Глебус Адам - Дамавикамерон (на белорусском языке) стр 23.

Шрифт
Фон

Але ж i мацi i жонка нiчога не ведалi. А каханка маўчала. Потым пайшлi чуткi, але ўсе яны разбiвалiся аб тэлефоннае "ў камандзiроўцы". Нарэшце адзiн з аднакурснiкаў здагадаўся затэлефанаваць у морг, дзе яму прапанавалi прыехаць i апазнаць Нябожчыка. Ён апазнаў i ўзяў на сябе ўсе пахавальныя клопаты. Гэты аднакурснiк працуе разам са мною, i адпаведна мне давялося сёе-тое яму дапамагчы, ну, напрыклад, я "дастаў" каньяк, бо цяпер на памiнкi ўсе ходзяць са сваёй бутэлькай. Вось так я апынуўся за жалобным сталом, за якiм даведаўся, што Нябожчыка забралi ў морг з майго дому, бо я жыву якраз на вулiцы Багдановiча ў доме 55 i кватэра 200 знаходзiцца ў суседнiм пад'ездзе.

З памiнак я вярнуўся позна i адразу лёг спаць. Прачнуўся я пасярод ночы, бо пачулася, як нехта гучна назваў маё iмя. Я расплюшчыў вочы i ўтрупянеў. За акном нехта стаяў. Цёмны расплывiсты твар ляжаў на шчыльна завешаных шторах. "Дзякуй, што прыйшоў памянуць маю душу", - даляцела з-за акна. Каб я жыў, як i раней, на першым паверсе, я падумаў бы, што гэта дурны жарт якiх-небудзь падпiтых знаёмцаў, але я жыву на пятым паверсе... Я ляжаў у ложку i не мог нават варухнуцца, каб запалiць святло. "Падыдзi да акна", сказаў цень голасам Нябожчыка. Пакуль я ўставаў i iшоў да акна, цень знiк. Я рэзка адкiнуў штору i быў ужо ўпэўнены, што там нiкога няма. Але я ўбачыў, што пад лiхтаром стаiць Нябожчык. На iм быў чорны гарнiтур, белая кашуля i элегантны маленькi гальштук-мятлiк. У мёртвым лiхтарным святле срэбнымi водблiскамi iскрылася сiвая фрызура i падкручаныя цёмныя вусiкi. Нябожчык глядзеў на мяне. Праз хвiлiну ён нахiлiў голаў, маўляў, я з вамi развiтваюся, i рушыў у бок пад'езда, дзе была кватэра 200.

Адзiнае, што я вынес з гэтага здарэння, дык упэўненасць, што на саракавiны мне хадзiць не варта, хай сабе i запрасiлi.

Зямля - пухам.

XXVIII. ТУСОЎШЧЫК

Журналiст, чакай! У мяне ёсць што сказаць для друку. Ты мяне помнiш? Гурт "Эксгуматар", трэш, мэтал, я на басе. Успомнiў? Гэта я. На сцэне адно, а ў жыццi зусiм iншае. На сцэне - завод, кайф, лом... А ў жыццi - шаноўныя, набывайце фотаздымкi! Брус Лi! Шварцэнегер! Цой! Апошнi здымак, за дзень да смерцi! Рэмба! Нiндзя! Набывайце, кошт - адзiн рубель! Класны занятак для рокера. Лепей не прыдумаеш. Я па сем гадзiн стаю ў сырым падземным пераходзе i гандлюю гэтай поганню, раблю бабкi, зарабляю на гiтару - на музыку. I гэта больш сумленна, чым лабаць у рэстаране, а потым высоўвацца на тусовачным фестывалi. Кабак ёсць кабак, туды толькi ўлезь, i назад дарогi няма. I якi б ты моцны нi быў, а раз-другi злабаеш папсу кабацкую i ў рок ужо не вернешся. Вось так вузлы завязваюцца. А я - рок-н-рольшчык, я люблю па металу загасiць, я за трэш... I не трэба крывiцца. Трэш яшчэ сваё слова скажа, краiна здрыганецца. Ты ж чуў нашы каманды - "Бастыён", "Тарнада", "Радыяцыя"?.. Гэта ж магiла ўсiм астатнiм. Мы прымусiм нас слухаць. Мы ўрэжам так, што ў слабанервовых галовы паадлятаюць. Гэта сёння свята ў папсы, i я гандлюю здымкамi, а заўтра прыйдзе наш дзень. Так i напiшы, журналiст, не памылiшся.

Тусоўшчык прыпалiў цыгарэту.

А зрэшты, усё гэта - падман. I ты гэта бачыш, журналiст. Я зламаўся, патрапiў не ў сваю танальнасць i зламаўся. Iграў, iграў, а потым нiбыта хто пульт абрубiў. Гасiце святло, прыехалi. I ведаеш, не ў мяне аднаго такое здарылася. Я ж тусуюся, з тым пагавару, з гэтым. Усе кажуць, што наш час прайшоў. I слушна, бо i сапраўды ўсёмагутная рука адключыла наш ток i забрала таленты. I цяпер хто куды... Адны напiваюцца да адключкi. Другiя лётаюць па горадзе з думкаю: "Каго б яшчэ трахнуць?" Трэцiя прыфарцоўваюць, занялiся камерцыяй. На мяне ты не глядзi, гэта часова. Не магу я адразу пайсцi ў рэстарацыю, можа, пайду ў пахавальную каманду, бо лепей ужо могiлкавы Шапэн, чым п'яная ламбада. А ёсць яшчэ i чацвёртыя, яны ў рэлiгiю павалаклiся.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке