Як было яму сем гадоў, прыйшоў на паседжанне райсавета і ўсіх кайлом разагнаў! Бо не хацелі нам грэйдарам дарогу параўняць! Яго тады паставілі на ўлік у дзіцячы пакой міліцыі. Мне Адка з Гэлькай: «Хуліган-хуліган!» А я: «Не, кажу, ніякі не хуліган пацярпеў за перакананні. Самі вы, кажу, не пагналі б іх кайлом, калі б сілы былі?» Што яны адкажуць канешне, яны пагналі б кожнага гэнага дэпутата кайлом, на халеру яны патрэбныя, гэныя дэпутаты, як не могуць каня нам даць і нават грэйдарам дарогу параўняць? Гарадскія ездзяць скрывілі дарогу, а Марэка праз гэта ў пакой міліцыі на ўлік? Дзе справядлівасць, га?
І гледачы (мы то-бок): «Ага, намячаецца класічны канфлікт героя з грамадствам, рост і буянне змагара. Бач ты, малы-малы, а ўжо райсавет кайлом разагнаў. І такі ўжо як бы гонар бярэ за гэтага Марэка: пакуль мы пясок жэрлі і ў дупе калупаліся, чалавек быў заняты рэальнай справай да яго гэты райсавет толькі дывізія СС разагнала, як на Менск ішла, а ён ад гаршка метр, а даў рады. Нават думаеш, можа, гэта Зянона ўнук які?»
Тут давай нейкіх дзевак паказваць: ідуць баб шэсць па вуліцы, вазочкі вязуць. І мы ўжо: такі во кабяліна, шэсць дзевак і ўсе вазочкі вязуць. Проста Рока Сіфрэдзі з-пад Глыбокага. Ну і дзеўкі не расчаравалі. Сапраўды, не даваў нам праходу, не даваў, як быў малады, то толькі хаваліся ад яго пасля дыскатэкі, ледзьве паспявалі ўрассыпную разбягацца.
Зноў хата з бабкай, яна далей распісвае, які ўжо гэты Марэк яе добры. І райсавет разагнаў, і вучыўся на адны пяцёркі, і па фізкультуры заўсёды бегаў на лыжах, нават выйграў гонку пераследу. Але кадр змянілі. Шэры двухпавярховы будынак (як турма, толькі аўтаматчыкаў не хапае), адразу бачна школа. Раз баба з тытрам «Ядвіга Браніславаўна, першая настаўніца». І яна бабку падтрымлівае: «Не тое, што вучыўся, яшчэ і мяне павучаў. А што я зраблю? Ён жа спартсмен, баксёр-разраднік. А на камянях як рабіў, як рабіў! Толькі прыйдзе разнарадка клас на камяні адправіць ён першы ў разоры, яго і прасіць не трэба і ўпрошваць, возьме толькі каша і парачкаваў-парачкаваў трактары за ім не паспяваюць.
А як звязуць тое каменне да кароўніка, ён туды ўночы яшчэ прыйдзе і з тых камянёў вежу збудуе. Так да адзінаццатага класа цэлы замак зрабіў гэта жарт вам, ці што? Можа, той замак і цяпер стаяў бы, але прадсядацель загадаў разабраць і яшчэ адзін кароўнік змураваць».
Гледачы ажно зажмурыліся і вочы рукамі прыкрылі, а хто быў жаночага полу, крыху і войкнуў, бо псіхатып Марэка нам усім быў ясны: дурань кручаны. Мы ўжо думалі, усё, прадсядацелю таму кішкі выпусціўшы быў і цяпер матае першы тэрмін разам з хлопцам, які ў Менску людзей бензапілой парэзаў.
Не, аказалася, прадсядацель таго Марэка ацаніў (абы-каго ўсё ж прадсядацелем калгаса не паставяць, крыху ў псіхалогіі разбіраецца той прадсядацель). Во і яго самога паказваюць. Такі дзядзька самавіты. Худы, праўда. Вылез з «Рэндж Ровера» і пайшоў у кароўнік. Аператар за ім бяжыць. А дзядзька спыніўся, паглядзеў на захад сонца, на боты свае лакавыя і кажа грозна:
Вы ж самі ўсё разумееце.
І мы, гледачы то-бок, як бы ў разгубе: «А як жа абвёў той прадсядацель Марэка вакол пальца?» Тут і разгадка шыльда казённая буйным планам. Мы спачатку падумалі: «Ясна, пасадзілі змагара прэвентыўна», але чытаем шыльду, а там напісана: «Гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта». Мы ад задавальнення аж кракнулі, як тая качка, бо гэта было псіхалагічна даставерна і гіперрэалістычна: такому псіхапату адна дарога на гістфак.
І ўжо інтэрвю з выкладчыкамі. Кажуць, так, на археалагічнай практыцы не было роўных і ў бібліятэчнай справе. Выдатнік, чырвоны дыплом гонар факультэта, за БДУ ў шахматы і шашкі гуляў першае месца ва ўсім. Дык ясна, што такі дужы ты паспрабуй усюды пахадзі ў латах, у шаломе і з мячом на поясе. Тут мы нічога не зразумелі спачатку, але пасля пачалі фотаздымкі паказваць і раз-пораз відэаролікі.
Во практыка археалагічная, мужыкі ў майтках, бабы у купальніках, толькі Марэк у латах і з рыдлёўкай, у зямлю сышоў па плечы, хутка да скарбаў ВКЛ дакапаецца. А во бібліятэка: усе ў акулярах, Марэк з вядром на галаве, ну не з вядром, а ў шаломе, але лепш бы з вядром, клянуся. І тут мы як бы ўжо да канца зразумелі, што адна яму была дарога на гэтым свеце у аспірантуру, а пасля у выкладчыкі, бо ў школу да дзяцей такога не пусціш. Можа, трыста нам фотаздымкаў паказалі, можа, чатырыста, яны яшчэ выязджалі ў кадр так прыгожа то злева, то справа. І ўсё герой у цэнтры, а калі не ў цэнтры чырвоным фламастарам абведзены. І ўсюды ў латах сваіх і з вядром на галаве, нават піў у вядро гэтае і еў туды ж. Не сагнуць такога чалавека крывіцкая Пагоня, а не чалавек.