Цімур не раз і не два ўздымаўся на тэрыконы такая малечая забава. Калі табе дванаццаць і ты хочаш давесці, што ты ўжо дарослы, ты збягаеш на чатыры гадзіны з дому і забіраешся на тэрыкон. Там было прыгожа, бачна ўсю Беларусь. Не Беларусь, натуральна, але так здаецца, так кажа Уладзька з чацвёртага дома. Ён кажа: «Вось яна уся Беларусь», і ты яму верыш. А калі зваліцца, пакаціцца, зламаць руку ад болю ты ўжо дакладна ўсю яе ўбачыш. Цімур не падаў, але падаў яго сябар. Самому Цімуру проста надраў азадак чарговы сябар ягонай мамы. Але Хоміч не шкадаваў, што залазіў на гэтыя верхавіны: там захоплівала дух. Калі табе дванаццаць і ты бязбацькавіч з Салігорска, нічога настолькі ж захапляльнага ўбачыць ты ў любым разе не зможаш.
На тэрыконах было прыгожа, а пад зямлёю ён адчуў сваё прызначэнне, адчуў, што існуе для таго, каб дапамагчы людзям узняцца з-пад зямлі. Там ён сціснуў кулакі да болю і паабяцаў сабе: нішто і ніколі не спыніць яго. Аднойчы ён зробіць так, каб людзі ўзняліся на паверхню. Калі сам ён не дажыве да гэтага дня, прынамсі, ён пакладзе жыццё на тое, каб гэты дзень наблізіць.
Цімур слухаў. Перад тым, як па яго прыйшоў брат, яму пачало здавацца, што ён чуе, як падземная рака коціцца між камянёў па рэчышчы, якое яна праклала сабе ў пародзе. Рака заліла руднік праз некалькі месяцаў.
Хутка Хоміч паступіў у кулінарнае вучылішча, але замест кніг пра здаровую і смачную ежу ён чытаў Маркса: даўно памерлы мысляр разумеў жыццё лепш, чым выкладчыкі па запяканні бульбы ў чыгунках. Ён ніколі іх не слухаў, не запісваў за імі, рабіў не так, як казалі яны, а так, як было напісана ў Маркса, выкладчыкі ставілі двойкі, але аднагрупніцы глядзелі на стравы Хоміча з зайздрасцю: кожная разумела, што Хоміч робіць з бульбай штосьці тагасветнае, у іх цякла сліна ад таго лёсу, які быў наканаваны аднагрупніку. Іх фарбаваныя ў руды галовы з буйна намаляванымі стрэлкамі разумелі: Хоміч не запякае бульбу і не варыць яе ён змяняе жыцьцё, асвятляючы іх аўдыторыі дагэтуль невядомымі смакамі.
Хоміч браў бульбіну, расціскаў яе на паверхні стала магутнымі рукамі, дадаваў цыбулю, соль, перац, змешваў усё і смажыў дранік калі з алеем, а калі і без алею. Выкладчыкі лаяліся апошнімі словамі, абяцаючы, што ён выйдзе з вучэльні з дванаццатым разрадам, а ён толькі пасміхаўся ім у вочы адзін Цімур ва ўсім Салігорску ўмеў кухарыць.
Атрымаўшы дыплом і сёмы разрад, Цімур устаў на трасе, прагаласаваў і паехаў у Менск. Выйшаўшы на вакзале, ён пакіраваў проста ў сталоўку, у якой абедалі пасажыры і чыгуначнікі. Перад дзвярыма ў цэх Цімур надзеў белы халат, які прывёз з сабой, закруціў валасы белай банданай, адсунуў загародку з надпісам «Толькі для персаналу» і пачаў шчыраваць.
Ты ідыёт, сказаў яму напрыканцы змены шэф-кухар. Яно толькі так здаецца, што мы кормім людзей, насамрэч мая галоўная задача скрасці семдзесят адсоткаў інгрэдыентаў. Вучылі цябе гэтаму?
Чаму там вучылі ў вучэльні, Цімур помніў слаба, але добра помніў, што дзеля прыбытку ў трыста адсоткаў капітал ідзе на любое злачынства. «Не пашчасціла», падумаў Хоміч і вырашыў заўтра ўладкавацца ў шыкоўную рэстарацыю, калі ўжо са сталоўкай не атрымалася. Ён заначаваў пад мостам у скрыні з-пад лядоўні «Атлант», паклаўшы галаву на каробку ад ботаў «Белвест», а зранку пайшоў бадзяцца па сталіцы нашай Радзімы, шукаючы рэстарацыю, у якой бы ацанілі яго здольнасці.
Пастойце, сказаў Андрэй Куціла. Гэта ўсё вельмі цікава, але ці васпан упэўнены, што ўсе прысутныя гатовы даслухаць гісторыю Цімура да канца ў такім павольным тэмпе?
Віталю Рыжкову не заставалася нічога іншага, як пагадзіцца з гаспадаром вечара: госці сапраўды пачыналі пазяхаць і піць кожны сам па сабе. Дамовіліся, што Віталь дараскажа гісторыю Цімура іншым разам, а можа, нават, запіша пра гэта трэк. Госці сядзелі яшчэ доўга і разышліся, толькі калі ўжо ўзыходзіла сонца. Увесь гэты час капітан Капейкін стаяў пад вокнамі кватэры і прыслухоўваўся, ці не размаўляюць госці пра яго альбо Цімура, але чуўся яму толькі раўнамерны гул.
Калі Агата Кокс выходзіла з кватэры, пакаёўка, якая падавала ёй плашч, зрабіўшы кніксен, нахілілася і штосьці сказала на вуха. Порнаакторка вельмі здзівілася. Напэўна ж, пакаёўка ведала нешта пра Цімура, чаго не хацела казаць пры ўсіх.
Наступнага дня Агата Кокс чакала Віталя Рыжкова і сваю былую аднакласніцу Марыю Пушкіну, якая скончыла філфак БаранДУ і цяпер працавала ў Варшаве майстрам па манікюры, у нейкім богам забытым раёне Варшавы напрыклад, у Жалібожы.