Цяпер і я чую, як удалечыні стрымана тарахціць бацькаў «Беларус». Вынырнуўшы з-за рогу станцыйнага будынка, трактар з пачэпленым да яго вазком хвацка выязджае на перон і спыняецца. У вазку сядзяць два рамонтнікі ў памаранчавых робах. Бацька не адразу глушыць рухавік штосьці там поркаецца ў кабінцы, і рамонтнікі па чарзе спускаюць на зямлю жалезныя драбіны, «балгарку», электрадрыль і вялізны скрутак кабелю.
Бацька нарэшце глушыць матор, вылазіць з кабінкі і, прыпальваючы цыгарэту, задзірае голаў.
Так прыгожа глядзіцца людзі стараліся, чаканілі літары а тут: зрэзаць і выкінуць.
Таму што па-беларуску напісана, адгукаецца адзін з рамонтнікаў, Лукашэнка мовы не любіць вось і загадалі зрэзаць.
У нашай вёсцы, дарэчы, адны Лукашэнку страшэнна любяць, другія лаяць. Надоечы два пенсіянера наш сусед Музалёў і кульгавы Міканор, што жыве на выселках нават пабіліся, высвятляючы добры ў нас прэзідэнт ці благі. Пілі самагонку ў Музалёвай хаце і завяліся. Музалёў ляснуў Міканора бутэлькай па галаве, і давялося нават «хуткую» выклікаць. А потым яшчэ і ўчастковы прыязджаў, нейкія паперы пісаў.
Што там гэтыя бляшанкі, уключыўся ў размову другі рамонтнік высокі дзядзька з чырвоным носам: пыхкаючы цыгаркай, дзядзька раскручваў кабель. На Віцебскім вакзале вітражы былі з «Пагоняй». Сонца свеціць і на падлозе каляровыя адбіткі. Прыгожа, як у касцёле. Усё разбілі, а ў вокны шклопакеты ўпіхнулі.
А што за «Пагоня» такая? пытаецца бацька.
Ну ты што, не ведаеш? Рыцар на кані. Пры Шушкевічу на грошах малявалі.
Усё панішчылі, лаецца даўгяла з сінім носам, і дзяжурная па станцыі, што выйшла на перон, незадаволена мармыча: Ну хопіць ужо у руцэ кабета трымае сінюю шыльду. Дзяжурная прыхінула яе да сцяны, прычым дагары нагамі, і я, завярнуўшы галаву, па складах чытаю: «Стан-ци-я Дол-жо».
Хуценька насоўваю кашулю, збіраючыся паглядзець як будуць зразаць літары, але дзяжурная просіць не пачынаць працу, пакуль не пройдзе «дызель», і я зноў прымошчваюся на збуцвелых, цёплых ад сквару шпалах.
«Дызель» заскуголіў гамульцамі, з шумам аддзьмуўся. Некалькі пасажыраў выйшлі мне былі бачны толькі іхныя ногі, цягнік злёгку тузануўся, колы ўсё з большай рашучасцю пакаціліся па рэйках, і не паспеў ад перона адехаць апошні вагон, як наваколле скалануў шалёны віскат. Даўгалыгі дзядзька, залезшы на драбіны, пілаваў «балгаркай» металёвы шпень, шпурляючы долу зіхоткія іскры. Іншым разам пасажыры, што выйшлі з «дызеля», спыніліся б, каб паглядзець што тут робяць рамонтнікі, але цяпер іх усіх як вецер знёс, і ў наваколлі залівіста забрахалі сабакі. Я таксама быў насунуў кашулю, ды, пачуўшы такое, перабраўся на другі бок штабеля, дзе было больш зацішна, і, прытуліўшыся спінай да шпал, стаў утрапёна глядзець на жытнёвае поле і на зубчасты край лесу, што пазначаў далёкі небакрай.
Зрэзаныя літары ляжалі пасярод перону. Усё спрэс пакарабачаныя, і толькі «у нескладовае» выглядала некранальна раўнюткім.
Была Доўжа, стала ДолжО! прамовіў, гучна і грэбліва, даўгалыгі дзядзька. У нас так зроду вёску не называлі.
Дзядзька толькі што прасвідраваў апошнюю свідравіну на тым месцы, дзе павінна была вісець новая шыльда, і спусціўся па драбінах.
Ад старой назвы засталіся абрэзаныя шпяні ды шэрая колка ад спляжанага ластаўчынага гнязда.
Шліфаваць давядзецца. А потым па-новай тынкаваць, прамовіў бацька, пазіраючы на знявечаную сцяну.
Вось куды ідуць народныя грошы, азваўся даўгалыгі, падміргнуў мне вясёлым вокам, і я падхапіў з-пад ягоных ног бляшаную літару «Ў».
А можна ўзяць?
Навошта яна табе? І так увесь двор заваліў хломаздам, выдыхнуў бацька, ды тут даўгяла падаў голас:
Хай бярэ. Помнік зробіць. Літары «Ў». Я тут нядаўна да брата ездзіў, у Полацк. Дык там, у самым цэнтры горада, помнік гэтай літары паставілі. Толькі нейкі злодзей злёгку пашкодзіў.
Помнік літары «Ў» Я застываю ў нерухомасці, ціснучы да грудзіны шурпатую навобмацак бляху. Але ўжо праз імгненне бягу, аберуч трымаючы над галавой запаветную літару. Я ўжо ведаю дзе пастаўлю той помнік. Непадалёку ад нашай хаты падпірала неба старая ліпа. Летась у дрэва ўдарыла маланка, і цяпер у памяць аб ёй застаўся двухметровы стаўбур з натапыранымі ў неба дзідамі аблому. Вось да таго абламанага стаўбура і прымацую «у нескладовае». Толькі трэба верх адпілаваць, каб прыгажэй было.