Мопассан Ги Де - Прыгода Вальтэра Шнафса (на белорусском языке) стр 3.

Шрифт
Фон

Яму пачало пазяхацца, успамiны пра кiлбасу, добрую салдацкую кiлбасу наганялi поўны рот асцы; у страўнiку шчымела.

Ён устаў, прайшоў некалькi крокаў, але адчуў вялiкую слабасць у нагах i зноў сеў, каб падумаць. Яшчэ гадзiны дзве цi тры ён узважваў усе за i супраць, сто разоў мяняў рашэнне, адчуваў сябе няшчасным, змагаючыся з сваёю нерашучасцю, i зноў пакутаваў ад самых супярэчлiвых довадаў.

Нарэшце яму прыйшла, здаецца, лагiчная i разумная думка - дапiльнаваць на дарозе адзiнокага вяскоўца, у якога не будзе нi зброi, нi якой-небудзь небяспечнай прылады працы, кiнуцца да яго i як мага даходлiвей растлумачыць, што ён здаецца.

Ён зняў каску, шышак якой мог яго выдаць, i з вялiкаю засцярогай высунуў галаву праз дзiрку ў сваiм сховiшчы.

Нiдзе, да самага далягляду, не было вiдаць нiводнай жывой душы. Справа стаяла вёска, над стрэхамi хат у неба падымаўся лёгкi дымок - гатавалi ежу! А злева па-над верхавiнамi дрэў, пасаджаных абапал шырокага гасцiнца, узвышаўся вялiзны замак з вежамi па баках.

Ён чакаў да самага вечара, страшэнна пакутуючы ад голаду, але бачыў толькi варон i чуў толькi глухое бурчанне ў пустым жываце.

I зноў над iм згусцiлася ноч.

Ён зашыўся глыбей у сваёй схованцы, лёг на зямлю i заснуў. Усю ноч яго калацiла, нiбы ў лiхаманцы, яго даймалi кашмары - гэта быў сон галоднага, спакутаванага чалавека.

Над галавой пачынала займацца на новы дзень. Ён вярнуўся на свой назiральны пункт. Але, як i ўчора, у палях было пуста; i розум Вальтэра Шнафса працяў новы жах - жах памерцi з голаду! Ён ужо бачыў: вось ён ляжыць на дне гэтай канавы, на слiне, з назаўжды заплюшчанымi вачыма. I звяры, усялякiя маленькiя звярочкi збягаюцца да яго трупа i пачынаюць яго раздзiраць, грызуць, лезуць пад адзенне, каб адкусiць яшчэ адзiн кавалак халоднага цела. I вялiзны чорны крумкач дзяўбе яму вочы востраю глюгай.

Ён прыйшоў у страшэнную роспач, яму здавалася, што ён зараз страцiць прытомнасць ад слабасцi, што ён ужо нiкуды адсюль не здолее пайсцi. I ён быў гатовы ўжо кiнуцца ў вёску, пайсцi на ўсё, адважыцца на любы самы дзёрзкi ўчынак, калi заўважыў трох сялян, якiя iшлi ў поле з косамi на плячы, i зноў прытаiўся ў сваёй нары.

Аднак, калi вечар ахiнуў раўнiну цемрай, ён марудна вылез з рова i, скурчыўшыся, баязлiва, са сцiснутым ад жаху сэрцам рушыў у дарогу. Ён iшоў да далёкага замка, бо лiчыў, што лепей зайсцi туды, чым у вёску, якая здавалася яму небяспечнейшай за тыгровае логава.

У вокнах на першым паверсе гарэла святло. Адно з iх было нават адчыненае, i з яго струменiўся моцны пах смажанага мяса, якi адразу ўдарыў Вальтэру Шнафсу ў нос i працяў аж да самых вантробаў. Вальтэр Шнафс пачаў задыхацца, усё ўсярэдзiне ў яго напялася, пах уладна вабiў да акна, напаўняў яго сэрца адчайнаю адвагай.

Ён бяздумна кiнуўся наперад i нечакана, з каскай на галаве, узнiк у акне.

Вакол шырачэзнага стала за абедам сядзела восем чаляднiкаў. Але раптам адна з пакаёвак знерухомела, шклянка выпала ў яе з рук, i вочы ўтаропiлiся ў адну кропку. Усе погляды павярнулiся ў той бок!

Усе заўважылi ворага!

Божачкi! Прусакi аблажылi замак!..

Спачатку пачуўся толькi крык - восем галасоў на розны лад злiлiся ў адзiны роў, поўны пачварнага жаху i страшэннага спалоху; потым усе разам ускочылi, пачалася мiтусня, штурханiна, чаляднiкi беспарадкава кiнулiся да дзвярэй. На падлогу ляцелi крэслы, мужчыны штурхалi жанчын, тыя падалi, мужчыны прабягалi па iх наперад. У iмгненне вока пакой быў пусты, пакiнуты, i перад здзiўленым Вальтэрам Шнафсам, якi па-ранейшаму стаяў каля акна, застаўся толькi стол, устаўлены рознымi стравамi.

Яшчэ некалькi секунд Вальтэр Шнафс стаяў нерашуча, потым пералез цераз падаконнiк i рушыў да поўных талерак. Ад лютага голаду яго трэсла, нiбы ў лiхаманцы, але страх яшчэ стрымлiваў яго, скоўваў яго рухi. Ён прыслухаўся.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Похожие книги

Популярные книги автора