Дзядзюля апавядаў і апавядаў пра павешанне румынскага дыктатара і яго жонкі гэтак, нібыта бачыў усё на свае вочы. Пасёрбваючы Дзедлёнін чыфір, Дзядзюля прыгаворваў, што хутка небаракі-румыны зажывуць як след. Што ўся Усходняя Еўропа нарэшце скіне са сваіх змучаных плячэй крывавых і бесталковых дыктатараў. Так, сапраўды, у тыя дні румынскай рэвалюцыі Дзядзюля, разважны і шматмудры пячкур, абсалютна не кантраляваў сябе.
Дзядзюлеў уздым я прыгадаў гадоў праз колькі, у пару, калі, ледзьве ачуняўшы ад шматвекавой няволі, ужо і беларусы ўправіліся прыдбаць свайго тырана.
Два месяцы пасля першых і апошніх дэмакратычных выбараў у сваім жыцці Дзядзюля быў дэмаралізаваны ўшчэнт. На яго стала шкада глядзець. Дысідэнт у душы пасівеў і згорбіўся. Пакрысе адбіўся ад сну і ежы. Варта было толькі яму пачуць па БТ або па Радыё-1 чарговую прамову гэтага Македонскага, як у Дзядзюлі пачыналася арытмія. Мой палкі аматар гісторыі і палітыкі надта добра засвоіў, да чаго прыводзяць хамуйлаватыя маналогі перад камерай. Гэтая нахрапістая гульня ў адну браму. Дзядзюля ўжо цудоўна ведаў на красамоўных прыкладах з гісторыі, чаго чакаць ад флірту ўлады са звярамі калектыўнай падсвядомасці.
Каб хоць неяк прывесці Дзядзюлю да ладу і рытму, падчас аднаго з маіх да яго візітаў я як бы незнарок запытаўся, ці радаваўся б ён, калі б і ў нас, як колісь у Румыніі Чаўшэску, народ скінуў бы Македонскага.
Гэта дапамагло. Дзядзюля, які толькі што млявы і абыякавы да жыцця ляжаў на канапе перад выключаным тэлевізарам, цяперака ажно падскочыў, падняўшы вакол сябе фантан з падушак.
Ціпун табе, Ігаль! Ты што, здурнеў? галасіў ён. Ты ўвогуле думаеш наперад, што кажаш?!
Кроў увачавідкі вярталася да бледнага чала Дзядзюлі.
То тады тут будзе хаос, анархія! Ты што, не разумееш, што наступіць разгул антысемітызму і пагромы?!
Дзядзюля ставаў на дыбкі. Яго вочы шалёна круціліся. А голас зрабіўся трубны. Дзядзюля нагадваў параненага дзідай слана.
Ну, зладзяць набліжаныя патрыцыі змову і скінуць Македонскага, пачаў Дзядзюля ў сваёй манеры аматара гісторыі. Ну, будзе добра ім усім які тыдзень Хай сабе месяц будзе ўсім воля Але потым усё зробіцца яшчэ горай і паскудней. Усе будуць хадзіць голыя і дурныя Без цара ў галаве.
Дзядзюля запстрыкаў адначасова ўсімі выключальнікамі на тэлевізійнай панэлі. На экране намалявалася пастаральная ніва, па якой нетаропка пахаджваў пахмурны Македонскі ў атачэнні сваёй яшчэ больш пахмурнай світы, складзенай выключна з мужчын.
Таму, Ігаль, напрамілы Бог!..
Дзядзюля трапна плюнуў у экран тэлевізара і, па-малітоўнаму склаўшы рукі, павярнуўся ў бок усходняй сценкі кватэры. За ёй знаходзіліся менскі раён Грушаўка і Ерусалім.
Хай, Ігаль, усё цячэ так, як яно ёсць Любая ўлада ад Бо тут атэіст Дзядзюля запнуўся, а на ягоным твары я прачытаў збянтэжанасць. ад ад каго трэба!
Ён хапатліва схаваў за спіну паказнік, які тыцкаў быў у столь.
Гісторыя з Македонскім мела працяг. У той вечар Дзядзюля яшчэ доўга шумеў, лямантаваў, усяляк бэсціў мяне. Хапатліва соваўся па гасцёўні. Урэшце знямогся. Мама, якая прыйшла па мяне, накарміла Дзядзюлю дзвюма празрыстымі кулькамі валідолу. Мінаючы мяне ў вітальні, мама замахнулася на мяне і заскандаліла шэптам:
Ад цябе, Ігар, я такога не чакала! Думала, ты дарослы!
Пасля прыкрасці з Дзядзюлем мае ўзаеміны з членамі Ордэна не тое што сапсаваліся, але, скажам так, змяніліся ў трывожны бок. Я патыліцай адчуваў, што цяпер усе дзяды ўважліва, як бы новымі вачыма абглядаюць мяне. Дзедлёня шэпчацца з Бабаманяй за маёй спінаю. Бабагруня кідае позіркі, поўныя згрызотаў і заклапочанасці. Нават бацька, схаваны апанент Бабарозінага рэжыму, падбухтораны навакольнымі, дасылаў у эфір спагадлівыя і шкадоблівыя сігналы. Ягоныя глыбокія ўздыхі, здаецца, казалі: Так, Галя, наш сын ідзьёт, але што ўжо тут паробіш
Праз месяц фаза глухога адчужэння і стрывожаных позіркаў змянілася чарадой ветлівых допытаў.
Дзядзюля сам адмыслова прыязджаў да нас на мікрараён Зялёны Луг і задаваў мне нібыта наіўныя такія пытаннечкі на гістарычныя і палітычныя тэмы, або пра зусім ужо адцягненыя рэчы.
Я хутка сцяміў, што адбываецца. Пасля майго правалу з Македонскім бабулі і дзяды намацвалі глебу, асцярожненька, але настойліва правяралі, ці годны я, адзіны спадкаемца, увогуле працягваць іхнюю справу. Ці здольны я быць у ордэне Тых, Хто Самі Ўсё Разумеюць. Я разумеў яшчэ нарэшце, пасля ўнутранай дыскусіі мне ўсё ж вырашылі даць апошні шанец.