Побач з мапай я павесіў аляпаваты каляндар, прысвечаны чэмпіянату свету па біятлоне, які меўся адбыцца ў Менску. Каляндар быў вытрыманы ў чырвона-зялёных тонах. На ім была намаляваная ці то стараперсідская, ці то старагрэцкая пачвара з пысай зубра і целам чалавека, страхотным сімвалам чэмпіянату. Пачвара стаяла абутая ў лыжы і радасна трымала ў руках стрэльбу. Ажно рабілася ўражанне, што гэта ўсё яна зняла з небаракі героя, гэтакага сучаснага Тэсея паўночных шыротаў, які прыехаў у лабірынт пушчы яе забіць і, як з усяго відаць, чорта што ў яго атрымалася. Павесіў я гэтага мінскатаўра толькі таму, што ў сваім ніжнім куце плакат меў нешта накшталт перакіднога табло, на якіх красаваўся надпіс да чэмпіянату засталося столькі і столькі дзён. На табло я стаў перакідваць засталыя дні да чарговай сустрэчы з Роні.
З цягам часу чырвона-зялёны зубрачалавек прыжыўся ў мяне на сценцы, і стаў глядзець на мяне неяк лагодна, паблажліва. Я зрабіўся яму сімпатычны. А ён мне.
Мая Бабароза, яшчэ не сцяміўшы, нашто мне ўсёгэтае біятлонна-картаграфічнае прычындалле, але ўжо адчуваючы перамены ў маіх паводзінах, штодня ўстурбавана пахаджала каля мапы і перакіднога календара. Зіркала прыхваткамі то на мяне, то на сценку гэтак, нібыта я быў як найменей Гітлер, што выношвае аперацыю Барбароса і вось-вось (праз столькі і столькі дзён) гатовы са сваімі танкамі і авіяцыямі ўварвацца на гаротную беларускую зямельку.
Бабароза скеміла, што не падкантрольныя ёй працэсы, якія адбываліся ў маёй галаве, урэшце знайшлі адбітак у гэтай мапе. Але толькі якія? Бабароза пакуль яшчэ не даўмелася, але вельмі-вельмі жадала гэтую таямніцу раскрыць. Касавурылася. Віжавала.
Чаго ты выскаляесь-сь-ся, Ігарочачак, як кот у лядоўні? дапытвала яна. Усё раюеш, пакуль мы ўсе тут тут Бабароза абводзіла сваімі скурчанымі ад артрыту рукамі наўкола, якбы хочучы абхапіць усё чалавецтва, бядуем і страднімся?
Аднойчы, вярнуўшыся вечарам дадому, на самай сярэдзіне пратокі Ла-Манш я ўбачыў буры развод, падобны да следу разлітай з танкера нафты. Бацька, схаваны апанент рэжыму, павабіў мяне пальчыкам і апавёў шэптам, што Бабароза зранку, адамкнуўшы мой пакой сваім ключом, пяць хвілін засяроджана плявала на мапу.
Плявала?! заскандаліў я, праўда, таксама шэптам. Бацька на мігах умольна папрасіў не гарачыцца.
Я вэрхалу не ўсчаў. Бо якая рацыя змагацца з самім Творцам Скандалаў, вялікім і жахлівым? Назаўтра я проста цішком аднёс мапу на ламінацыю. Закуў сваю родную Еўропу ў бліскучы лёд цэлафану.
Увечары таго ж дня я чарговы раз памяняў замок у дзвярах свайго пакоя. Цяпер ставіць пазнак на мапе я не мог, затое мапа зрабілася недасяжнай для Бабарозінай шкоды.
Па дарозе з ламінавальнага цэнтра ў краме Турыст я набыў футбольны мяч з намаляванай на ім зямной куляй. Бо, бачыце, у далёкасяжных перспектывах мы ў нашым з Роні плане Еўропай не абмяжоўваліся.
Па дарозе дадому я ўсё паглядаў на мяч-глобус і прыйшоў да рэвалюцыйнай высновы. Як жа на Зямлі ўсё замыкаецца на пункце выхаду! Нават выправіўшыся кудысці ў трансатлантычнае падарожжа, забягаючы са сваім караблямі і думкамі ўсё далей і далей, заўжды рызыкуеш на пэўным этапе нарвацца на пункт адпраўлення. Майсей, відаць, так доўга таптаўся з сынамі Ізраіля па сумежнай сінайскай пустэльні і, маючы процьму часу, не прасоўваўся далей з боязі абагнуць Зямлю і вярнуцца назад у ненавісны Егіпет з іншага боку.
Гэтаму адкрыццю, зямля, бач ты, круглая і куды б я ні паехаў, я заўжды маю шанец сустрэць Роні, я нагэтулькі ўсцешыўся, што яшчэ ў вітальні стаў радасна набіваць мяч-глобус з нагі на нагу. Бабароза вызірнула з пакоя Бабагруні і перахрысцілася. Потым праверыла, як маецца мая маладая рэакцыя паспрабавала выхапіць мяч з-пад ног. Я выявіўся спрытнейшым.
Рэакцыя, Ігарочачак, ёсцека дзеткі будуць, нечакана лагодным голасам сказала Бабароза і растала ў сваім пакоі.
І ўсё ж увечары, калі мяч выпадкова патрапіў у яе тэрытарыяльныя воды на кухню, Бабароза бліскавічным рухам схапіла мяч. Я стаў цягнуць яго з бабульчыных рук.
Каторы час трывала змаганне. Раптам Бабароза крыху паслабіла ўхоп, і паглядзеўшы на мяне спагадліва, сказала:
Нешта ты, Ігарочачак, схуднеў праверся на рак!!! Я збянтэжыўся на імгненне, і гэтага хапіла. Бабароза нанесла мячу смяротную рану кухонным нажом.
У мяккае падбрушша Еўропы, Балканы.
Глядзі мне, смаркач-ч-ча! пагразіла яна мне паказнікам, што нагадваў скурчаны асінавы сук. У другой руцэ яна сціскала нож-мячабойцу. Дагуляесь-сь-ся!