Ён намацаў ружжо і бязгучна выслізнуў за дзверы, прабег у цемры па вуліцы і ўбачыў постаць незнаёмага, які, хаваючыся, зазіраў у асветленае акно; ціха скараціў адлегласць, не выпускаючы таго з поля зроку: незнаёмец стаў бокам і зноў зазірнуў у акно. У святле месяца, што выбег з-за хмары, Антон Лашкевіч убачыў у яго руцэ пісталет.
Мінула хвіліна, другая. Незнаёмец нырнуў пад акном і, крадучыся, падышоў да дзвярэй. Зразумелыя былі яго думкі: калі ў хаце гарыць святло, значыць, там нехта ёсць, і трэба паспрабаваць ціхенька адчыніць дзверы. Незнаёмец сапраўды абмацаў клямку на верандзе і пацягнуў на сябе. Дзверы нават не рыпнулі, і ён, а цяпер Антон Лашкевіч не сумняваўся, што гэта быў «магіла», іх цяперашні выканаўца прысуду, праслізнуў унутр. Зараз ён адчыніць дзверы ў хату і трапіць у святло. Антон Лашкевіч перабег паласу травы, апынуўшыся ў цені хлеўчука, убачыў, як дзверы пачалі ціха расчыняцца, і постаць незнаёмца трапіла ў святло, і тады скамандаваў:
Кідай ствол, ну, хутка!
І адступіў убок, і правільна зрабіў, бо незнаёмец крутануўся і стрэліў на голас. Антон Лашкевіч адначасова націснуў на курок «тулка» выбухнула полымем, незнаёмец дзіка крыкнуў і зваліўся ў дзвярах.
Незнаёмец ляжаў на падлозе, сціскаючы рукамі жывот, газавы пісталет, перароблены на баявы, валяўся побач. Антон Лашкевіч нагой адкінуў яго, нахіліўся і ўбачыў хлопца гадоў дваццаці пяці з гожым тварам, які глядзеў на яго чорнымі, варяцкімі вачыма. Ён пазнаў яго.
Ты адзін? Выцягнуў з яго кішэні нож і дадаў:
Гавары, ну.
Не забівай! прахрыпеў хлопец.
Адзін прыйшоў? А хлопец выдыхнуў:
Перавяжы, я жыць хачу, не забівай!
Антон Лашкевіч расхінуў хлопцу куртку, кашуля была ў крыві, на жываце пульсавала рана, ён закрыў яе, а хлопец спяшаўся, прасіў:
Дапамажы!
Дзяўчыну ты апусціў? спытаў Антон Лашкевіч. Ты і ёсць так званы Разак? Ну, вось і сустрэліся.
Хлопец засоўгаў рукамі.
Баліць, ай як баліць. Ён ікнуў, твар у яго бляднеў.
Яны прыйдуць сюды разам, і табе гамон.
Мне і трэба, каб усе, сказаў чалавек на прозвішча Антон Лашкевіч. Хлопец зноў залямантаваў:
Памажы! Але раптам асунуўся долу і крыкнуў хрыпла:
Ну, страляй, сука! Страляй!
Але Антон Лашкевіч забраў пісталет і выглянуў за дзверы веранды. На панадворку было ціха, толькі з хаты несліся стогны і енк, а потым ён вярнуўся і ўбачыў, што ў хлопца пачалася агонія, ён шкроб рукамі падлогу, а неўзабаве выцягнуўся і заціх. Антон Лашкевіч падняў яго, падцягнуў да крэсла і пасадзіў, рукі і галава мёртвага ўпалі на стол, са спіны здавалася, што ён спіць седзячы. Чалавек па імені Антон Лашкевіч праверыў лямпу, кнот гарэў добра, і выйшаў з хаты.
Ён у цемры дабрыў да свайго двара, знайшоў бочку з вадой і памыў у ёй рукі, потым зайшоў у хату, зачыніў дзверы, паклаў ружжо на стол і зноў лёг на ложак.
2
Лічыцца, што тыя, хто ўваходзіць у жыццёвы перыяд з сарака да сарака васьмі гадоў, пражываюць гэты тэрмін як пераломны і лёсавы. У сорак год адбываецца перабудова фізічнага плана чалавека, а таксама адной формы свядомасці ў іншую час так званага Пераходу. За гэты перыяд чалавек уваходзіць у новую стадыю развіцця, альбо, што часта адбываецца, не завяршае змену. Да сарака фартуна нам быццам усміхаецца, а пасля ўжо крывая смяротнікаў раз-пораз імпэтна ўзнімаецца ў вышыню.
У сорак год не прынята нават спраўляць дзень народзінаў. Гэты дзень некаторыя свядомыя людзі калі-нікалі імкнуцца правесці ціха, без шуму і ні ў якім разе не завастраць на ім увагу.
Свае сорак пяць год паспяховы армейскі афіцэр Антон Лашкевіч сустракаў на прыродзе з сябрамі. У лесе на беразе возера распалілі вогнішча, насмажылі шашлыкі і зварылі юшку з некалькіх злоўленых карасёў. Жонка і дванаццацігадовая дачка яго заставаліся дома, у трохпакаёўцы непадалёку ад цэнтра горада. З імі было дамоўлена пасядзець за сталом пазней.
Чалавек па імені Антон Лашкевіч нарадзіўся ў беднай сямі ў адным з пасёлкаў у паўночнай частцы рэспублікі. Хлопец рос кемлівым, здаровым фізічна, і адзіным сродкам неяк уладкавацца ў бязлітасным жыцці стала для яго, як і для многіх падобных на яго аднагодкаў, армія. Паэтапна былі вайсковае вучылішча, служба ў аддаленых гарнізонах, баявыя дзеянні ў Афганістане, раненне, шпіталь і, урэшце, перад самым звальненнем, перавод у родныя мясціны аб чым апантана марыў і чаго дамагаўся ўвесь апошні час.