Гэта нават ужо не псіхалагічныя комплексы, Персей! ніяк не ўрымсціцца Роні. У псіхолагаў і тэрмінаў такіх няма, калі нехта панічна баіцца сваёй бабкі! Прабач, ПРАбабкі Персей, шчыра, гэта дзіка, не па-цывілізаванаму, я не хачу пра гэта размаўляць Вось скажы праўду, любы, Бабароза і дагэтуль абцірае цябе голага алеем, калі ты прастуджваешся?
Яе вішні зноў робяцца маціцовыя, амаль чорныя. Мяне гэты колер заўжды ўводзіць у зман. Гэта яна сурёзна ці смяецца?
Кінь, Ронька! кажу я ёй па-беларуску. За тры гады яна вывучыла шмат нашых фразаў. І зноў пераходжу на ангельскую:
Ну, як гэта няма тэрмінаў?! Ты ж сама гэта сказала: Персей, старагрэцкі герой, які пастаянна жыў пад праклёнам прароцтва, што забе свайго дзеда Акрысія, гаспадара Аргаса.
Звышгерой Персей? нібыта ўпершыню перапытвае Роні.
А я табе пра комплекс Персея, здаецца, усе вушы прагудзеў, ці не? цярпліва нагадваю я. Таму ты мяне называеш Персеем, ага
Бо ты ўсё ж урэшце забеш, калі не забіў ужо кагосьці са сваіх дзядоў ці бабуль, Ігар! Роні ўпершыню за сёння ўжывае маё сапраўднае імя.
Не выдумляй, ну, каго я магу забіць? І працягваю:
Бабарозу? Маю прабабку, за яе трохі камічную тыранію? Дзядзюлю, за яго даўнейшыя любоўныя здрады сваёй першай жонцы і маёй Бабагруні? Бабагруню, маю бабулю, за тое, што яна жыве са мной лічы ў адной кватэры? Я ж love them badly, страшна іх усіх люблю!
Надта іх у цябе шмат, і надта ты ў іх.
Я ў іх? перапытваю я. I am in them?
Aha, ты ў іх, а яны ў табе, падтаквае Роні.
Я трохі раззлаваўся, але не бяды. Хай там што, але недарэчныя перапытванні і бязладнасць нападаў азначаюць, што Роні калі не супакоілася, дык супакоіцца неўзабаве. Яе вераломная навала стрыманая, загрузла на подступах у рытарычных балотах.
Я заказваю чырвонае віно, яна піва. Такая ў нас завядзёнка. Хаця я ведаю, што ад узрушанасці не выпю больш за два келіхі.
Мы будзем гаманіць занач. І ў першы дзень нічога, хутчэй за ўсё, не будзе. Яна, як заўжды, не гатовая з дарогі, ці там у яе якраз жаночае. Пачакай, Persejčyk, заўтра ноччу, абяцаю. Думаю, яна робіць гэта наўмысна. Каб павялічыць асалоду. Маўляў, пачакалі месяц, дык пачакаем і яшчэ адзін дзянёк. Але я звычайна не настойваю. У мяне самога ўвесь першы вечар трасуцца каленкі. Якія ўжо тут любошчы, адно марнаванне.
Я кладу руку на яе белую далонь з шлюбным пярсцёнкам. Далонь трымціць, як злоўленая ў цянёты птушка. Тры гады ніхто не можа растрэсці нашага шчасця.
Трэба вырашаць, Персей, зусім іншым, ціхім і цвёрдым голасам кажа Роні, ды глядзіць у акно. Трэба нешта вырашаць
Мы амаль ніколі не супадаем па фазе. Нават дзіўна, як увогуле мы ўмудрыліся адначасова закахацца. То яна раз-пораз пачынае гэтую цягамоціну, маўляў, трэба нешта мяняць, рабіць наступны крок, а я не шманаю. Або я пачынаю далдоніць, што ўся гэтая шпіёншчына так цягнуцца не можа, а Роні, спакойная, бы поўня, адно пасміхаецца куткамі вуснаў і юрліва перыцца мне ў вочы. Заўжды адно і тое ж.
Ведаеш што, Роні?.. кажу я ціхім голасам і раблю кантрольны стрэл кладу зверху другую руку на яе другую далонь.
Яна матляе галавой.
Насамрэч усё на сваіх месцах, так. Парушыць канструкцыю жыццяў немагчыма. За тры гады нашыя лёсы дасканала дапасаваліся, не раўнуючы дошкі з той выславёнай драўлянай чайні Дзедвасілія, збудаванай без аніводнага цвіка.
А значыцца, ніякі ўвагнаны цвік хай сабе і ў нашу галаву нічога не зменіць, дадумваю я, але ўголас ні-ні.
Ніхто з нас не здольны ані паварушыцца, ані змяніць ніводнай дэталькі. Ані перайначыць дасканалай аркестроўкі нашых жыццяў. Роні тут са сваімі краінамі-еўрапеечкамі і войскам увішных кельнераў. А я там з шматлікімі беларускімі бабулямі і дзядамі ды іх бясконцымі гісторыямі. Але ж і гэтыя, і тыя гаранты нашага стабільнага шчасця.
Персей, ты не разумееш! План памяняўся! Я прыняла рашэнне!
Я раблю красамоўную паўзу, маўляў, усё, ты скончыла істэрыку?, і працягваю апавядаць ёй чарговы раздзел са свайго жыццяпісу ўнука.
Раздзел 2
Бабулі і дзяды
Усё дзяцінства мяне атачалі бабулі і дзяды. Іх было так шмат, ажно кожнага разу належала ўдакладніць, якую канкрэтна бабулю або дзеда ты маеш на ўвазе. Званіла баба Роза, ці прыходзіў дзед Барыс. Нашыя з бацькамі гутаркі заўжды круціліся вакол бабуль і дзядоў, мы жылі іхнімі біяграфіямі і цікавасцямі, таму пакрысе дзеля зручнасці сталі называць іх злітна: Бабароза, Дзядзюля, Бабаманя, Бабагруня, Дзедбарыс. Скланяецца як адно слова: Бабароза, няма Бабарозы, аддаюся Бабарозе, віню Бабарозу, капітулюю перад Бабарозай, памятаю аб Бабарозе.