Але з фасаду ўсё ціха й мірна. Бабароза ж ніколі не будзе браць удзелу ў сумнеўных праектах! Каб у выпадку новай вайны не галадаць, яна адразу ў 1946-м пойдзе працаваць у рэстаран Рэстаран на Валадарскага, 9 (там цяпер месціцца Чабурэчная). А ў 1951-м Бабарозу, рэстаранную прыбіральніцу, разам з дырэктаркай пасадзяць за раскраданне сацмаёмасці, сістэматычныя прыпіскі ды падробку накладных.
Уяві толькі! выгуквае мама. Абмінуўшы рахункаводку і касірак, пасадзілі непісьменную прыбіральніцу!
А следчы сказаў Бабагруні, што Бабароза была мазгамі афёры. Гэта Бабароза мазгі? Бабароза, якая за вочы атрымала ў суседак з Лодачнай мянушку Пісьменніца, бо не ўмела чытаць? Гэта Бабароза, якая, падказваючы нечы тэлефонны нумар, каб не пісаць лічбаў, мусіць браць апарат у рукі і паказваць на дыску, як яна той нумар набірае?
* * *Персей, ну, што ты мне ўсё тыцкаеш пад нос гэты фальклор пра свае дзетсадаўскія страхі? Колькі можна шмальцаваць той факт, што ты ў дзяцінстве баяўся бабулі, якая нібыта хацела цябе забіць?! кажа Роні. Вярніся да цяпершчыны, да нас з табою, Персей!
І дадае:
Трэба нешта вырашаць тут і цяпер, зараз жа, ты гэта разумееш? Тут вядзецца пра нас, а не пра нейкую там пры ўсёй маёй павазе звекавалую свой век стогадовую бабку.
СтоДЗЕВЯЦІгадовую прабабку, ПРАбабулю, GRANDgrandmother, папраўляю яе я.
Інгліш у Роні куртаты, дзіравы, з яго раз-пораз выпінае, вывальваецца ейная нямецкая. Асабліва калі яна кажа крыху квакаючае w замест в, і заўжды мяккае ль. Ці трэба казаць, як мяне гэта ўзбуджае?
Бабароза, можа, і старэнькая, дадаю я, але цяпер я жыву з ёй на адным паверсе, і мяне не можа не хваляваць тое, што яна
Роні красамоўна маўчыць. Яе вочы колеру пянай вішні разюшана круглеюць. Першы раз гэтыя вішні перыліся на мяне ў сваёй садавіннай бессаромнасці пры нашай першай сустрэчы ў Кішынёве. Калі Роні апавядае мне пра свае былыя каханні, яе вочы крыху блякнуць і адно гараць нязгаснымі вугалькамі з сярэдзіны. Робяцца вішняй на каньяку.
Роні мініяцюрная (у галаве так і свідруе словакрот спартыўная). Мускулістыя рукі яна кажа, што ад прыроды, і рухавая постаць. Пукатыя рэкі венаў, у якіх адчуваецца характар і досвед. Але пацанка. Апошнім часам носіць балахоністыя рэчы. Кажа, што гэта для таго, каб Томас, найгалоўнейшы пляткар з іх мюнхенскага офіса, пачаў плявузгаць, што яна зноў цяжарная. Тады, кажа Роні, ёй будзе прыемна.
Роні яшчэ студэнткай адна, без бацькоў, уцякла да Нямеччыны з Бухарэста ў 1988-м. Там памяняла імя з Аўрэліі на Роні.
Роні кажа, што пакінула ў Румыніі ўсё чыста: сямю, імя і мову. Кажа, мяняць сябе давялося на ўзроўні рэфлексаў. Рабіць усё, каб стаць немкай. Сябраваць толькі з мясцовымі. Нават па-ангельску Роні размаўляе з нямецкім, а не з румынскім акцэнтам.
Гэта, Персей, усё роўна як надзяваць гарнітур з гальштукам і не здымаць яго нават вечарам у ложку, кажа Роні ці то смехам, ці то сурёзна.
Даволі хутка яна зрабіла ў Нямечччыне кареру ў еўраструктурах, якія тады толькі будаваліся. Цяпер яна высокапастаўленая чыноўніца і аўтарытэтная спецыялістка па Усходзе і краінах, якія прымыкаюць да Еўрасаюза. Яна шмат туды ездзіць, але толькі ў кароткія камандзіроўкі. Спецыялістка спецыялісткай, але ў Румынію на стала яна зусім не хоча.
Мы ў бары. Чарговая еўрапейшчына брукаванка, старая фартэцыя на пагорку і магутная рака, выдае на Дунай. Азіраюся на антураж. Перагорнуты дагары нагамі расійскі трыкалор з разлапістым арлом робіць кавярню сербскай. Бялград.
Тутэйшыя кельнеры распаўнелыя сельскія маладзёны, якія дарваліся да дармавой рэстараннай ежы. Але яны ўжо па-буржуазнаму ціхія і неназольныя. Навучаныя працаваць на перспектыву: калі кліенты мала заказваюць, значыць так трэба. Іх ангельская ўжо прымальная.
Вакол пануе маскуючае сутонне.
Я люблю гэтую першую нашую сустрэчу ў барах на ўскраіне. Мы з Роні заўжды прыходзім, калі вечаровы вір спадае. І застаемся датуль, пакуль кельнеры не пачынаюць знарочыста гучна размаўляць і хапатліва закідваць крэслы на сталы.
З Роні мы ўжо, вядома, павіталіся мімаходам на самім мерапрыемстве, мультыкультурным кірмашы Балканфэст. Нават здолелі цішком прытуліцца і даць буську за сметнікам. Але тут, у гаючым сутонні бара ужо ўсё па-сапраўднаму. І вітанні, і абдымкі, і пацалункі. Пасля працы на кірмашы, а Роні яшчэ і пасля дзелавой вячэры з бельгійскімі партнёрамі і яшчэ пасля дзелавога чыл-аўту ў клубе разам з аўстрыйскімі арганізатарамі фестывалю. Сюды, па-шпіёнску азіраючыся, мы прыйшлі паасобку.