Тое, адгукнуўся дзед Трахім, якраз ля каменя. Тады ён, праўда, на паверхні быў, а цяпер во у зямлю ўехаў, дзед прысеў на камень, выцягнуў пачак «Беламору».
Можа, далей адплывем? падаў голас Гасюта, зірнуў на дзеда, і той, чыркнуўшы запалкай, страсянуў галавой: Самазвал на паўкола ў ваду ўехаў, як скідваў. Так што шукайце. Дзесьці там і ляжыць.
Мікола памыляў ссінелымі ад холаду вуснамі, зморана ўздыхнуў і, пастаяўшы, як той скакун на вышцы, на носе лодкі, сігануў у ваду. Гэтым разам ён прабыў пад вадой як ніколі доўга: Гасюта нават сцягнуў з галавы кашулю, збіраючыся ратаваць сябра, ды тут Мікола вылецеў, па самы пояс, з вады і радасна выдыхнуў:
Ёсць!
Пару хвілінаў Мікола аддзімаўся, трымаючыся за вясло, потым насунуў на плячук зашмаргу, нырцануў пад лодку і з такой рашучасцю адштурхнуўся нагамі ад днішча, што Гасюта, які стаяў у поўны рост і разблытваў вяроўку, ледзь не кульнуўся за борт.
Першыя, а таму самыя вострыя сонечныя промні працялі небасхіл, і рака з серабрыстай ператварылася ў ружовую.
Глеем зацягнула ледзь адшукаў, прамармытаў Мікола, выбраўшыся на бераг: небараку даймалі дрыжыкі, ён увесь ссінеў, зуб паганяў зуба, і Гасюта, перш чым пачапіць да трактара канец вяроўкі, палез у кабінку і выцягнуў адтуль пачатую пляшку.
Мальцы глынулі на поўную губу, працягнулі пляшку дзеду Трахіму, але дзед піць адмовіўся.
За пару хвілін Гасютаў «Беларус» залескатаў на высокіх абаротах, вяроўка напялася, струной заспявала ў паветры. Дагэтуль дзед Трахім паглядаў на свет з лёгкай усмешкай, а ўгледзеўшы напятую вяроўку, ураз пасурёзнеў, прыхапіўся на ногі і застыў, з прыгаслай папяроскай у зубах.
Трактар натужліва завуркатаў, зямля здрыганулася, і з вады ўзнялося штосьці зялёнае і круглявае. Напачатку цяжка было ўгледзець у бясформеннай камлызе чалавечыя відарысы, і толькі калі камлыга прапаўзла па пяску, а затым успарола берагавы дзірван, пакінуўшы на ім пасму зялёнай твані, сталі праглядацца няўклюдная галава і шырокая грудзіна.
Някволы бюсцік выдыхнуў Мікола, з натхненнем выкручваючы свае шырозныя, у «сэканд-хэндзе» набытыя трусы. Сябрук у адказ задаволена крэкнуў, перакінуў з рукі на руку пакарабачаную манціроўку і міжволі засяродзіўся, прыкідваючы, відаць, колькі «зялёных» ім адваляць за бронзавага балвана.
Манціроўка ляснула тупым канцом па балване, і гук ад удару атрымаўся глухім і няўцямным.
Цэмент, прамовіў дзед Трахім, а ўнук, паспеўшы нацягнуць трусы толькі на левую кумпячыну, перахапіў манціроўку і з амапаўскім натхненнем стукнуў балвана па няўклюднай галаве.
Цэмент, уголас прашапталі хлопцы і разам паглядзелі на дзеда.
Ну што, дзядуля дзе твая бронза? голас Міколавы дрыжэў, як авечы хвост. Папёрліся з цёмнага рана поомнік бро-онзавы унук мацюкнуўся, падцягнуў трусы і рушыў да «Беларуса» дапіваць рэшткі гарэлкі.
Добрых паўгадзіны хлопцы моўчкі ляжалі на траве, смалілі цыгарэты, нарэшце Гасюта падняўся на ногі і, кіўнуўшы ў бок камлыгі, запытаў:
Дык што, адвязваем?
Ды не-е прыспана прамовіў Мікола, цягні да дзедавай хаты. Будзе ведаць, як народу мазгі дурыць.
Ты што, ашалеў? Навошта мне гэтая халера! крыкнуў дзед Трахім, але Гасюта тым часам ужо залез у кабінку, паддаў газу, і цэментавая гаргара, пакідаючы пасля сябе глыбокую баразну, папаўзла па беразе.
Унук Мікола ўжо трэці тыдзень гасцяваў у дзедавай хаце. Адранку глушыў рыбу на рачных затоках, удзень непрабудна спаў, а ўвечары хадзіў у мясцовы клуб альбо піў гарэлку на пару з дзедавым суседам трыццацігадовым механізатарам Гасютам. Вось і пазаўчора, узяўшы пляшку, унук выправіўся да суседа, але неўзабаве вярнуўся, цягнучы на плячы двухвядзёрны, ззелянелы ад часу самавар.
У Гасюты на гарышчы знайшлі, патлумачыў унук, а калі дзед з усмешкай спытаў, навошта ён прыпёр гэтае ламачча, безнадзейна махнуў рукой і падаўся з хаты.
Наступным ранкам Мікола спаў даўжэй звычайнага, а прачнуўшыся, працягнуў няскончаную размову.
Гэта, дзеду, не ламачча, а каляровы метал. Мне за яго тры тваіх пенсіі дадуць, унук пацягнуўся, вохнуў і пачухаў абедзвюма рукамі свае пакусаныя камарамі і пабітыя аб рачныя карчажыны ногі.
Словы такія пакрыўдзілі дзеда.
Мне маёй пенсіі хапае. Сорак гадоў адрабіў на чыгунцы. І табе даю на пляшку, буркнуў стары, пайшоў да дзвярэй і ўжо з парогу дадаў: Тут, непадалёку, гэтага металу цэлая тона ляжыць.