і Кавалямі, якія адносяцца да рэдкіх тыпаў помнікаў мінулага. У 1982 г. каля в. Навасёлкі геоляг А. В. Квяткоўская знайшла 60 магілаў з падшліфаванымі магільнымі плітамі і тарчма пастаўленымі камянямі.
Яцьвягі займаліся паляваньнем, жывёлагадоўляй, бортніцтвам, земляробствам. У канцы Х і пачатку ХІ ст. адбываецца калянізацыя яцьвягаў дрыгавічамі. Аб чым сьведчыць зьмяненьне характару археалягічных помнікаў, якія ўжо належалі, відавочна, не ўласна яцьвяскаму насельніцтву, а славянізаваным нашчадкам або славянам, якія перанялі яцьвяскі пахавальны абрад.