Юры Станкевіч - Шал (зборнік) стр 3.

Шрифт
Фон

Месяц зноў на кароткі час выбег з-за хмары, і святла ў акне хаты-падманкі паменела, а потым месяц знік, і тая хата па-ранейшаму была як невялічкі маяк. Маяк-падманшчык.

Ён стаў слухаць, як звініць у вышыні, недзе пад столлю камар, сціхае і зноў звініць.

Цеплыня пяшчотна ахутала яго грэла ватоўка, колькі ўжо часу прайшло,  падумаў ён,  і тут пачуў крокі за дзвярыма, дарэчы, зачыніў ён іх ці не? І чаму не спрацавала сігналізацыя? Але позна ўжо было бегчы, і ён толькі глядзеў, як дзверы адчыніліся і не, гэта было немагчыма, неверагодна Лідка нерашуча ступіла праз парог і агледзела яго сваім неспакойным позіркам. Ён бачыў яе стомлены, нервовы твар.

Ён падхапіўся з ложка і памкнуўся да яе, але дзяўчына спыніла:

 Не падыходзь, не трэба. І ён здзівіўся сам сабе, што трымціць ад радасці.

 Лідка! Ну, скажы хутчэй усё няпраўда?

Але яна адмоўна пахітала галавой і сказала зноў сваё:

 Ну, бачу, што чакаеш, не падыходзь. І ён мусіў спытаць пра зусім неістотнае:

 А як ты дзверы адчыніла? Я ж кручок накінуў.

Але дзяўчына адказала:

 Ну што ты, як малы, пытаеш, бачыш жа дзверы не зачыненыя, але ж у мяне мала часу, я табе хачу сказаць, што яны прыйшлі, ты чуеш?

 Але ж мы так даўно не бачыліся, давай сядзем, пагаворым, я сумаваў без цябе, чуеш, я сумую без цябе,  сказаў ён.

Яна быццам адразу зачапілася за гэтую яго думку і спытала:

 А ты кахаў мяне, ну хоць трохі, бо казаў, што не?

І ён адказаў тую праўду, якая жыла ў яго падсвядомасці.

 Так, раней сапраўды не кахаў, бо мне нельга, сама разумееш. Тады Лідка сказала супакоена:

 Дзякуй, які ты харошы, а зараз бывай. Ён хацеў схапіць яе за руку, каб спыніць, але схапіў пустату і прачнуўся.

Чалавек па імені Антон Лашкевіч, як і раней, ляжаў у цемры, на ложку, і за шклом цягнулася ноч, свяціўся прастакутнік акна ў хаце-падманцы, а кручок на дзвярах быў накінуты на прабой, ён добра бачыў гэта са свайго кута. Ён доўга так ляжаў, не варушачыся і адчуваючы, як паступова адплывае і раствараецца пачуццё пяшчоты моцнай і кранальнай, якой, магчыма, даўно не адчуваў ні да кога, так, ні да кога. Ён аблізаў перасохлыя вусны і сказаў у цемру:

 Ну дзякуй, Лідка, што прыйшла, папярэдзіла, бо я тут зусім адзін і на Пераходзе

І зусім ачуняўшы, знайшоў і схапіў чаравікі, сунуў у іх ногі, акуратна зашнураваў, бо гэта таксама важна,  прамільгнула ў яго галаве,  потым не будзе часу, а дробязь можа іншым разам вырашыць усё. Значыць, яны прыйшлі, калі Лідка папярэдзіла. Дзякуй, Лідка. Цяпер пачнецца невялічкае паляванне, і я вельмі заняты, Лідка, але ўсё роўна дзякуй за тое, што лёс нас звёў.

Ён таропка распіхаў па кішэнях патроны, усе, якія ляжалі на стале і ў пачку, пераламаў ружжо і ўпэўніўся, што яно зараджана.

Гэта была дубальтовая «тулка» «ТОЗ-54» са звычайным драўляным прыкладам, з двума куркамі, якія, праўда, узводзіліся без шчоўкання, што ён лічыў вялікім плюсам у сваіх абставінах; гільзы былі «папкавыя» і латунныя, а куля «спадарожнік» круглая, з моцным рыкашэтам, і далечыня паражэння ўсяго толькі да сямідзесяці метраў. Са зброяй увогуле было складана, і гэтае «блатное» ружжо, канфіскаванае ў браканьераў, ён купіў раней за невялікія грошы.

 Ціша.

Ён прыслухаўся: звінеў камар, ці, можа, яму падалося, можа звягнула сігналізацыя? Лідка прыснілася не дарэмна: сёння яны павінны прыйсці. На іх думку, ён тут сядзіць, як мянтуз пад карчом. Толькі б прыйшлі, бо горш за ўсё чакаць. У нас і так краіна суцэльнага чакання. Але Лідка ж ніколі не снілася яму, нават пасля таго, што здарылася,  значыць, яны прыйдуць.

Чалавек прыслухаўся і зірнуў на гадзіннік. Стрэлкі спыніліся на першай гадзіне. У роце было суха і хацелася піць, але піць цяпер не выпадае. Акно ў хаце-падманцы праз вуліцу роўна струменіла святло. Ён лёг на ложак, ужо ў чаравіках, і зноў пачаў глядзець.

Усё было быццам тое ж самае, але ўжо і не тое, бо нешта змянілася, ці яму нагадалася, хіліла ў сон, ён пазяхнуў, вочы самкнуліся, думкі пачалі блытацца, але неспадзявана ўздрыгнуў і сэрца яго закалацілася звягнула пустая бляшанка, значыць, спрацавала сігналізацыя, і тут жа ўбачыў, як да асветленага акна хаты-падманкі крадзецца цень.

Ён намацаў ружжо і бязгучна выслізнуў за дзверы, прабег у цемры па вуліцы і ўбачыў постаць незнаёмага, які, хаваючыся, зазіраў у асветленае акно; ціха скараціў адлегласць, не выпускаючы таго з поля зроку: незнаёмец стаў бокам і зноў зазірнуў у акно. У святле месяца, што выбег з-за хмары, Антон Лашкевіч убачыў у яго руцэ пісталет.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3