Сонца адбірае вочы, і я нацягваю на бровы брылёк кепуркі.
У Амерыку мару злятаць праз цэнтр Зямлі. Мішка на імгненне спыняецца:
Як гэта?
А вось так: пракопваем праз цэнтр Зямлі скразную шахту, скочым у яе і вылятаем на тым баку, у Амерыцы.
Сябрук шморгае носам ёсць у яго такая звычка, азадачана чухае скронь.
Разганяцца, відаць, будзеш толькі да цэнтра Зямлі, а потым хуткасць будзе згасаць, Мішка мружыцца на сонца, голасна чхае. Думаю, метраў сто не даляціш. Назад абрынешся. Уяўляю, як русічка Марковіч, не даляцеўшы ста метраў да краю ямы, ляціць назад у чорную пройму, і стоена ўздыхаю. А калі выкапаць у тым месцы катлаван? І калі русічка падляціць схапіць яе за лыткі!
Нінэль Іванаўна Марковіч мой галоўны школьны вораг. Другую чвэрць запар ставіць трайбаны. Кажа: аніводнага правіла не ведаеш. А я, між іншым, дыктанты на чацвёркі пішу.
Звычайна дарогу ад школы дадому адольваем за шэсць хвілін. У Мішкі на руцэ гадзіннік, і ён любіць, выходзячы з падезда, засякаць час. У нашым 5-м «А» гадзіннік ёсць толькі ў яго ды ў маёй суседкі па парце Галкі Патрыкеевай. Дзесьці прыканцы ўрока толькі і чутны шэпт: «Міш, колькі засталося?» А мне і шаптаць не даводзіцца. Бяру суседку за руку, падцягваю рукаво і гляджу колькі там націкала. І, што дзіўна, суседцы гэта падабаецца. Галка, дарэчы, законная дзеўка. Як і Мішка, вучыцца на адны пяцёркі і часцяком дае спісаць хатнія заданні.
Мы яшчэ толькі на сярэдзіне дарогі пераходзім бульвар, а ўжо звініць званок на перапынак, і школьны будынак гэта чутна нават тут, на бульвары, дрыжыць ад галасу і тупаніны. Клас наш займаецца ў другую змену, таму Чыпаліна так мы называем старшую піянерважатую дадумалася збіраць савет дружыны перад заняткамі. Нас з Мішкам ад гэтых сходак цягне на ваніты. Але мусім на іх хадзіць, бо Мішка старшыня савета атрада, а я звеннявы і, да таго ж, адказны за збор металалому.
Пакуль дайшлі да школы, пакуль прабіраліся праз гаманкі натоўп першакласнікаў, пакуль узбягалі на чацвёрты паверх, пасяджэнне савета ўжо пачалося, і ў пройме дзвярэй піянерскага пакоя нас сустрэў роблена-саладжавы голас Чыпаліны:
Ёсць такія грызуны суркі. Яны паспаць любяць.
Усе глядзяць у наш бок, задаволена пасміхаюцца, а старшыня савета дружыны круглатварая, спрэс абсыпаная рабаціннем васьмікласніца Ждановіч лісліва пырскае ў далонь.
Сама ты грызуніха, шапоча Мішка, і мы сядаем на вольныя крэслы.
Піянерважатую завуць Святлана Іванаўна, але ўсе скрозь, нават настаўнікі, завуць яе Чыпалінай. Мянушку Святлана Іванаўна атрымала пасля таго, як зрабіла аднойчы мадняцкую прычоску: сабрала свае караткаватыя, нявызначанага колеру валасы ў пучок ды завязала на макаўцы.
Дык вось, паўтару для тых, хто не чуў піянерважатая ўжо сурёзнымі вачыма зыркае на Мішку. На мінулым тыдні дадзены старт патрыятычнай ініцыятыве: сабраць металалом для зборкі дзесяці магістральных цеплавозаў. Як вы разумееце, наша піянерская арганізацыя павінна самым актыўным чынам уключыцца ў гэтую справу. Я ўчора ўвечары пайшла да майстэрань і паглядзела колькі там сабрана металалому. Самая маленькая кучка, таварышы, у 5-га «А»! Міша Зыль у голасе піянерважатай зявіліся трывожная ноткі, адказвай: чаму так мала сабралі?
Мішка панурвае вочы, вушы ягоныя пунсавеюць.
Больш было, ды старшакласнікі на свае кучы перацягнулі, гугнявіць Мішка і па старой звычцы шморгае носам.
Чыпаліна круціць галавой.
Мы ўвечары разам пойдзем і паглядзім што ў цябе там перацягнулі.
За спінай маёю сядзяць, выставіўшы голыя каленкі, дзве рудавалосыя сямікласніцы. Яны ўвесь час аб нечым шэпчуцца, і я міжволі наструньваю слых.
Ленка з 8-га «А» бачыла. Выходзілі, кажа, з Карпавічам са спартзалы, а ў Марковіч ззаду спадніца да трусоў задзёртая Не паспела паправіць.
Піянерважатая цягне ўбок галаву, выглядаючы гаманкую сямікласніцу.
Матрунчык ты ж у нас адказная за збор металалому. Ты ж мусіш запісваць тое, пра што мы гаворым. А ты з Цвіцінскай балбочаш.
Палкі шэпт за спінай аціхае, і я не магу даўмецца, чаму ў русічкі задзерлася спадніца. Ці не на канат узлазіла, а потым спускалася?
Пасля заняткаў, убіўшыся ў хату, адразу ж хапаю том Жуля Верна і кладуся на канапу, піхнуўшы пад галаву падушку. Маці надоечы патушыла святло якраз у той момант, калі герой аповеду Аксель згубіўся ў падземным лабірынце, і перад тым, як чытаць далей, перабіраю старонкі, каб пераканацца, што герой не загінуў у падземных лёхах.