Зразумела, што часта завітваю ў яе залы, падоўгу прастойваю пры паліцах і праглядаю навінкі. Някепскі там аддзел выяўленчага мастацтва, і адным з апошніх маіх набыткаў стаўся невялічкі па фармаце, але досыць адметны томік французскага мастацтвазнаўцы і пісьменьніка Паскаля Банафу. Ягоная кніжка «Ван Гог. Асьлеплены сонцам» ціхамірна далучылася да маіх ранейшых, славянскіх, традыцыйных.
Мы ўжо звыкліся да таго, што кнігі па мастацтву найчасьцей выбудоўваюцца паводле наступнай траічнай схемы: уступны артыкул аўтара-мастацтвазнаўцы ілюстрацыйная частка з подпісамі навукова-даведачны апарат. А кніга Паскаля Банафу нязвыклая дызайнам і вёрсткаю. Нязвыклая ўжо адным тым, што распачынаецца васьмю(!) жывапіснымі аўтапартрэтамі Ван Гога, напісанымі ім у розныя гады. Праўда, гэтыя розныя гады чатыры з апошніх у ягоным жыцьці. На іх Вінцэнт нібыта імкнецца пераканацца ў сваёй рэальнасьці, у тым, што істота з плоці і крыві яшчэ мысьліць, яшчэ не зьнікла пад націскам пачуцьцяў і адчуваньняў. Што вочы яшчэ не выпалены ні сонцам, ні ўнутраным пякельным сьвятлом. Ван Гог-мастак утрапёна пісаў Ван Гога-чалавека. Па-за гэтымі аўтапартрэтамі творчыя тычкі трагічнага шляху і пошукаў свайго прызначэньня ў сьвеце. І гэтыя аўтапартрэты тым болей каштоўныя і неацэнныя, што фотапартрэтаў самога мастака захавалася ці не два!
На адным зь іх Вінцэнт вучань пансіяната Жана Правілі ў Зевенберзане ў трынаццацігадовым узросьце. У позірку падлетка, што застыгнуў перад фотакамерай, выразна прачытваюцца разгубленасьць і самота. Другі фотапартрэт Ван Гога быў зроблены праз пяць гадоў. Але і на ім, зробленым у Гаазе напачатку 1870-х, васемнаццацігадовы гандляр творамі мастацтва і рэпрадукцыямі з іх, выглядае безаабаронным і няўпэўненым. Можа, якраз з таго часу Вінцэнт перастаў давяраць і давярацца абектыву фотаапарата, каб праз паўтары дзесяткі гадоў звярнуцца да суперсубектыўнасьці графічных, а потым і жывапісных аўтапартрэтаў?!
У парадку лірычнага адступленьня заўважу яшчэ, што на ўсіх выявах Ван Гог зацяты, сурёзны, засяроджаны. Выключэньне ведаю толькі адно. Даўні знаёмца, мастак Алег Карповіч, які актыўна займаецца і газетнай журналістыкаю, намаляваў падчас адной з нашых з ім гутарак пра вялікага галандца і апублікаваў у сваім выданьні партрэт усьмешлівага Ван Гога, ці не адзіны ў гісторыі мастацтва
Што тычыць самога тэксту Банафу, дык прываблівае ён чытэльным стылем і тым, што ўнікае псеўданавуковай сухасьці ў дасьледваньні і ў падачы матэрыялу. Акрым таго, нямала ў ім сьмелых версій, творчых адкрыцьцяў-саторы, калі пакарыстацца тэрміналогіяй з японскай паэтыкі. Не пазьбягае аўтар і так званых вострых вуглоў у асьвятленьні жыцьцёвага шляху мастака, праўдзіва і мужна, без усялякіх залішніх эўфемізмаў называе рэчы іхнімі сапраўднымі імёнамі
Але, што гэта я ўсё пра альбомы ды пра кнігі! Давай лепей раскажу Табе пра жыцьцё і творчасьць самога мастака. Раскажу ў традыцыйнай, храналагічнай пасьлядоўнасьці.
Ну, дык вось, нарадзіўся будучы мастак 30 сакавіка 1853 года ў галандскай вёсцы Грот Зюндэрт, што непадалёк ад горада Брэда, у сямі пратэстанцкага прапаведніка-кальвініста Тэадора Ван Гога. Ягонай маці была Ганна Карнэлівус Карбентус, дачка прыдворнага пераплётчыка. Так склалася, што яшчэ з канца сёмага (!) стагоддзя ў радзіне Ван Гогаў хтосьці насіў імя Вінцэнт. Паставіў клічнік у папярэднім сказе таму, што нярэдка мы або нашыя знаёмцы не ведаюць, як звалі прадзедаў і чым тыя займаліся. А што тычыць напісаньня і вымаўленьня імені Vincent, дык не гучыць мне, аніяк не прамаўляецца прамая калька з мяккім «с». А можа, віною таму накладка беларускай традыцыі, звычка прамаўляць каталіцкія імёны кшталту Вінцэнтага Дуніна-Марцінкевіча. Але нават калі памыляюся, дык гэта невялікі грэх не энцыклапедычны артыкул пішу і не мастацтвазнаўчае дасьледваньне.
Мяркую, што частка сямейнага прозьвішча Ван азначае ў галандскай мове прыналежнасьць да сьвятарскага занятку. Так гэта або не, аднак менавіта Вінцэнтам звалі дзядулю будучага мастака. Трое з шасьці ягоных дзядзькоў гандлявалі творамі мастацтва. Гэта былі бацькавы браты. Вінцэнт (дзядзька Сент) гандляваў жывапіснымі творамі, і быў пастаўшчыком двара іх Вялікасьцяў караля і каралевы, і за некалькі гадоў працы ў Гаазе разгарнуў справы да еўрапейскага маштабу. Хендрык Вінцэнт (дзядзька Хэм, што, пагадзіся, больш звыкла нам у ласкава-паблажлівым азначэньні амерыканскага літаратара Эрнеста Хэмінгуэя) вёў гандаль у Бруселі, а Карнэлівус Марынус (дзядзька Кор) заснаваў у Амстардаме фірму «C. M. van Gogh».