Павал Касцюкевіч - План Бабарозы стр 14.

Шрифт
Фон

Пачуцці прадугледжвалі цырымонію. Проста так, без дай нагоды пацалаваць ці абняць? Ідзьяцізм! Далібог мы надта дасведчаныя, каб ведаць, што адразу пасля весялосці і пяшчоты сэрцы сыноў чалавечых сталёвымі абцугамі сціскае гора і адчужанасць. Дык нашто, Ігароша, звівацца, як засранец у бочцы з рассолам?

Далі пудла дзяды толькі двойчы. Мне вядомыя толькі два выпадкі, калі залётныя эмоцыі здолелі апанаваць сэрцамі і розумам Бабарозы і Дзядзюлі.

Спярша пра Бабарозу. У 2000 годзе яе папрасілі апазнаць далёкага прапрапляменніка Дзядзгрышу, які разам з палюбоўніцай захлынуўся газам у гаражы.

На дварэ ціснулі маразы, і таму напярэдадні вечарам каханкі схаваліся ад непагадзі ў гараж. Зашыліся там у машыне. Завялі матор, каб у салон пайшоў абагрэў. Пасля любошчаў заснулі. Выхлапны дым, які не змог выблытацца з закрытага памяшкання, задушыў іх. Пачуўшы пра палюбоўніцу, жонка Дзядзьгрышы Цёцьвера адмовілася апазнаваць мужа-здрадніка.

Калі мы прышлі ў трупярню, санітар адгарнуў адразу дзве прасціны. Бабароза, ледзьве глянуўшы на ссінелы твар племяша-жыгала, стала ўзірацца ў правільныя рысы незнаёмай ёй палюбоўніцы. Па нейкім часе, замест звычайнай шматдумнасці кшталту: Ось так ось! або: Людская дурота ўсё, прасцігоспадзі!, з Бабарозавых губ нечакана зляцела: Прыго-о-ожая! І з моцнай уражанасці ад жаночай красы яна ў даважак зацэкала языком і заківала галавою, як спружынная цацка.

Адразу ж пасля гэтага выплеску некантраляваных пачуццяў ёй зрабілася страшэнна няёмка і яна фальшыва закудахтала санітару: Ой, няможна ж пры дзіцёнку такое паказваць! І стала тыцкаць пальцам у мяне, дваццаціпяцігадовага.

Дзядзюля, гэты шматмудры пячкур, таксама аднойчы даў пудла, бо цэлыя два тыдні зусім не хаваў эмоцыяў. Гэта здарылася ў канцы 1989-га. Дзядзюля надта перажываў за румынаў, якія сіліліся зрынуць (і ўрэшце зрынулі) дыктатара Нікалаэ Чаўшэску. Румынская рэвалюцыя выбухнула ўсяго на тыдзень, але на ўвесь гэты час Дзядзюлю апанавала нечуваная ўзрушанасць. І без таго аматар дысідэнцкіх галасоў, які жыць не мог без Бі-Бі-Сі і радыё Свабода, Дзядзюля цяпер увогуле зрабіўся навіновым наркаманам. Глытаў звесткі з Румыніі штодня нашча ды пасля яды, сем-восем разоў на дзень.

Гэтымі запойнымі днямі Дзядзюля панадзіўся хадзіць да Бабагруні з Бабарозай у госці. Запыханы, не раўнуючы пасланец з Марафонскай бітвы, ён прыносіў на Чкалава апошнія зводкі з полю бою. Разгортваў перад слухачкамі палатно тымішаарскага паўстання. Дакладаў пра рухі паўстанцкага войска і перасоўванні сіл камуністаў і дзяржбяспекі.

(Госпадзе, як я ненавідзела гэтыя камуняцкія рылы, гэтага Чаўшэску і яго жонку Элену табе не перадаць! мімохадзь каментуе Роні. І як мяне раздражнялі бацькавы словы: Перажылі фашыстаў, перажывем і камуняк. Тут Роні ўпершыню за маёй памяццю прамаўляе па-румынску. А дакладней, брудна лаецца).

Назіраць усю гэтую расчуленасць ад румынскіх падзеяў у Дзядзюлі, ці не самага адданага чальца змрочна-стрыманага ордэна, было вельмі дзіўна. Ясная рэч Тыя, Хто Самі Ўсё Разумеюць, любую ўладу ненавідзяць. Аднак, па-першае, ненавідзяць так, як чалавек ненавідзіць кепскае надворе або цялесную хібу: маўляў, непагадзь і калецтва, вядома, брыда брыдою, але нічога не паробіш, нягледзячы на іх, трэба далей век векаваць. Па-другое, паводле аднаго з ордэнскіх пастулатаў, ніякую ўладу, а пагатоў тутэйшую (а гэта пацвярджае наш шматвекавы досвед) няможна ані памяняць, ані зрынуць, ані пераабраць. Па-трэцяе, кесару кесарава, а слесару слесарава. Як выказаўся аднойчы зазвычай маўклівы і памяркоўны Дзедбарыс:

 А ты б, Ігароша, хацеў апынуцца на месцы Гарбачова? Калі табе і не каму іншаму у патыліцу дыхалі і нагорна-карабахскі канфлікт, і мільён незадаволеных сухім законам? Ці хацеў бы ты не спаць ноччу ад экстранных паведамленняў шэфа КДБ, га? Браць грэх на душу і збройна разганяць мірныя дэманстрацыі ў Літве? Штодня ў крамлёўскіх кабінетах звівацца, як сам ведаеш хто ў бочцы сам ведаеш з чым?

Не даўшы мне і пальца ўсунуць, Дзедбарыс тады адразу сам на свае рытарычныя пытанні і адрэагаваў:

 Вось і выходзіць, што ніхто іншы з нармальных людзей, а не з гэтых яйцакрутаў, не хоча быць прэзідэнтам.

Дзякуючы румынскаму паўстанню на якія два тыдні Дзядзюля забыўся на закарэлую ад даўніны варажнечу з Бабарозай. Цяпер, пасля столькіх гадоў разводу і разладу з былой жонкай Бабагруняй, ён наважыўся завітаць да яе і былой цешчы Бабарозы ў брэжнеўку на Чкалава. Радасны і самаіранічны, Дзядзюля зусім ужо пасябраваў з Дзедлёнем, другім мужам Бабагруні, хударлявым падцягнутым пенсіянерам, колішнім падпольшчыкам.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3