Наступнага дня Агата Кокс чакала Віталя Рыжкова і сваю былую аднакласніцу Марыю Пушкіну, якая скончыла філфак БаранДУ і цяпер працавала ў Варшаве майстрам па манікюры, у нейкім богам забытым раёне Варшавы напрыклад, у Жалібожы.
Агата чакала, бо вырашыла завязаць з відэа для дарослых. Па-першае, плацілі ўсё меней, па-другое, хаця дактарат па Хайдэгеры адвучвае мысліць пра штосьці апроч дазайну, яна ўсё ж пачала ўсурёз задумвацца, ці не выйсці замуж, каб нарадзіць маленькіх порназорачак. Праз гэта ўсё Агата ўладкавалася на тэлестудыю весці праграму «Першае спатканне». З героямі была праблема, таму яна і запрасіла Віталя і Пушкіну.
Шоу здымалі для «ТВ Культура», і трэба было не проста паказаць прыдуркаватага мужчыну і жанчыну з доўгімі нагамі ў кадры, але і дадаць інтэлектуальнай праблематыкі. Таму замест павільёна выкарыстоўвалі кебабную. Агаце дагэтуль здавалася, што ўласнік худы араб, які ўвесь час бурчаў штосьці ў гарнітуру, так і не зразумеў, хто яны такія і чаго штотыдзень мікрафонамі кебабы акалочваюць.
Уласніка папрасілі працерці стол, знялі некалькі планаў з кавалкамі лаваша на падлозе, а пасля пасадзілі араба на высокае крэсла, на якім ён працягваў бурчаць нешта па блютузе ў вуху. Кадры былі патрэбныя, каб нарабіць урэзак з іранічнымі тытрамі. Пра што гаспадар гаворыць, здымачная група не ведала.
Пасля знялі сцэну, як Марыя Пушкіна ў сукенцы з прынтом марозіва уваходзіць у кебабную. Асабліва рэжысёру спадабалася, як дзяўчына мыском чаравіка адкідае з падлогі пад стол паперку з надпісам «Queen кебаб».
От гэта шавуха-рэалізм, сказаў аператар. Мы як бы паказваем антысанітарыю ў душы самотнага чалавека. А ён ужо замаўляе кебаб.
Што ж ты нясеш? сказаў асвятляльнік. Ты ж проста прывёў дзяўчыну ў нейкую сральню.
Гэта праўда, сказаў аператар. Але не была б яна галодная, яна сюды не прыйшла б.
Марыя, якая добра чула ўсю гэтую размову, захацела збегчы, але Агата трымала яе за руку.
Давай, замаўляй, сказала Агата сяброўцы.
Марыя злосна паглядзела і на порназорку, і на здымачную брыгаду, і на араба за стойкай.
Мне на тоўстым цесце пачала яна.
Любіш тоўстыя? запытала порназорка.
Марыя збянтэжылася.
Тады на тонкім
Любіш калі шаўрма доўгая і круглая?
Марыя не вытрымала і, хоць сяброўка трымала яе за руку, вырвалася, выбегла вонкі, грымнуўшы дзвярыма. Агата пайшла за ёй.
І чаму яны заўсёды так збягаюць? запытаў рэжысёр у прадаўца.
Нэ знаць, брат. Нэ знаць. адказаў араб.
Хвілін праз дзесяць Агата вярнулася з Марыяй.
Мне на тоўстым цесце з баранінай, сказала Марыя арабу, але аператар быў не гатовы і давялося перазняць.
Марыя села за стол, да яе далучылася Агата.
Марыя, чаго ты чакаеш ад гэтага спаткання? запытала порназорка ў сяброўкі.
Чакаю ўжо, калі можна будзе адсюль сысці.
Гэта таму што кебабні глыбока чужыя польскай культуры?
На шчасце, дзверы зазвінелі у памяшканне зайшоў Віталь Рыжкоў, і Агата пераключылася на яго.
Віталь, сёння ў вас спатканне ўсляпую. Хто вам больш падабаецца: нейкая манікюрка або я?
Рэпер ужо адкрыў быў рот, каб адказаць, але заўважыў, што яго здымаюць, і задумаўся, ці варта наогул у гэтым удзельнічаць.
Брат, ты замаўляй, сказаў яму араб. Бо іначай яны паесці не дадуць.
Выбраўшы ежу, Віталь агледзеўся: столік быў адзін. І ён прысеў да Марыі.
Нарэшце, скзала Агата. Нашы героі ўзядналіся. Выцягвай, звярнулася яна да асвятляльніка.
Мужчына ўзяў з торбы два келіхі, паставіў іх на стол.
Марыя, чаго б вы хацелі выпіць?
Белага паўсухога, лепш італьянскага, адказала дзяўчына.
У нас толькі сапліца, але яна ружовая, асвятляльнік пачаў напаўняць кубкі.
Віталь, скажыце, вам падабаецца Марыя?
Так, адказаў Віталь, паглядзеўшы на порназорку як на хворую.
Агата паглядзела на Віталя, на Марыю, зноў на Віталя.
Ладна, сказала порназорка. Давайце абмяркуем актуальныя пытанні культуры. Марыя, скажыце, ці можна было размясціць на самай высокай скульптуры Хрыста вай-фай перадатчыкі?
Я не ведаю. Я пра гэта ніколі не думала, адказала дзяўчына. Я думала, што тут першае спатканне.
Віталь, а што вы думаеце пра вырубку Белавежскай пушчы?
Можна я шаўрму забяру?
Кухар сапраўды акурат прынёс шаўрму і падаў яе Віталю і Марыі. Госці ўзялі ежу, а аператар пачаў здымаць то яго, то яе, падносячы камеру да самых твараў.