На становішча ў краіне спрабавалі актыўна ўплываць уцекачы эмігранты. Былі арганізаваны выправы патрыётаў для арганізацыі партызанскага руху. Першай была экспэдыцыя палкоўніка Ю. Заліўскага, ініцыятара Лістападаўскага паўстаньня і дзеяча Лялевелеўскага камітэта. Ужо ў другой палове 1832 года ўзяўся за арганізацыю экспэдыцыі на Радзіму. Землі Беларусі падзяляліся на акругі, кожная на два паветы, куды прыяжджалі камандзіры і 23 памочнікі. Акругу Гродзенскага і Лідзкага паветаў узначаліў Марцэлі Шыманскі, Слонімскага і Наваградзкага Міхал Валовіч з Парэчча. Створаныя М. Валовічам і іншымі партызанскія атрады выклікалі вялікую трывогу захопнікаў. Былі арганізаваныя шматлікія аблавы. У вышуках прынялі ўдзел звыш 10 тыс. салдатаў толькі ў Гродзенскай губэрні. Партызаны і кіраўнікі былі арыштаваны. Іх звозілі ў Гродна, дзе трымалі ў астрозе, разьмешчаным у былым езуіцкім кляштары. 24 ліпеня 1833 года генэрал-губэрнатарам М. Дуўгарукавым быў зацьверджаны прысуд:
М. Валовічада павешаньня, 6 чалавекда біцьця розгамі і высылкі на катаргу ў Сібір, 3-х чалавекда біцьця розгамі скрозь строй у 500 салдат і ў арыштанцкія роты.
Паўстанцы Міхал Валовіч і Лявон Працлаўскі, гравюра XIX ст.
2 жніўня Міхал Валовіч пры вялікім натоўпе мясцовых жыхароў быў павешаны ля Скідальскай заставы. Ноччу яго патаемна пахавалі, каб «не было тайных молений при теле преступника». Чарговым эмісарам на Беларусі вясной 1835 г. быў Шыман Канарскі, удзельнік Лістападаўскага паўстаньня і экспэдыцыі Ю. Заліўскага. Сваёй мэтай ён ставіў падрыхтоўку народу да разуменьня закліку: «Айчына, Вольнасьць!» і яднаньня шляхты з народам. Але ў 1838 годзе Ш. Канарскі быў арыштаваны. Перад сьледзтвам прайшло 221 чалавек. 15 (27). 02. 1839 г. Шыман Канарскі быў расстраляны. Праз суд прайшло 150 чалавек. Нягледзячы на крывавы перасьлед хваляваньні і бунты працягваліся. Толькі да 1845 года адбылося 207 бунтаў. У 1847 г. у Гродна ўведзены ваенны стан. «Вясна» 1848 г. у Эўропе спрыяла росту супраціву.
Шыман Канарскі (ананімны партрэт, перад 1839, алей на палатне)
У ліпеню 1833 г. Мікалай І быў вымушаны выдаць Указ, у якім прадпісвалася, што рабіць у выпадку мяцяжу, падобнага да 1831 г.: вінаватых дзяліць на 4 разрады і канфіскоўваць маёмасьць. Вінаватых 1 разраду судзіць ваенна-палявым судом (нават расстрэл), 2 разраду ссылаць у Сібір, 3, 4 разраду прысуды зацьвярджае галоўнакамандуючы. Прыняцьце такога Ўказу гаворыць аб становішчы на Беларусі. Указ ішоў паўторна ў 1848 г.
Падзеі ў краіне не маглі не закрануць і луненцаў. У сьледчых матэрыялах ёсьць запісы аб сялянах-удзельніках паўстаньня з недалёкіх ад Луна вёсак. «Біяграфіі» асобных сялян па выніках сьледзтва даюць магчымасьць уявіць іх месца ў паўстанцкіх атрадах і далейшы лёс. Так, селянін з маёнтка Радзівонавічы Гродзенскага павета Сьцяпан Дзяшко «знаходзіўся ў шайцы мяцежнікаў з ружжом», хутчэй за ўсё пад началам Ц. Пуслоўскага. Адбываў арышт у Гарадзенскім астрозе, пасьля быў адпраўлены ў Табольск для залічэньня ў Сыбірскія лінейныя батальёны. Адтуль зьбег на радзіму, выкарыстаўшы імя таварыша па службе, але быў схоплены і вернуты нанова. Фелікс Карпінскі з маёнтка Забалацьце Ваўкавыскага павета служыў лякеем у генэрала Д. Хлапоўскага, які прыйшоў у Беларусь на чале польскага войска. Захварэў і быў захоплены ў палон у Коўне. Сядзеў у Дынабургзкай крэпасьці, потым адпраўлены ў Гродна. У лютым 1833 г. дараваны і адпушчаны дадому. Да Хлапоўскага падаўся, тайна пакінуўшы памешчыка, Фёдар Цімафеевіч Трусевіч (Трушэвіч) з в. Ябланава таго ж павета. Там служыў дзеншчыком у паручніка Забельскага. Пасьля паразы пад Коўнам спрабаваў прабрацца ў Каралеўства Польскае, але быў злоўлены ў Кобрынскім павеце. Сьледзтва адбыў у Гродзенскім астрозе. У ліпеню 1832 г. атрымаў прабачэньне і вернуты пад расьпіску памешчыка наглядаць за яго паводзінамі.
Масавыя абурэньні
Пасьля разгрому паўстаньня ціск на беларушчыну ўзмацніўся шматкротна. 3 І839 г. забаронены казаньні ў цэрквах і касьцёлах на беларускай мове. З 1840 года па ўказу цара тэрмін «Літва» як і «літвін» сталі таксама забароненымі. Адказ беларусаў быў адпаведны. У І845 г. адбылося 207 бунтаў. Расія ўсё больш эканамічна і тэхнічна адставала ад многіх краінаў сьвету. Нарастала небясьпека пераросту сялянскага антыпрыгоньніцкага руху ў рэвалюцыю. Гэта прымусіла расейскага імпэратара Аляксандра ІІ 19 лютага 1861 г. падпісаць Маніфэст і «Палажэньне аб вызваленьні сялян ад прыгоннай залежнасьці», што карэнным чынам зьмяняла іх становішча. Але многія палажэньні Маніфэсту (часовыя абавязкі па захаваньню паншчыны і выплатай аброку, выкуп надзелаў, парушэньні памешчыкамі саміх Палажэньняў 19 лютага) выклікалі масавыя абурэньні. Калі ў 1860 г. на Беларусі адбылося каля 50 сялянскіх выступленьняў, то ў 1861г.379, а ў 186163 гг. пік сялянскіх бунтаў дасягнуў 1100. Сярод бунтаўшчыкоў былі і сяляне Луненскай воласьці.