Васіль з Сымонам замаўчалі. Яшчэ выпілі. Вінярскаму яшчэ больш паспакайнела.
Васіль, а дзе можна прачытаць тваі праізведзенія? упершыню ў жыцці па-беларуску, з натугай падбіраючы словы, спытаў Вінярскі. ён не пазнаў свайго голасу быццам нехта чужы спытаўся.
Зайдзі ў любую кнігарню, стаіць кніжка, неахвотна адказаў Васіль.
Сымон хіхікнуў, але ў той жа момант сагнаў усмешку, сказаў з прытворным жалем, уздыхнуўшы:
Народ не цэніць сваіх прарокаў. Мала купляецца беларускіх кніжак!
Дык ты ўспомніў мяне? павярнуўся Васіль да Вінярскага, гледзячы на яго сваімі дзявоча-сінімі пянаватымі вачыма; цяпер валасы ў яго абсохлі і ўжо не былі падобныя на буклі, а ляжалі акуратнай «футбольнай» прычоскай, зачэсаныя з ілба назад і з бакоў і з патыліцы падрэзаныя роўным «гаршком».
Вінярскі кіўнуў; ён адчуў, што зараз пачнецца тое, для чаго бялявы яго сюды і прывёў.
Сымон, відаць, ад таго, што так захацелася Васілю, таксама адразу ж пераключыўся на Вінярскага.
Сябра твой, Васіль? спытаў ён тым строгім, спаважным голасам, якім чамусьці лічыў патрэбным гаварыць кожны раз, калі звяртаўся да Вінярскага.
Сябра. Блізкі. А ведаеш, Сымон, як мы пасябравалі? (Далей бялявы расказваў толькі Сымону і знарок ні разу не глянуў на Вінярскага.) Год назад, Сымон, у Мінску быў май месяц. Уяві сабе ціхі, цёплы, густы вечар канца мая, «шарую гадзіну», як піша Адамчык, зялёнае Завакзалле, бэз цвіце, і грушы, і вішні, уяві маладога чалавека, які нядаўна здаў апошні экзамен універсітэта, знайшоў сабе працу карэктара ў газеце, што давала яму магчымасць застацца ў любімым горадзе, наняў танна пакойчык у адной з хат у тым самым Завакзаллі Акно нізкае, адчыняецца ў агарод, з агарода пахне расою, травой, бэзам, верабей у кусце бэзу шчабеча, жаба скача ў роснай траве пад самым акном Столік, на якім стос белых, чыстых аркушыкаў, аловак, пачак цыгарэт; а за акном, за агародам, недзе далёка ў горадзе, у адным з інтэрнатаў чакае дзяўчынка-першакурсніца Карацей, я палез, сарваўся з балкона і зламаў нагу. Апамятаўся толькі ў машыне, што везла мяне вось да іх, да гэтага Вінярскага Да ночы праляжаў у прыёмным пакоі то не маглі знайсці рэнтгенолага, то не было каму накласці гіпс, але ўрэшце сяк-так наклалі, прывезлі ў палату, скінулі, як калоду, на ложак. I дзверы зачыніліся. Ні ўколу, ні таблеткі, і каго зваць, каго прасіць?.. Боль люты, вачэй не самкнуў да самай раніцы, трэсла ўсяго, як малярыйнага. Пад раніцу прачынаецца палата, акрамя мяне, яшчэ сем чалавек, хто на выцяжках, хто трохі з мыліцамі соўгаецца. У палаце смурод, бруд, усе кураць. Заходзіць санітарка маленькая, неахайная жанчынка гадоў пад семдзесят (пасля даведаўся, што ёй трыццаць), вітаецца: «Што, забулдыгі, прачнуліся?» Ёй адказваюць радасна: «Ага! Прынесла?» Прынесла. Літровую пляшку спірту. Тут жа адзін устае, клыпае да ўмывальніка, з-пад крана разбаўляе спірт, тут жа разам з санітаркаю пахмяляюцца, падносяць тым, хто ляжыць Закурваюць і сядаюць гуляць у карты. Карты ляпаюць, спірт булькае, дым плыве, рогат стаіць а я ляжу, галаву пад падушку. Перад абходам трохі прыбраліся, выкінулі «бычкі», схавалі шклянкі, леглі ў ложкі. Заходзіць вось гэты, з касічкаю, Вінярскі. Моўчкі запісвае нешта ў сшытак і паварочваецца ісці. Крычу ўслед: «Доктар, колькі мне ляжаць?!» «Сколько нужно». Я рвуся, ледзь не падаю з ложка, каб хоць на секунду затрымаць: «Я не спаў ноч, дайце, калі ласка, укол!..» «Папрасіце сястру». Дзе яна, тая сястра, хоць бы пабачыць яе!.. Не столькі хачу ўколу, колькі таго, каб чалавек з касічкаю хоць на міг прысеў побач, зразумеў, што яшчэ ўчора быў вечар і бэз пад акном, стос белых лістоў і пахі расы а сёння смурод ад невынесеных суднаў, страшная санітарка, спірт Толькі б гэта неяк зразумеў чалавек у белым халаце і сказаў бы пару слоў: «Усё мінецца, праз дзень, ці праз тыдзень, ці праз месяц зноў будзе ў цябе і вечар, і бэз пад акном» Але не прысеў, не сказаў і след прастыў чалавека ў белым халаце, з касічкаю Ажыўляецца палата. Скідваюць грошы. Зяўляецца санітарка: «Вот, б, мая любімая палата!» Абед і разводзіцца спірт пад кранам, карты, цыгарэты Увечары ўпершыню ўбачыў сястру, прыйшла рабіць мне ўкол злая, хамка, як і ўсе яны ў той клініцы; буркнула: «Больше уколов не будет» «А як быць, я спаць не магу» «Ну и что?! Пусть родственники приносят уколы!» «Скажыце, а хто можа судна вынесці?» «У нас санитарок не хватает, приходят родственники и выносят!» I каму сказаць, што дзе ўзяць гэтых «родственников», калі іх проста няма ў Мінску?.. Толькі прыплюснуў вочы, задрамаў на міг бух! праляцела мыліца, стукнула ў сцяну над галавою Крыкнуў голас: «Нож, нож схавай» валтузня, крыкі Нечага не падзялілі карцёжнікі. Але вось супакоіліся, памірыліся, заспявалі песню. Нехта ўпаў загрымелі мыліцы Другая бяссонная ноч. Другая раніца з санітаркаю, пахмелкай спіртам, другі абход, Вінярскі з касічкаю, у бялюткім халаце, чаравікі блішчаць, малады, свежы, недаступны Ізноў ледзь не кідаюся з ложка, бо ізноў Вінярскі, ледзь спатыкнуўшыся на парог, паварочваецца сыходзіць, прашу: «Доктар, пазваніце на працу, скажыце там, дзе я!» Просьба разбіваецца аб зачыненыя дзверы Мною пачынаюць цікавіцца: чаму з імі не пю? Падсаджваецца да мяне на ложак сусед былы зэк, цяпер бомж, ляжыць тут паўгода. Адседзеў пятнаццаць гадоў за згвалтаванне і забойства. Нажом забіў чалавека. Гэтая палата для яго, відаць, камера, і ён тут «пахан». Гэта на яго ўчора крычалі «схавай нож». Вось і нож, ляжыць зверху на тумбачцы. Шклянка разбаўленага спірту, прыкрытая лустачкай хлеба, стаіць побач, каля нажа. Жыві не хачу. «Будуць выпісваць, дык я сам сабе ўсе косці паламаю, кажа мой сусед. Начорта мне выпісвацца, што мне там, на вуліцы рабіць, зноў у турму сядаць?» Вечар, карты, санітарка прывяла сяброўку, ціскаюць іх, качаюць па ложку, перакулілі судна смурод Вінярскі, вось мы з табою сядзім, выпіваем, звычайныя, роўныя людзі. Вось цяпер скажы мне: няўжо табе цяжка было даць мне таблетку дымедролу? Пазваніць да мяне на працу? Няўжо гэта так цяжка?