Лявон Карповіч - Маё мястэчка Луна-Воля стр 20.

Шрифт
Фон

У 1953 г. яго выслалі ў Казахстан. Дзяўчына з Луна Людвіка Швед, якая слала ў лягер пасылкі свайму бацьку, падтрымлівала пасылкамі на працягу знаходжаньня ў лягеры і Казіміра. Ён прапанаваў ёй у лісьце выйсьці за яго замуж. Яна доўга не згаджалася, бо была простай дзяўчынай, да таго ж нянька ў дзяцінстве вывіхнула ёй лапатку, і ў яе пачаў разьвівацца горб. Але потым усё ж паехала да яго. Казімір меў адукацыю фэльчара, разам з жонкай працаваў у шпіталі ў Акчатаў. У 1955г. нарадзілася адзіная дачка Казіміра  Ядвіга-Стэфанія. Праз год сям'я атрымала дазвол на пераезд у Польшчу і пасяліліся ў сучасным Заходнепаморскім ваяводзтве. Па дарозе туды ў касьцёле вёскі Каменка каля Скідаля Казімір і Людвіка ўзялі шлюб і пахрысьцілі маленькую Ядвігу. Да пэнсіі Казімір працаваў фэльчарам, памёр у Гнезна праз месяц пасьля спатканьня з братам 17 лютага 1988г.

Ядвіга-Стэфанія скончыла філялягічны факультэт, выйшла замуж за Паўла Хэлміняка (нар. у 1956г.), мае адзінага сына Міхала-Ежы, які нарадзіўся ў 1981г. Ядвіга працуе настаўніцай польскай мовы і літаратуры ў Гнезна.

Апошнія з Сапегаў

Але, калі ўспамінаць пра ўсіх уладальнікаў Луна, то трэба зноў вярнуцца да Сапегаў. А каб падзеі выглядалі больш зразумела, зірнем на Сапегаўскае радавое дрэва. Вядомы нам Аляксандр Міхал, заснавальнік радавой рэзыдэнцыі ў Дзярэчыне, меў сына Францішка, які ў сваю чаргу быў бацькам Яўстаху  паўстанцу. Яўстах Каятан Сапега з 1821 г. жыў у Англіі. Але ў лістападзе 1830 г. выбухнула Вызвольнае Паўстаньне супраць Расейскіх акупантаў. Трыццацігадовы князь пакідае маёнтак у графстве Лянкашыр, магілу жонкі Мары Патэн Больд і вяртаецца ў радавое гняздо. У раньзе падпаручніка так змагаецца з ворагам, што ўзнагароджваецца Залатым Крыжом Віртуці Мілітары (Вайсковага Гонару). Не толькі адвагай у баях, але, прадаўшы маёнтак у Ружанах, Яўстах Каятан грашыма падтрымлівае паўстаньне, так, як гэта зрабіла і Эмілія Плятэр. Пасьля паразы паўстаньня князь з сотнямі сваіх сяброў вымушаны падацца ў эміграцыю. Жыве спачатку ў Англіі, потым у Францыі ў гарадку Бяланкурт пад Парыжам. Назапашвае сродкі з надзеяй на новае паўстаньне, але 16 лістапада 1860 г. памірае. Пахаваны на Манмартры. Усе ўладаньні на Радзіме былі сканфіскаваны. Сьпіс вывезенага дабра з Дзярэчына ў Расею складаецца з 124 лістоў. Толькі мастацкіх палотнаў ды ўпрыгожаньняў было вывезена 303 пуда 25 фунтаў (каля 5 тон).

Памяць Яўстаха Каятана шануецца ў Дзярэчыне. У 1999 г. мясцовыя патрыёты ўстанавілі ў адноўленым касьцёле мэмарыяльную дошку:

«Яўстаху Каятану Сапегу (1797- 1860)

уладару Дзярэчына ўдзельніку нацыянальна  вызвольнага паўстаньня 1830- 1831 гг».


Яўстах Каятан Сапега (17971860). Партрэт 19 ст.


Яўстах Каятан меў сына Яна Паўла Аляксандра. У 1877 годзе афіцэр арміі Яе Вялікасьці Каралевы Вялікай Брытаніі ўзяў шлюб з Севярынай Урускай  Тызенгаўз, якая ў якасьці пасагу мела маёнтак Спушу, што ў 12 км ад Скідаля. Гэта стала адзінай маёмасьцю на акупаванай тэрыторыі Вялікага Княства некалі магутнага роду Сапегаў. Праз чатыры гады ў маладой пары нарадзіўся сын Яўстах Каятан, названы так у гонар дзеда. Атрымаўшы адукацыю ў Цюрыху (Швэйцарыя) і ажаніўшыся на Тэрэзе Ізабэле з Любамірскіх, Яўстах Каятан пасяляецца ў радавым маёнтку Спушы (цяпер  Старая Спуша Шчучынскага раёна). Правадыр Польшчы Юзаф Пілсуцкі запрашае яго на дыпляматычную службу паслом у Англію, пазьней прызначае на пасаду міністра замежных спраў Польшчы. У 1921 г. бальшавікі з немцамі падпісалі ганебную Рыскую дамову, разадраўшы Беларусь на дзьве часткі. Яўстах Каятан не можа з гэтым пагадзіцца і пакідае Ўрад Пілсудскага.


Яўстах Каятан  унук (18811963).


«Трэба было адбудаваць Спушу з руінаў, якія засталіся па вайне»,  успамінае сын былога міністра Яўстах Севярын, які нарадзіўся тут 7 жніўня 1916 г. і пражыў у Спушы з невялікімі перапынкамі 23 гады. Пасьля заканчэньня аднаўленчых работ палац у Спушы выглядаў вельмі прыгожа: мураваны двухпавярховы, з мансардай, галерэямі і бальконамі. Каля палаца разьлягаў прыгожы лесапарк. У 1933 г. Яўстаху Сапегу польскі ўрад зьвярнуў сканфіскаваныя Расеяй у яго дзеда паўстанца маёнткі і землі. Валянцін Дубатоўка піша, што сярод вернутых былі Ружаны, Дзярэчын, Зэльва, Новая Мыш, Луна. Як былі ўладкаваны справы з Тарасовічамі, невядома. У 1939 г. Яўстах Каятан быў арыштаваны распачаўшымі вайну саветамі і пасаджаны ў Менскую турму. Потым былі допыты на Лубянцы, сьмяротны прысуд сталінскай « тройкі « Але Лаўрэнцій Берыя замяніў расстрэл на катаржныя работы на Беламор  канале. Уратаваньне прыйшло праз армію Андэрса, з якой Яўстах пападае ў Афрыку. Так род Сапегаў назаўсёды пакідае родную зямлю. І толькі праз паўстагодзьдзя 4 верасьня 1998 г. князь Яўстах Севярын Сапега выйшаў з вагона Варшаўскага цягніка на Гарадзенскім вакзале.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3