А што да мяне, дык лепшай пазiцыi для музыкi, як на гэтым дубе, нiдзе няма. Дык патурбуйся, будзь ласкаў, i адведай хворага. Усе мы просiм цябе.
Дзяцел прыпынiў сваю работу i сабраўся ў дарогу. Дарога, праўда, была не доўгая, ды дзяцел па часцi лётнiцтва не вялiкi мастак: падляцiць трохi ды прысядзе, а разам з гэтым у сiлу сваёй прафесii зiрне на адно, на другое дрэва. Нарэшце, усё ж такi дзяцел з птушкамi-пасланцамi прыбыў да старога дуба. Не спяшаючыся, як i належыць сталаму доктару, дзяцел агледзеў усе дубовыя галiны i невялiкiя дуплiнкi. Агляд рабiў уважна, старанна, залазiў сям-там i ў самае дупло. Часамi ён, нiбы доктар-неўрапатолаг, стукаў сваiм доўгiм i вострым дзюбам-малаточкам па дубовай кары, па галiнках. Птушкi з замiраннем сэрца сачылi за кожным спрактыкаваным рухам дзятла i дзiвiлiся яго ў высокай ступенi спрытным доктарскiм прыёмам i захоўвалi ўрачыстае маўчанне. Нарэшце дзяцел скончыў агляд хворага, пасля чаго, як спрытны акрабат, зрабiў надзiва прыгожы паварот на пальцах сваiх лапак.
- Дуб хворы, але не настолькi, каб можна было трывожыцца за яго жыццё. Дубу патрэбен поўны спакой. Усе дзiркi, што вядуць у нутро дуба, трэба пазатыкаць, а разам з тым паклапацiцца, каб паўночныя i ўсходнiя вятры не турбавалi старога дуба. А больш за ўсё глядзець, каб анi кроплi вiльгацi, будзе гэта дождж цi снег, не пападала ў нутро дуба. Жалуды пазнiмаць i лiсце сям-там прарадзiць, каб умацаваць дубу каранi. Ну, вось i ўсё.
Дзяцел пакланiўся птушынай грамадзе, сказаўшы на развiтанне "чык", i наладзiўся ляцець у сваю дарогу.
- Дзякуем, дзякуем табе, дарагi доктар! - адказала птаства i таксама пакланiлася дзятлу.
Голуб з драздом падхапiлi дзятла пад крыллi i так ляцелi з iм без усякiх перасадак да самай дзятлавай рэзiдэнцыi, а потым далучылiся да птушак, што заставалiся каля дуба.
- Тррак! - звярнуўся з другою прамоваю да птушак крумкач. - Будзем лячыць дуб. Перш за ўсё - павесiць пасцiлку, каб захаваць дуб ад паўночных вятроў. Дзе мы яе возьмем?
- Нарвем дзеразы i такую выштукуем заслону, што дуб аж ахне! - азвалiся сарокi.
- Добра! - згадзiўся крумкач i дадаў: - Трэба ж i накррыць дуб.
- Мохам накрыем, сухiм, белым, баравым, - закаркалi вароны, - такi выштукуем каптур яму, што нi адна кропля не пападзе ў нутро дуба.
- Усе шчылiнкi пазатыкаем, каб нiякая кропля вiльгацi не прасачылася, загракалi сiваваронкi.
Дружна ўзялiся птушкi за работу. Наўперад пастрасалi жалуды на дубе, паабшчыпалi лiсце, а без жалудоў i без лiсця дуб амаль тое самае, што чалавек без нагавiц. Шырокая посцiлка-заслона захоўвала дуб ад паўночных i сухiх усходнiх вятроў, хоць яна замiнала дубу пазiраць у далечы, у шырокi свет, што дужа вабiў старога дуба. Пазатыканыя шчылiны не прапускалi ў дуб нi вiльгацi, нi кiслароду. А птушкi былi проста шчаслiвыя, што так апекавалi дуб.
Застаецца сказаць не многа, каб закончыць казку.
Прайшла зiма, а за зiмою, як вядома, iдзе вясна. Вярнулiся з выраю буслы. Яны не прымалi ўдзелу ў лячэннi i ахове дуба, бо iх ужо не было тут: яны падалiся ў вырай. Як зiрнулi яны на дуб, дык з гора i здзiўлення ўгору дзюбы пападымалi: што сталася з дубам? На яго лысай верхавiне адзеты быў каптур, як у старой бабкi. З двух бакоў вiселi шырокiя заслоны. Усе акенечкi ў дубовым камлi былi шчыльна пазатыканы. Буцвець пачаў стары дуб i, здавалася, ледзь на нагах трымаўся.
- Што сталася з нашым дубам? Што будзе з нашым домам? - гаварыла буслiха, закiнуўшы нос высока ўгору.
- Ой, мiлыя! Як апекавалiся над iм! Як лячылi! - адказала буслам сарока-шчабятуха.
- Апекавалiся, лячылi! - з горыччу перадражнiў яе бусел. - Заапекавалi i залячылi! Давай, жонка, самi будзем даваць раду нашаму дубу.
Разбурылi яны заслону, сатканую з дзеразы, скiнулi з старой галавы дуба каптур, павыцягвалi канапатку з дубовых шчылiн.
Дыхнуў дуб свежага паветра, i адразу лягчэй стала яму.