Кузьма Черный - Вечар (на белорусском языке) стр 2.

Шрифт
Фон

Па майму вылiчэнню, iх у цябе хвацiць на дзве гадзiны, дык ты, што робячы, iх выплач, а я да таго часу вярнуся, i зоймемся мы з табою тады якою iншаю справаю.

- Няхай ты не вярнiся, - скрозь слёзы адказала жонка, i сталяр весела ляпнуў дзвярыма.

Зараз жа яго барадатая i трохi сагнутая постаць паказалася на двары. Ён пастаяў на адным месцы, пасвiстаў трохi на раннi асеннi месяц i пайшоў за вароты.

Жонка яго плакала. Выцiраць яе слёзы, так як i заўсёды, з'явiўся Юзiкаў Юзiк - хлапчук-падшэрак, засморканы i з пасiнеўшым ад холаду носам. За дзень ён апалераваў некалькi разоў увесь горад, зарабiўшы на гэтай справе рознымi хiтрасцямi i штукамi чатыры капейкi, а гэта шмыгануў скоранька з сваiх цёмных сяней i падбег па мокрай зямлi да сталяровых дзвярэй.

- Плача, лiха ёй, - рашуча сказаў ён, хiтра падмаргнуўшы гнiлому слупу, што падпiраў сталярову сцяну.

I тут жа, адскочыўшы на сярэдзiну двара, ён задзёр голаў угору i закрычаў, наколькi хапала дзiцячых сiл:

- Тараны смажаныя, па капейцы штука.

I раптам драпануў назад у цёмныя сенi i ўжо адтуль, з неабдымнай радасцю свайго маладога жыцця глядзеў на сярэдзiну двара. Хутка з свае кватэры выбегла сталярыха i, забыўшы свае глыбокiя трагiзмы, памчала сваё дзябёлае цела ў вароты. На вулiцы было пуста, толькi барабаншчык вайсковага аркестра плiшчыў некуды на жываце барабан. З вялiкiм расчараваннем, агледзеўшы пустую вулiцу, сталярыха паволi ўжо пайшла назад. На момант яна стала процi акна Вiктара Зенiча, каб запытаць у яго:

- Не чулi? Здаецца, смажаныя тараны прадавалi. Хацела купiць - якраз нешта галава балiць.

- Не, не чуў, - з лёгкай усмешкай адказаў Вiктар Зенiч.

- Што гэта за кавалер, калi ён не чуў, як смажаныя тараны прадавалi, тонам мудрай настаўнiцы абазвалася сталярыха i, зноў гатовая заплакаць ад глыбокай крыўды, пайшла да сваiх дзвярэй; але заплакаць ёй ужо не ўдалося перад самымi дзвярыма спаткалася яна з газетчыкаваю дачкою, i пачалi яны гаварыць аб тым, якая фальбона харашэй у спаднiцы - шырокая цi вузкая...

Зусiм ужо лажыўся вечар.

II

Цiха было на зямлi. I можа ад таго i радасна, што было цiха, бо трэба было адпачываць усёю iстотаю. Густы змрок ляжаў у пакоi, i ўжо неба праз акно здавалася зялёна-цёмным бяздоннем, а зямля не так звала ўжо ў свае нязмерныя абшары. Далёка на ёй ужо злiлiся цёмныя абрысы з небам. Зышоў дзень, i рос вечар.

У напружанай цiшы раптам пачала расцi вастрата пачуццяў i думак. Але думкi былi вельмi ўтомлены цяжкай работай за дзень, i не мяшалi яны яшчэ больш вырастаць пачуццям. Пачалi праходзiць ва ўсёй iстоце пражытыя днi. З'яўляўся ўвушшу гром горада i гаворкi людзей, то раптам тонкасцю выбухалi недзе з сэрца адносiны з людзьмi, а то ўсё калi-небудзь чуванае, бачанае, перажытае на момант знiкала i пасля зноў раптам з'яўлялася, як усё разам адно цэлае, скамбiнаванае ў нешта гарманiчнае i як бы вельмi патрэбнае для чалавека. I ўяўлялася, што гэта ўвесь свет вiдзён перад чалавекам, што адчуванне яго як бы сваволiць у душы, бо не гэтак трэба; а можа яно i iначай трэба, i каб стала iначай, то таксама не парушыла б гармонii душы, бо ў той дзень так здарылася, што не выплывала наверх у Вiктара Зенiча мяжа радасцi i смутку, а была ўвесь дзень цяжкая работа, што забрала пад сваю ўладу ўсе думкi, i цяпер быў адпачынак.

От так, сядзець i адчуваць.

Многа бачылася свету, а колькi яшчэ бачыцца будзе. Можа зямлi i мала за жыццё было пройдзена, ды многа было пройдзена чалавечых душ. А чалавек гэта ж свет, адна iстота - неабхватны прастор, i разглядай яго, калi ўмееш.

Бо быў дзень спакойны, дык такi вечар...

I раптам за сцяной, ужо за другою, не там, дзе плакала сталярова жонка, упала ўсё, i з'явiлася бяздонне. Нешта пачало гаварыць аб нечым усяму свету, i на першых хвiлiнах не ўявiлася, аб чым гэта яно гаворыць. Яно раптам раскiдала ўжо цвёрда сфармаваны парадак настрояў i пачало iх збiраць нанава, ачышчаючы новыя глыбiнi i ўзнiмаючы новыя жаданнi i iмкненнi.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Похожие книги