Праз хвілю, забыўшыся на кудлатых свавольнікаў, бацюхна крычыць штосьці падпітаму электрыку, які ўзлез на слуп, а Тузік з Кузікам кідаюцца да весніц, адкуль чуваць лямант:
Госпадзі Ісусе Хрысце, Сыне Божыю-у спявае дзядок у заношаным палітоне, раз-пораз цалуючы кардонны абразок, які вісіць на грудзіне.
Людзі, што раз за разам уваходзяць на цвінтар, кідаюць дзядку грошы. Тузік тыцкае мокрым носам у шапку з грашыма, дзядок незадаволена сыкае:
Прэч, паскуда! і, настроіўшы голас на патрэбны тон, ізноў гугнявіць: Го-оспадзі Ісусе-э
Тым часам весніцы з рыпам адчыняюцца, і ў пройме зяўляецца старая Вазнячыха. Трымаючы магутным азадкам фортку, старая перакідвае з рукі на руку вузел з кулічамі, хрысціцца і тут жа падхопліваецца, прыціскаючы кулічы да грудзіны.
Куды лезеце халера на вас Тузік з Кузікам унюхалі салодкі пах печыва, лезуць лапамі цётцы на грудзіну, і старая, успёршы кулічы на галаву, нема галосіць: А людцы мае добрыя-а
Тузік! Фу! чуецца з натоўпу, і сабакі, пачуўшы родны голас, круцяць ад захаплення не толькі хвастамі, але і галовамі. Матухна Пелагея з вясёлым дакорам тузае Кузіка за віслае вуха, выпускае сабак на вуліцу.
Сабакі радасна брэшуць, скачуць вакол гаспадыні. Радасць іх зразумелая: столькі народу наўкола, і светла, як днём, бо на слупе, на якім кагадзе завіхаўся электрык, запаліўся пражэктар і навылёт працяў густое, настоенае на паху таполі і велікодных кулічоў паветра.
Гаспадыня дробненька тупае па сцяжыне, сюд-туд глядзіць на гадзіннік, махае рукой, заклікаючы гадунцоў не марнаваць час, ды дзе там! Тузік раскапаў кратовую кучку, уважліва нюхае нару, а ягоны сябрук наогул знік з вачэй забег, відаць, у чужы двор, бо непадалёку бразнуў ланцуг і надрыўна забрахаў чужы сабака.
Матухна ўся знервавалася, пакуль загнала гадунцоў у хлеўчык, а кінуўшы ім два кусы надоечы купленай крывянкі, крутнула засаўку.
Пасядзіце тут да раніцы. Ратунку ад вас няма.
Сядзець у цёмным хлеўчыку, поруч з курамі, якія сонна квахталі за сценкай, сабакам ніяк не выпадала. Тузік з Кузікам здушана скавыталі, торкалі насы ў дзвярную шчыліну, спрабавалі грызці шула, нарэшце суняліся і, брахнуўшы, леглі на ватоўку на тое месца, дзе колісь спалі шчанюкамі. Ляжалі з узнятымі галовамі, зацята глядзелі на зоркі Тузік на белую, Кузік на чырванаватую, зоркі тыя цьмяна блішчэлі ў дзвярной шчыліне, і голасна ўздыхалі.
На гарышчы поркалася ў струхлелай саломе мыш, гаспадараў кот мякка ступаў па даху, за сценкаю прыспана варушыліся куры, і аднекуль здалёк начны ветрык прыносіў невядомыя і незразумелыя зыкі. Там, удалечыні, штосьці няўцямна гуло, мармытала, прыглушана спявала; Тузік з Кузікам нюхалі паветра, трэслі вушамі каб лепей чуць і ўадначас каб адбіцца ад сянных скочак, пару разоў падхопліваліся на ногі, нарэшце, змораныя, паклалі галовы Кузік на край ватоўкі, Тузік на спіну свайму сябруку і прымкнулі вочы.
Пад раніцу яны разам ускочылі і падбеглі да дзвярэй. Сабакам выразна пачуўся гаспадаравы голас. Голас абрываўся, згасаў, зноў абуджаўся і клікаў, клікаў да сябе! Якраз гэтым часам у царкве адчынілі ўсе вокны, і сціснуты чатырма сценамі густы бас айца Антонія вырваўся на волю.
«Гаспадар! Яго душаць тыя сволачы, што сабраліся на цвінтары! Ён кліча на дапамогу!» Відаць, такія думкі апанавалі той хвіляй Тузіка і Кузіка, якія гучна забрахалі, забегалі з канца ў канец сваёй вязніцы, і неўзабаве Кузік пачаў рабіць падкоп пад дзвярыма, а Тузік стаў вадзіць лапаю па дзвярной шчыліне. Сабачы кіпцюр крануў драўляную засаўку раз, потым другі, засаўка адышла, і сабакі, наваліўшыся грудзінамі на дзверы, разам выкуліліся на двор.
У царкве было не прадыхнуць, старой Вазнячысе нават стала млосна ад задухі, і з правага боку асцярожна, каб не замінаць службе, выставілі рамы з вокнаў. Пяюны царкоўнага хору, адчуўшы, што галасы іх пры адчыненых вокнах пацішэлі, заспявалі на поўныя грудзі.
«И Слове, и Душе, треми соединяемое во ипостасех естество, пресущественне, и пребожественне, в Тя крестихомся-а» Заспявалі так зладжана і пранікнёна, што ў айца Антонія нават навярнуліся няпрошаныя слёзы; ён скасіў вока на матухну, але тая, як ні дзіўна, глядзела ў іншы бок на ўваходныя дзверы.
«И Тя благославим во вся веки-и»
Матухна прыўзнялася на дыбачках, паправіла хустку на галаве, стала прабівацца да выхаду.
Ля дзвярэй, на бабінцы, чынілася штосьці незразумелае. Там брахалі і якаталі сабакі, сіпла лаяліся мужчыны, крычалі жанкі, і ўвесь гэты гармідар пакрываў немы лямант знадворку: