Андрэй Федарэнка - Ланцуг (зборнік) стр 16.

Шрифт
Фон

 Васіль!  пачуўся з кутка радасны, хрыплаваты голас.  Сюды!

З-за століка ў глухім кутку падняўся мужчына і шырока раскінуў рукі, нібы падрыхтаваўся для абдымкаў.

 А, Сымон,  сказаў бялявы, падышоў, але ў абдымкі не палез, проста падаў мужчыну руку.

Вінярскаму нічога не заставалася, як падысці і зрабіць тое ж самае. Мужчына, моцна сціскаючы яго пальцы, пільна і строга гледзячы яму прама ў вочы, робячы пасля кожнага слова паўзы, з паважнай урачыстасцю назваў сваё імя, імя па бацьку і прозвішча (Вінярскі запомніў толькі імя Сымон; як і потым, згадваючы гэты дзіўны вечар, колькі ні сіліўся, так і не змог успомніць ні прозвішча, ні імя па бацьку гэтага чалавека).

Калі Вінярскі прамаўчаў, мужчына, усё не выпускаючы яго рукі, дадаў:

 Празаік, паэт, крытык. Магу эпіграмы і пародыі. Член Саюза пісьменнікаў Рэспублікі Беларусь.

 Не хваліся,  сказаў бялявы, які стаяў побач і пералічваў грошы.

Не дачакаўшыся ад Вінярскага ніякай рэакцыі, мужчына выпусціў яго змакрэлую далонь, сеў за столік і пакрыўджана сказаў:

Магу паказаць пасведчанне.

Я веру, што вы!  хуценька адказаў Вінярскі. Яму было няёмка ад таго, што ён не змог нечым дагадзіць чалавеку.

Бялявы пералічыў грошы, падняў вочы ў столь, падумаў і пабег да стойкі.

VIII

 З кім маю гонар сядзець за адным столікам?  з той жа строгай важнасцю, быццам кожнае яго слова мела надзвычайную вагу, спытаў мужчына, калі Вінярскі прысеў.

З хірургам Доктарам,  адказаў Вінярскі, здзіўлены і такім высокім стылем, ды і ўвогуле беларускай мовай, якую яму нязвыкла было чуць з вуснаў звычайных людзей. Ён спадцішка агледзеў мужчыну. Яшчэ з парога, калі мужчына паклікаў Васіля, ён падаўся Вінярскаму маладым недзе сваім аднагодкам, ну, можа, гадоў пад трыццаць; цяпер ён бачыў, што мужчыну, бадай, удвая больш. На ім быў паношаны касцюмчык, кашуля ў блакітны гарошак, расшпіленая на два верхнія гузікі; і шыя, і худыя далоні з доўгімі пальцамі, у якіх Сымон круціў пустую шклянку, і круглы, змаршчыністы, бы спечаны яблык, твар былі пакрыты цёмна-бурым загарам, быццам стары толькі што вярнуўся з паўднёвых пляжаў.

Што ж, прыемна, калі і медыцына далучаецца да такой важнай справы, як культурны адпачынак,  пажартаваў Сымон і шчоўкнуў пальцам па вострым загарэлым кадыку акурат як Васіль нядаўна, на могілках.

На стале стаяла пустая шклянка і ляжаў акрайчык хлеба, а на сурвэтцы шчопаць солі. Сымон перахапіў позірк Вінярскага, уздыхнуў:

 Не ў пашане цяпер пісьменнікі А калісь і я гудзеў. На адзін ганарар мог купіць паўмашыны або паўкватэры. А цяпер паў-шклянкі гэтай вось гадасці, ён падманіў Вінярскага пальцам, і, калі той нагнуўся, прашаптаў яму ў вуха, дыхаючы гарэлкаю, паказваючы на бялявага, які каля стойкі гаварыў з барменам: Васіль во хто! Талент на мяжы з геніяльнасцю. Во хто верне нашай роднай літаратуры яе былую пашану і веліч! Я хоць намнога старэйшы, але я яму самы блізкі сябар

Вінярскаму ўспомніўся нябожчык Стэльмах, які таксама яго, маладзейшага за сябе, лічыў самым блізкім сябрам, і на душы зрабілася неяк нудна, абыякава; захацелася хутчэй аддаць бяляваму гэтыя грошы і сысці адсюль

Васіль між тым вярнуўся, паставіў на стол графін з гарэлкаю, талерку бутэрбродаў, пабег зноў, прынёс шклянкі, колу, мінералку Стары хуценька ўхапіўся памагаць: разліў па шклянках гарэлку, расклаў перад кожным бутэрброд на сурвэтцы Вочы ў яго адразу ж засвяціліся.

Прапаную тост!  сказаў ён, высока падняўшы руку са шклянкаю, з захапленнем гледзячы на Васіля.  За будучы гонар нашай роднай літаратуры!..

Перастань,  Васіль прафесійна выпіў, дастаў з пачкі цыгарэту і закурыў; цыгарэты навучаны Вінярскі адразу ж, як сеў, выклаў перад сабою на стол.

Сціпласць адзнака таленту,  сказаў стары, выцадзіў сваю порцыю паволі, урачыста; тады скалануўся ўвесь, уздыхнуў, узяў з бутэр-брода кавалачак салёнага агурка і з асалодай пачаў жаваць. Закусіўшы, звярнуўся зноў да Васіля:

 Як твая другая кніжка?

Бялявы скрывіўся і пацягнуў бокам рота паветра, быццам яму балеў зуб. Відаць, стары закрануў штосьці не вельмі прыемнае, але важнае для іх. Дакурыўшы, Васіль прытушыў аб сподак недакурак і пачаў гаварыць старому хутка, так, што Вінярскі не разбіраў і палавіны слоў нешта пра паперу, мільёны, тыражы Стары з усім згаджаўся.

Вінярскі глядзеў на іх і слухаў, ледзь не раскрыўшы рот. Гарэлка адразу расслабіла яго, усё вакол успрымалася як нейкая нерэальнасць; вельмі ўжо хутка і нечакана ён патрапіў з карабля на баль з могілак у гэтае кафэ, у кампанію дзіўных людзей, якія Вінярскі ўпершыню ў жыцці сутыкаўся з гэтым і ў побыце, і ў час выпіўкі, і, відаць, паўсюль і заўсёды гаварылі па-беларуску. На яго вялікае здзіўленне, гэтая мова і людзі, што на ёй размаўлялі, ніколькі не раздражнялі яго. Ён прыслухоўваўся да свайго ўнутранага голасу, звыкла чакаў, калі голас скажа яму, што гэтыя людзі «ніжэйшая раса», такія ж, як і любыя пяніцы, і імі трэба пагарджаць; але нечакана голас сказаў яму, што людзі гэтыя на дзесяць галоў вышэйшыя за яго, супермэна, чыстаплюя Вінярскага, што ёсць у іх за душою нешта такое, пра што Вінярскаму і не здагадацца, каля чаго ён не стаяў і блізка, і не пагарджаць яму імі трэба, а, самае разумнае, рабіць тое, што ён і робіць: слухаць, раскрыўшы рот, і старацца нешта зразумець.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3