Франц Іванавіч Сіўко - Эдэм (зборнік) стр 9.

Шрифт
Фон

Пелагея, як і Фокс, увесь гэты час не адыходзілася ад цёткі. І толькі калі на змену прыходзіў Андрэй Мікалаевіч, давала сабе адпачынак: ішла ў свой пакой і там, у ложку, да мятлікаў у вачах узіралася ў мапу. Да адезду ў Дубраўку заставалася яшчэ больш месяца, але на душы было трывожна. Як то будзе ў тым незнаёмым, адно з дзядзькавых аповедаў вядомым ёй месцы?

Заспакойвала тое, што граф меў намер узяць з сабою Дыбу. Значыць, Бронак таксама паедзе. А можа, і не хто ведае, як далей усё складзецца? Пітво так слаба дзейнічае, і раптам Марыя Іпатаўна ачуняе і выканае пагрозу іх разлучыць?

Зрэшты, можа, і не ачуняе. Толькі б Фокс што не западозрыў. Ад гэтага ўніклівага немца ўсяго можна чакаць.

Напрыканцы трэцяга тыдня Марыі Іпатаўне палепшала. Але не цалкам: даймалі прыступы млоснасці, балела галава, звінела ўвушшу. І яна абявіла мужу, што ў Дубраўку паехаць не зможа, а застанецца ў Крайне да наступнага лета.

Андрэй Мікалаевіч павохкаў, паўздыхаў, ды іншага выйсця, як выпраўляцца аднаму, не было. Вядома, ён паедзе у суправаджэнні Пелагеі і маладога Дыбы. Старэйшы, каб не агаляць крайнаўскае гаспадаркі, застанецца тут з сястрою графа Тацянай і яе сынам Валодзем.

Васямнаццатага траўня караван з дзесяці падвод і экіпажа выехаў з маёнтка.

Пелагеін скарб месца заняў няшмат. У самым надзейным ляжала мапа. Спачатку яна хацела ўзяць усе, але ў апошні момант перадумала і задаволілася адной той, на якой ужо колькі месяцаў чырванела абведзеная алоўкам лінія паміж сядзібай і далёкай Дубраўкай.

7

1822

Дубраўка

Пелагея запаволіла хаду, сочачы з-пад рукі за вокнамі графіні, павольна спусцілася да ракі.

Бронак сядзеў на ляшчыніне збоч купальні і гайдаў нагою вызваленую напалову з вады лодку. Побач паблісквалі халявамі новенькія боты, шавец Ёсель надоечы перадаў іх хлопцу з мястэчка праз знаёмых.

Яна сышла са сцежкі, асцярожна ступіла босымі нагамі па пяску, наблізілася да лодкі. Бронак падхапіўся з месца, памкнуўся да яе. Але блізка падысці не асмеліўся не пускала крыўда.

Вось ужо колькі тыдняў, як адносіны між імі прыкметна падпсаваліся. Яны і даўно ўжо былі не такія бясхмарныя, як раней, а тут яшчэ гэты Людвік Лазоўскі Сядзеў бы ў Вільні, у сваім універсітэце, дык не, закарцела па суседстве з Дубраўкай, у бацькоўскай сядзібе, асесці. Як на злосць, там якраз школка, у якой Пелагея за настаўніцу і ў якую тры разы на тыдзень ездзіць праводзіць урокі.

 Андрэй Мікалаевіч цябе кліча.  Пелагея порстка ўбрыла ў ваду.  З лямусам нешта.

Бронак злосна пхнуў лодку нагою.

 З лямусам! Я не цесля, здаецца.

 Пан Дыба такіх слоў не ўхваліў бы.  Пелагеін голас гучаў як ніколі спакойна.

Гэта канчаткова раззлавала Бронака. Але напамін пра нябожчыка бацьку, які памёр падчас эпідэміі тыфусу неўзабаве па прыездзе з графіняю ў Дубраўку, трохі астудзіў раздражненне. Ён саскочыў з ляшчыніны, з сашчэпленымі шнурам ботамі ў руцэ паплёўся да пакояў. Ужо дапаў да пагурка, як пачуў: ззаду плёснула вада. Азірнуўся: Пелагея, шырока раскідваючы рукі ўбакі, плыла праз заточку да другога берага.

Андрэй Мікалаевіч сядзеў на ганку, моршчыў лоб ды моўчкі назіраў, як цеслі завіхаюцца ля будоўлі. Нерваваўся: ці ж так марудна ішла б справа пры Феліксе? Трэці год, як мужыкі, рабуючы нічыйную яшчэ тады сядзібу, спалілі лямус, і так хочацца як найхутчэй яго аднавіць. Можа, наогул не варта было брацца за справу. Але ж як без лямуса і асабліва без лядоўні? Вунь колькі ялавічыны спрахла летась. Зіма выдалася мяккая, адліжная, а хто ўгадае, якая будзе сёлета.

На ганак выйшла ў суправаджэнні пакаёўкі Марыя Іпатаўна, накіравалася да вогнішча пад дрэвамі там другая пакаёўка, Туфіля, варыла варэнне з прынесеных дзеўкамі ягад.

Андрэй Мікалаевіч хацеў загаварыць з ёю, але не наважыўся. Жончына зацятасць у адносінах да Пелагеі і яе нелюбоў да тутэйшага люду ўсялякую размову нязменна ператваралі ў спрэчку. Ды і зараз ёй, падобна, было не да размовы: выгаворвала Туфілі.

 Колькі казаць табе: ложка, а не лыжка! Калі ўжо ўцяміш?

 Уцяміш тутака!  Туфіля злосна, ажно разляцеліся ўбакі пырскі, тыцнула лыжкай у варэнне.  То з аднаго вучыся, то цяперака во іначай ужо. Маладзейшыя няхай, а нам і так добра.

З-за сажалкі выбегла з падхватнікам у руках Антолька, падляцела да маткі. Туфіля выняла з чыгуна аблепленую пенай лыжку, дала дзяўчынцы аблізаць. Тая борзда аблізнула, але адыходзіць не спяшалася.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3