I ў стражнiка была гэткая вантроба, i ён таксама быў не промах наконт гарэлкi, асаблiва, калi гарэлка нiчога не каштуе.
Выпiлi адну поўпляшку, выпiлi другую, развязалiся языкi, з'явiлася i рызыка.
- Ну, што ж? - гаворыць Мiкiта стражнiку: - ты з намi пiў, стаў цяпер i ты.
- А ты знаеш, з кiм ты гаворыш? - пытае стражнiк.
- Даволi зiрнуць на тваю мардасiну, каб ведаць, якая ты штука, - адказвае Мiкiта, падпёршы рукою левы бок.
Слова за слова, завязалася сварка, а потым i бойка. Стражнiк хацеў хапiць шаблю, але Пятрусь, як абцугамi, сцiснуў яго за плечы.
- Нiчога не паможа табе гэта трапло, - гаворыць Пятрусь, ды разам з Мiкiтам павалiлi яго на зямлю i давай мясiць. Збiлi на горкi яблык. А Мiкiта яшчэ адрэзаў рамень ад шаблi, сказаўшы:
- Добра будзе вушкi паўстаўляць у лапцi.
Паўлюк слухаў, не прапусцiўшы нiводнага слова.
- I суда не будзе?! - спытаўся ён.
- Якi суд? Чалавек ты! Пабiлiся п'яныя, от i ўсё, - гаворыць сусед.
Выслухаўшы расказ суседа, Паўлюк павесялеў: яму прышла ў галаву мысль, якую ён так доўга шукаў i не мог знайсцi.
V
Спосаб быў знойдзены.
Цяпер застаецца залучыць на кiрмашы аб'ездчыка, завясцi яго куды-небудзь да Хацкеля цi Каца, напаiць, i тады можна будзе парахавацца.
У першую нядзельку адлажыў Паўлюк поўрубель грошай на гарэлку, якую ён вып'е з Сучынскiм, запрог конiка i ўжо сабраўся ехаць. Неспакойна трохi было на сэрцы ў Паўлюка, дый злосць яго стала праходзiць, i ён гатоў ужо быў плюнуць i на той воз дроў, што на каморы абярнуў яму аб'ездчык, i на самога аб'ездчыка. Але, як ён выязджаў з двара, жонка, выткнуўшыся з сяней, гаворыць да яго:
- Зайдзi, Паўлюк, у ляснiцтва i вазьмi асiгнату*, бо скора не будзе чым выпалiць у печы: скiнулi ж табе на каморы дровы.
* Асiгната - талон на вываз дроў.
Як шылам парнулi Паўлюка гэтыя дровы.
- Але! Гэта ж i я забыўся, што дроў няма нi палена, - сказаў Паўлюк i ўзяўся за кiшэню: абмацаў поўрубель, завязаны ў анучыну, той поўрубель, якi прызначаны быў споўнiць такую важную задачу. У другiм вузельчыку ляжалi два злоты на крупы, саракоўка на тараны i селядцы; залатоўка на соль i газу; дзве дзесяткi i чатыры грошы* на вобмешку япручку i яшчэ некалькi медзякоў на тытун i запалкi.
* Злоты - 15 капеек; саракоўка - 20 капеек; залатоўка - 15 капеек; дзве дзесяткi - дзесяць грошай, 5 капеек; чатыры грошы - 2 капейкi.
А за што ўзяць асiгнату на дровы? Хiба за гэты поўрубель? Паўлюк на момант задумаўся, а потым сцебануў пугаю каня i паехаў, сярдзiты i нездаволены. Зноў не было спакою на душы ў Паўлюка, зноў перад вачыма стала тоўстае палена, воз дроў, аб'ездчык, камора.
- Хiба ты скрозь зямлю правалiшся! Будзеш ты ў мяне помнiць гэтае палена: бокам яно табе вылезе, - гаварыў сам сабе Паўлюк, згортваючы руку ў кулак.
Невясёлыя думкi насiлiся ў Паўлюковай галаве. I навокал было так нярадасна i непрыветна, як у Паўлюка на сэрцы. Дзьмуў халодны вецер, змятаў з узгоркаў снег i агаляў пясчаныя iх скаты. Дзе-нiдзе ў полi на межах стаялi адзiнокiя iгрушы i сiратлiва махалi сваiмi голымi галiнамi, пацёпваючыся*, як пажылыя кабеты, на холадзе. Там i сям параскiдалiся па полi каменнi, як свiннi, i маўклiва ляжалi i мерзлi на марозе.
* Пацёпваючыся - уздрыгваючы.
- Iм усё роўна, цяпло цi холад. Скацi iх на загон, - будуць ляжаць на загоне, нiкому не пажаляцца на сваю долю, -думаў Паўлюк, пазiраючы на гэтыя каменнi.
Маладыя хвойкi рэзка выдзялялiся сваiмi зялёнымi вярхамi на снежным полi i гультаежлiва падымалi i апускалi свае непаваротлiвыя лапы, усё роўна як за каўняром iх нешта кусала. Дарога, iдучы ў лес, станавiлася гладкай i роўнай. Конiк весела пырхаў i рэзва перабiраў сваiмi тоўстымi нагамi. Аднатонны шум лесу закалыхваў памаленьку Паўлюковы думкi i супакойваў яго душу. Паўлюк дастаў кiсет, падарунак жонкi, як яна яшчэ была дзяўчынай, люльку, выкрасаў агню i закурыў. Сiняваты дымок уздымаўся клубочкамi па свежым паветры i борзда прападаў, а разам з iм прападалi i трывожныя думкi.