I як было не любiць яе, калi яна так уважна, так прыветна вiлася мiж карэннямi!
- Вось у каго трэба вучыцца вадаспаду, гэтаму балбатуну, млыну пустому, казала старая бярэзiна, выгнуўшыся над рачулкай.
- Праўда, - падхоплiвалi хвоi, - дзецi як бы адных бацькоў: i там вада, i тут вада, а нораў не той.
- А можа, не ўся вада аднакая, - уставiў сваё слова высачэзны вяз, - i не заўсёды ў яе роўны нораў? Цi не ўрода тут мае галоўную сiлу? Тады няма чаго раўняць вадаспад, ну, хоць бы з нашай рачулкай. Можа, каб налiў у яе вады з вадаспада, дык i яна зверам загула б.
Дрэвы змоўклi i задумалiся: а можа, i праўда? Крыху паразважаўшы, зноў зашумелi яны, шукаючы пачатку i канцоў, i не маглi iх знайсцi.
- Скажы ты нам, рачулка, разваж нашу спрэчку, - звярнулiся дрэвы да рачулкi, - чаму ты такая ўважная, такая спакойная, што сэрца цешыцца, пазiраючы на цябе, а чаму вадаспад такi ганарысты, такi надзiманы? Ёсць у цябе што-небудзь супольнага з вадаспадам? Адна ў вас натура цi не?
Рачулка ледзь-ледзь здрыганулася.
- Ведаеце, мае мiлыя: часта бывае так, што праўда часамi кладзе непраходную сцяну мiж найлепшымi сябрамi.
- Затое ж праўда i раскiдае гэтыя сцены! - сказаў стары дуб.
- Так... Ну, калi вы ўжо так хочаце, дык скажу вам, толькi ж не крыўдуйце: я - частка таго самага вадаспада! Справа ж уся ў тым, што калi сiла высока забiраецца ўгору i яе там набiраецца дужа многа, дык яна можа прычынiць вялiкую шкоду, калi даць ёй поўную волю i не паставiць у пэўныя межы. I нiхто няхай не забывае, што ён частка вялiкай прыроды.