Сяргей Балахонаў - Імя грушы стр 12.

Шрифт
Фон

Другога студзеня нам паведамілі, дзе будзе праходзіць «Жаніцьба Цярэшкі». Спадарыня Яроцкая разам са спадаром Драбышэўскім ды яшчэ з кімсьці ўзяліся за ладжанне належнае хады абрадавай дзеі. Было дамоўлена з панам Прушынскім, што свята пройдзе ў ягоным маёнтку. Лошыца месціца зусім блізка ад Менску, і бальшыні меркаваных удзельнікаў гэта вельмі зручыла. Я не маю дастатковай information, каб сказаць каторым жа парадкам і на якіх умовах адбывалася тое дамаўленне. Але, як памысліць, дык справа мусіла неблагіх грошай каштаваць. Прынамсі сярэдні наклад якой-любя książki выпусціць льга было б. Абы цэнзуру прайшла. Зрэшты магло абысціся без грошай: пан Прушынскі не быў такім звычайным, як магло падацца. Але самі ўдзельнікі мусілі рабіць пэўны ўнёсак у скарбніцу свята, каб сталы не былі пустымі, каб на свяце іграў сапраўдны дудар. Акром таго ўсіх заставілі вывучыць сякія-такія вершыкі народныя, што адпавядалі выкананым у абрадзе ролям дзядулечкі і бабулечкі, то бок жаніха і нявесты. Мне было цікава, але крыху ўстыдна мовіць па-беларуску. Дура дурная была.


Шостага студзеня было не вельмі холадна градусаў восем мароза паводле Цэльсіуса. Сáма што й трэ было. Ласкавы, нават прыемны, марозік румяніў мяне больш, чым Паўлавы размовы. Мы ехалі ў санях. Звінелі бомы. Я спазірала прыменскія краявіды, укрытыя снежнымі кілімамі і бухматай шэраню. На прасторы аднаго з палёў паўзбок дарогі высілася старое дрэва. Нібы аплікацыя чорным аксамітам па белай баваўнянай тканіне.

Маці, мая маці! Што то за прычына,
Што на нашым полі стаіць тапаліна?

Нехта заспяваў у пярэдніх санях. Павел пасміхнуўся і прамовіў да мяне:

 Якая ж гэта тапаліна? Гэта груша. Мабыць даўно ўжо цвіла ў апошні раз, але гаспадар для суладдзя трымае. Праўдзівая паэзія. Наташанька, тут жа праз аднаго паэты жывуць. Пішуць. Па-крыўску. Па-польску.

Відовішча мяне ўразіла, але на словах захаплення я выдаваць не стала:

 Не забудзь яшчэ французскую, расейскую, лаціну ўрэшце. Вось касцёлік стаіць, а арганіста там, што хутчэй, за славаю Гарацыя ўпадае.

Помнік я зладзіў сабе высачэйшы за грушу,

Якая стаіць на валоках васпана N.

Паэзія! Дзе тая паэзія? Дзе? Дзе брат Міцкевіча? Дзе Крышталевіч? Дзе новыя ўзоры бездакорных вершаў?

Я не смехам разышлася, ажно Аляксандраў на хвілю сумеўся ды зніякавеў, а потым весела сказаў:

 Як жа я цябе кахаю!  і прыгарнуў бліжэй да сябе.

Давялося рабіць выгляд быццам казурка сумневу не поўзае ў маіх думках, а кроў не віруе ад успамінаў ночы, калі я без вынятку ўся Славу належыла, а Слава Вытанчаны Слава! Святарны Слава!  мною ўсёй валодаў. Што то было за насланнё!


Не ведаю для чаго пан Прушынскі паставіў той прасторны драўляны дом, бо там яўна ніхто не жыў. Прынамсі прыкметаў гэтага не траплялася на вочы. Сустракалі нас сяляне перашэптамі: «Дзіўныя паны якіесь: Цярэшку жаніць, як прастыя людзі сабіраюцца». У доме ўжо было нацеплена, заставалася толькі накрыць стол ды дачакацца засталых удзельнікаў свята. З мне знаёмых там ужо былі спадарства Ляхоўскі, Драбышэўскі, Скавыш, Чапулецкі, Яроцкая, Свентаржэцкая, Акімовіч-Загорскі з жонкай Марыяй, пан Кляшторны з нарачэнай Амаліяй Роткірх ды багата іншых. Спадар Боўт затрымліваўся. Не было і абяцанага дудара. Мы паскакалі пад скрыпачку і дудку прысутных музыкаў. Каб было фартэпіяна, я б зайграла што-небудзь з «Беларускага вяселля» Абрамовіча. Але інструменту пад рукой не было, дый выглядаў бы ён там увачавідкі недарэчна. Абы трохі аддыхацца пасля скокаў, пачалі гуляць у загадкі. Памятаю спадарыня Каміла такое загадала, што і цяпер не адгадаю: «Ляжыць Рыгор памеж гор, лапушком прыкрыты». Акурат, як прагучала гэная загадка ў дом увайшлі мой жаданы Славачка і незнаёмец з бародкаю і вусікамі выразна старэйшы ад бальшыні сабраных. Гэта быў дудар з Вітэбску Арцём Дарэўскі. Выявілася, што ў нашай грамадзе ён меў досыць знаёмцаў ды нат сяброў. Надта ж усе ажывіліся, кінуўшыся вітацца.


За сталом быў учынены так званы кіліх кола, калі ўсе па чарзе прамаўлялі размаітыя жычэнні ды прыгублялі піва з вялікага глінянага куфля. Пітво заядалі лыжкаю куцці, то бок адмыслова з гатаванай кашы з разынкамі, чарнаслівам і крышанымі салодкімі грушкамі. Смак выбітны, лепшы ад многіх заморскіх ласункаў. Нейкі час доўжылася застолле. Аж нехта проста пад вухам у мяне выгукнуў: «А ці ня час нам ужэ Цярэшку жаніць?». І сябрына загула на знак згоды: «Час ужэ, час!». Канечне прыпомніць таго тлуму маляўніча я не здолею. Неўзабаве выбралі татку і мамку, чыіх імён я не помню, але добра памятаю прозвішчы Абуховіч ды Цюндзявіцкая адпаведна. Векам яны ніяк ад нас не адрозніваліся, а па-просту мелі такую ролю дзетак жаніць. Пачаліся ўсялякія гульні, каб кожны глянуў на свайго імавернага абранніка in aktion, ацаніў кемлівасць і спрытнасць. Вайніслаў увесь час перамагаў, гуляючы ў «Зюзю». І нейкія тры спадарычы з ваярскім імпэтам вырашылі перайграць Славачку ў той гульні. Зрэшты, якое дачыненне да божышча зімы Зюзі мелі завязаныя вочы, біццё адно аднаго паясамі і мусовае трыманне левае рукі да нізу ножкі стоўчыка, я сказаць тут не магу. Славу перамаглі. Ён быў мабыць стомлены. Мяне агортвала злаба. Вакол Славачкі завіхалася спадарыня Ірэна, а сам ён выяўна ўдыгаў за Камілаю. Мой жа мілы распускаў хвост перада мною. Спяваў падчас скокаў наруглівыя прыпевачкі. Я нават спужалася, што нехта выдаў мае небяспечныя сувязі з іншым мужчынам:

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3