Ля дзвярэй, на бабінцы, чынілася штосьці незразумелае. Там брахалі і якаталі сабакі, сіпла лаяліся мужчыны, крычалі жанкі, і ўвесь гэты гармідар пакрываў немы лямант знадворку:
А людцы мае добрыя, а што ж гэта робіцца-а?! Гэта лямантавала старая Вазнячыха.
Ля ўвахода заскавытаў сабака, хор на імгненне аціх, і айцец Антоні, зірнуўшы ў бок кліраса, сурова і ўладна заспяваў:
«Прииде Тобою в мир Господь»
І хор, ужо без ранейшай жарсці, падхапіў велікодную песню.
Пасля ютрані айцец Антоні доўга сядзеў, знясілены, не даючы рады скінуць святочнай рызы. Адзінае, што ён здолеў зрабіць, гэта расчасаць свае пасівелыя валасы матухна называла іх «пэцаламі» ды зняць з грудзіны цяжкі срэбны крыж. У галаве, як ні дзіўна, не было ніякіх думак. Галава злёгку кружылася ад бяссоння, і было ўражанне, што цела пазбылася цяжару і пасмай ладаннага дыму паплыло ў паветры. Праз паўгадзіны фанерныя, дзеля выгляду навешаныя дзверы адчыніліся і ў пакой зазірнула матухна Пелагея.
Ну што ты, далібог. Госці сабраліся, а цябе няма
Іду, выдыхнуў айцец Антоні, але так і застаўся сядзець у нерухомасці, неадрыўна пазіраючы на завіток жаўтлявых габлюшак.
Тузіку лапу перабілі матухна глянула на двор і, адказваючы на нечае вітанне, хуткагаворкай прамовіла: Сапраўды ўваскрэс!
Айцец Антоні падняўся з крэсла:
Хто перабіў?
Сусед Патрыкееў. Cтаяў ля царквы, падпіты ну і шпурнуў палена.
Прасілі ж цябе плаксіва выдыхнуў айцец Антоні, і матухна незадаволена адказала:
Загнала і дзверы зачыніла Дык вылезлі ж
Ля дзвярэй айца Антонія пераняў Кузік. Віскнуўшы, ён ліслівым катом падбіўся пад ногі і ціха брахнуў.
Што, насваволілі? Цяпер лашчышся?
Айцец Антоні нахіліўся, каб патрэсці Кузіка за гагавіцу, але нечакана выпрастаўся і пасуровеў з твару. Ад кучы цэглы, скачучы, як спутаны конь, шкандыбаў Тузік. Задняя лапа ягоная была перабітая ў суставе і бездапаможна матлялася ў паветры.
Што ж ты, братка са шкадобай у голасе выдыхнуў святар, прысеўшы над кудлатым гаротнікам, бег мяне ратаваць? Эхэ-хэ-э
Тузік глядзеў на гаспадара вільготнымі чорнымі вачыма, якія раптам затуманіліся і сталі падобныя на маціцовыя гузікі.
У такі дзень прашаптаў святар, і твар ягоны злёгку прасвятлеў: на другім канцы вуліцы, гудучы на падёме, азваўся міліцэйскі «жыгуль».
Кузік хацеў адчыніць непадатныя весніцы, але сіл не хапіла, і ён, стаўшы на лапы, прыслухаўся. Да вушэй далятаў толькі голас даішніка.
Ну што вы, які ветэрынар, калі ў суставе перабітая
Вы не хвалюйцеся. Шпокну ў вуха ён нічога і не пачуе Без лапы якое жыццё Ну, вядома, не тут Адвязу ў лес У мяне і рыдлёўка ў багажніку
Праз няшчыльна падагнаныя дошкі было бачна, як гаспадар парукаўся з Вазняком, хацеў было ізноў ісці на цвінтар, ды тут убачыў ля сваёй хаты матухну Пелагею. Жонка раскрыліла рукі, ляпнула імі па сцёгнах. Жонка сердавала: у хату, на разговіны, прыйшлі госці бычкоўскі бацюхна, швагер з жонкаю, сын з нявесткай, а ён ходзіць немаведама дзе І айцец Антоні, махнуўшы рукой, рушыў следам за «жыгулём».
Пасля разговінаў айцец Антоні прылёг адпачыць і праспаў да вечара. Абудзіла яго бразганне посуду на кухні і прытоенае жончына мармытанне.
Розуму ж у сабак зусім няма. Толькі яго пачуюць кідаюцца, як ашалелыя. Ну і тут кінуліся. Вазнячыху перапудзілі заікацца пачала. Ёй жа на ўсяночнай млосна стала, дык вывелі Сядзела, да сцяны прытуліўшыся, ды, кажуць, заснула А тут гэтыя брэшуць, у царкву лезуць Вазнячыха і загарлала з перапуду, папаўзла ўздоўж сцяны. Карацей, і смех, і грэх матухна бразнула талеркамі і, звяртаючыся да нявесткі, прамовіла: Бяры ручнік праціраць будзеш.
Пасля выпітай чаркі балела галава, злёгку нудзіла, і айцец Антоні, пацёршы скроні, выйшаў на падворак.
На двары было цёпла і вільготна. Падсветленае згасальным сонцам паветра ружавела, дрыжэла ўваччу, і старая таполя, што стаяла пасярод двара і яшчэ ўчора была панылай і голай, пакрылася зялёным вэлюмам. Айцец Антоні скасіў вочы і да храбусцення ў суставах пацягнуўся.
Любата! вырвалася з грудзіны, і водгуллем вокліча святарскай душы стаўся глухі і няўцямны зык. Гэта выў на царкоўным цвінтары самотны Кузік. Айцец Антоні спахмурнеў, але тут жа страсянуў галавою.
«Што гэта я пусціў у душу грахоўную маркоту, калі душа павінна весяліцца», айцец Антоні падняў угору вочы, перахрысціўся на ружовыя аблокі, і сэрца ягонае крануў лёгкі халадок ад адчування, што калісьці, у іншым жыцці, ён пабачыць жывога Тузіка, і ягоны ўлюбёнец тыцнецца яму ў далонь халодным носам, а яшчэ падумаў, што пабачыць родную маці і тую дзяўчыну, якую страшэнна кахаў і з-за якой ледзь не кінуў семінарыю, і, апанаваны такімі думкамі, прачытаў ад пачатку да канца сваю ўлюбёную Восьмую Песню. Гэта яна гучала ў царкве, калі туды лезлі кудлатыя недарэкі.