Андрэй С. Адамовіч - Песня пра Цімура. Carmen de statura feritate ac venatione Timuris стр 11.

Шрифт
Фон

Але я вас ведаю, як звараны бурак: пачнеш з вамі пра сурёзныя рэчы, а з вас скура злупіцца  і ўсё сваёй чырвонай цікаўнасцю павымазваеце. Што там такога ў тым фільме было, дый чаго рэжысёр так праз той партрэт разюшыўся? Чаго разюшыўся  то ясна, як напрамілы хлеб і на халодную рэйку шчакою прылегчы ў гарачы поўдзень,  проста не любіў, калі парушаецца аўтарская задума (а вы ж ведаеце, якое ў рэжысёраў жыццё: прыйдзе прадзюсар, улезе ў мантаж  і «давай-давай, хэпі энд мусіць быць, а драмы дадаць, а пакажы крытыка ўсяго ў белым, а тут трэба маю дачку ў галоўнай ролі»). Вось і разюшыўся рэжысёр, што брудным партрэтам лезуць да яго ў глыбіню рэзкасці.

А фільм вырашылі заўтра яшчэ раз пераглядзець. Але я на заўтра адкладваць не буду, зараз вам караценька перакажу, што ў тым фільме, як было і чым скончылася.

ЧОРНЫ РЫЦАР

Адразу ў кадры зявіўся мужык. І давай плакаць: «Што мне рабіць, што рабіць? Так я ўжо змарнаваўся і замучыўся, як у гэтага класіка французскага». Глядзіць кудысьці ўверх, у столь, ці што? Камера столь паказвае  там нібыта нічога цікавага. Мужык зноў: «Як гэтага француза, га?» А сам плача. Раптам з-за кадра хтосьці кажа:

 Войтэк, ды не ўбівайся так праз гэтага француза, ну забыў, як зваць, з кім не бывае.

Мы як бы даведаліся, што ў кадры плача Войтэк. А ён толькі мацней румзае і галосіць, а сам сядзіць у гарнітуры-тройцы, не раўнуючы прэзас правай партыі, ці, можа, натарыус, ці, на благі канец, прадсядацель райспажыўчага саюза. У гледачоў не-не дый узнікне думка: «Вось бы гэтага Войтэка ды на хаўтуры да Нюркі Парасінай сына, калі таго газавым балонам забіла, во гэта быў бы нумар! Нюрцы ўсе бабкі зайздросцілі б  то праўда, такі ўжо дзе плакальшчык, не ўзгадаю нават, каб такія ў каго на пахаваннях былі. Галоўнае, апрануты так густоўна». Гледачы ўжо прыцэньваюцца: «Вось Адэлька хутка коні дзвіне, ужо яе выпісалі з больніцы  паміраць, напэўна. Дык як бы гэтага Войтэка ды і выпісаць бы нам на вёсачку пагаласіць, колькі ён возьме? Усё ж мужчына такі відны».

 Рабле!  падказвае хтосьці з-за кадра Войтэку.

Войтэк толькі галавой пакруціў: не, не Рабле. Гледачы ўжо думаюць: «Нічога сабе, які таленавіты, вось бы ён гэтак матнуў галавой  маўляў, на каго ж ты нас, Адэля, пакінула, што мы без цябе і як? Цьху з носу і падэшвай зацерці мы без цябе. І гэта адной мімікай!»

 Луі дэ Фюнэс!  ужо жаночым голасам падказваюць, і такім яшчэ паскудным, нібы на пахаванне суседчына ўнучка прыйшла гарадская і смешна ёй, як бабы надрываюцца-плачуць, а ім, можа, і самім не сумна, але грошы ўплочаны. Ты ж чакаеш, што iPhone працавацьме як мае быць, а не так сабе, бо грошы ўплочаны. Каб зняць дупу ў люстры і адразу шэсць мужыкоў у дырэкт напісалі, во і мы так  мы, можна сказаць, iPhone ад свету плакальшчыкаў, Instagram пахавання  гарантыя два гады па ўсім тагасвецці.

Пачуў Войтэк пра Луі дэ Фюнэса, і на секунду ў яго на твары як цень прайшоў,  але стрымаўся, пахітаў галавою і далей плача. Адразу бачна, прафесіянал: дзе на яго залезеш  там з яго і злезеш.

А за кадрам у некага ажно нервы здаюць, быццам у алкаголікаў на хаўтурах: маўляў, калі ўжо выпіваць будзем, затрахалі вы галасіць.

 Дык пра што пісаў твой француз?  крычыць нехта.  Пра каханне ці пра што?

Войтэк замаўчаў і проста ў камеру паглядзеў.

І адразу тытры, то-бок пачаўся фільм. Рэжысёр  Андрэй Куціла, мантаж  Андрэй Куціла, і далей яшчэ дваццаць тры разы ўсё «Андрэй Куціла» і «Андрэй Куціла», і толькі пазней  назва фільма вялікімі літарамі: «ЧОРНЫ РЫЦАР».

Скончыліся тытры  і паляцелі буслы, але не сапраўдныя, а маляваныя такія, нават крышачку, але захацелася прылегчы і паспаць, як калыханку паглядзеўшы. Ляцелі-ляцелі гэтыя буслы, разляцеліся  а мы ў хаце вясковай. Бабка сядзіць. Гледачы аж падскочылі на месцах. «Ого,  думаюць,  то во гэтая бабка зараз да Абрама на піва, а сваякі  да Войтэка: А за сто еўра паплачаш? А Войтэк такі: Вы што, хочаце сказаць, што так нізка цанілі нябожчыцу? У мяне адзін гарнітур тры тысячы еўра і дзесяць гадоў практыкі, з такімі прапазыцыямі папрошу да дупы». І толькі нам усім прымроілася гэтая драма паміж попытам і прапановай, як пачала бабка казаць:

 О, Марэк! Марэк заўсёды быў такі сурёзны дзіцёнак. З самага малалецтва.

А гледачы такія: «Ого, новыя часы  новыя героі. Марэк нейкі Што за Марэк?» А бабка фотаздымкі паказвае на тэлефоне, але яны як бы не ў рэзкасці. Кшталту, вось ён Марэк. Мы задуму рэжысёра хутка раскусілі  сутыкнуў ён традыцыі і сучаснасць: бусла з ультрагукам, мікрахвалёўку з калодзежам,  такое штосьці.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3

Популярные книги автора