Эдгар Аллан По - Маска Чырвонае Смерці (зборнік) стр 11.

Книгу можно купить на ЛитРес.
Всего за 117 руб. Купить полную версию
Шрифт
Фон

Вучонасць Марэлы была надзвычайнай. Клянуся сваім жыццём, таленты яе былі не тымі, якімі хваляцца звыклыя людзі, моц яе розуму была тытанічнай. Я адчуваў гэта і стаў яе вучнем ва ўсіх сэнсах. Хутка я заўважыў, што яна магчыма, з прычыны свае Прэсбургскае* адукацыі давала мне містычныя творы, якія звычайна лічаць проста адкідамі ранняе нямецкае літаратуры. Я не мог зразумець прычыны таго, але яны былі ўлюбёным і заўсёдным прадметам яе вывучэння, а з часам сталі і маім, што можна патлумачыць простым, але ўладным уплывам звычкі і прыкладу.

Ва ўсім гэтым, наколькі я ведаю, розум мой не браў ніякага ўдзелу. Мае перакананні ці я забываюся?  ніяк не закраналіся ідэальным, і ніякае адценне містыцызму, пра які я чытаў, ці я памыляюся?  не афарбоўвала маіх думак і ўчынкаў. Упэўнены ў гэтым, я цалкам аддаўся кіраўніцтву свае жонкі і з непахіснаю рашучасцю рушыў у лабірынт яе заняткаў. А потым потым, калі, схіляючыся над забароненымі старонкамі, я адчуваў, як забаронены дух абуджаецца ўва мне,  Марэла клала сваю халодную руку на маю і наварушвала ў попеле мёртвае філасофіі некалькі прыглушаных, дзіўных словаў, чыё цьмянае значэнне выпаленае ў маёй памяці. А потым, гадзіну за гадзінай, я ўсё сядзеў ля яе і цалкам аддаваўся музыцы яе голасу, пакуль урэшце ў мелодыю не закрадаўся страх, і падаў цень на маю душу, і я бляднеў, і дрыжаў унутры ад гэтых звышнатуральных гукаў. Так радасць раптам зрыналася ў жах, і найчароўнейшае рабілася найагіднейшым, як Гіном стаў Геенай*.

Няма неабходнасці падрабязна апісваць гэтыя даследаванні, якія, пачаўшыся са згаданых мной трактатаў, сталі адзінай нашай маёй і Марэлы тэмай для размовы. Хто вывучаў тое, што можна назваць тэалагічнай этыкай, лёгка ўявіць іх сабе, хто не вывучаў наўрад ці іх зразумее. Неўтаймаваны пантэізм Фіхтэ, Παλιγγενεσια[6] піфагарэйцаў і асабліва вучэнне Шэлінга пра тоеснасць* былі найбольш прывабнымі тэмамі для багатага ўяўлення Марэлы. Тоеснасць, якая называецца асабістай, містэр Лок* слушна, на мой погляд, вызначае як нармальнасць разумнае істоты. І калі пад асобай мы разумеем істоту, якая мысліць, і калі свядомасць заўсёды ідзе з мысленнем поруч, гэта і ёсць тым, што робіць нас «самімі сабой», тым, што аддзяляе нас ад іншых існаванняў, якія таксама мысляць, і надае нам асабістую тоеснасць. Але principium individuationis,[7] ідэя гэтае тоеснасці, якая пасля смерці страчваецца ці захоўваецца навечна, заўжды выклікаў ува мне нястрымную цікавасць, хутчэй нават не праз свае дзіўныя наступствы, а праз усхваляванасць, з якою Марэла згадвала пра гэта.

Але прыйшоў час, калі таямніца мае жонкі пачала прыгнятаць мяне, бы ліхі заклён. Я не мог больш трываць дотыкаў яе бледных пальцаў, ціхае музычнасці яе мовы, бляску яе сумных вачэй. Яна заўважала гэта, але не дакарала: яна нібы ведала пра маю слабасць ці маю неразумнасць і, усміхаючыся, называла гэта лёсам. Яна ведала, мабыць, і невядомую мне прычыну майго паступовага адчужэння, але ніколі нават не намякала мне на яе сутнасць. Усё ж яна была жанчынай і чэзла з кожным днём. Прыйшоў час, калі чырвань заліла яе шчокі і блакітныя жылкі выступілі на бледным ілбе. І тады мяне ўсяго на момант ахапіла шкадаванне, але тут жа я сустрэў яе шматзначны позірк, і зноў дух мой саслабеў і галава закружылася, нібы я зазірнуў у змрочную недасяжную бездань.

Ці трэба казаць, што я неадступна і палка прагнуў смерці Марэлы? Я прагнуў, але кволы дух чапляўся за зямную абалонку шмат дзён, шмат тыдняў і надакучлівых месяцаў, пакуль мае скатаваныя нервы не адолелі розум. Мяне ятрыла гэтая затрымка, і злым сваім сэрцам я пракляў горкія дні, гадзіны і імгненні, якія ўсё расцягваліся, як цень пры канцы дня, пакуль слабела яе пяшчотнае жыццё.

Але адным восеньскім вечарам, калі вятры сціхлі ў нябёсах, Марэла паклікала мяне да свайго ложка. Над усёй зямлёй была слабая смуга, і гэткая ж над вадою, і вясёлка ўпала з небасхілу ў лісце кастрычніцкага лесу.

 Гэта дзень між дзён,  сказала яна, калі я наблізіўся,  дзень між дзён, калі прыходзіць жыццё альбо смерць. Гэта дзень сыноў зямлі і жыцця і таксама дзень дачок нябёсаў і смерці!

Я пацалаваў яе лоб, і яна працягвала:

 Я паміраю, але ўсё ж буду жыць.

 Марэла!

 Не было дня, калі ты любіў мяне,  але калі ты жахаешся жывой, то памерлай будзеш захапляцца.

 Марэла!

 Кажу яшчэ раз, я паміраю. Але ўва мне спее плод тае прыязнасці такой малой!  якую ты адчуваў да мяне, Марэлы. І калі адыдзе мая душа, дзіця будзе жыць тваё дзіця і маё, дзіця Марэлы. Але твае дні будуць днямі смутку смутку, які доўжыцца даўжэй за ўсе пачуцці, як кіпарыс жыве даўжэй за ўсе дрэвы. Гадзіны твайго шчасця злічаныя, а радасць не прыходзіць у жыццё двойчы, як ружы Пестума* квітнеюць двойчы на год. Ты больш не будзеш, як тэосец*, радавацца гадам, што мінаюць, але, забыўшыся на мірт і віно, будзеш несці свой саван па жыцці, як мусульмане ў Мецы.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3

Популярные книги автора