Эдгар Аллан По - Маска Чырвонае Смерці (зборнік) стр 10.

Книгу можно купить на ЛитРес.
Всего за 117 руб. Купить полную версию
Шрифт
Фон

Аднак ніхто са світы барона не сумняваўся ў шчырасці незвычайнае прыхільнасці, з якой малады дваранін ставіўся да гарачага наравістага каня,  ніхто, апроч, бадай, нікчэмнага брыдкага пажа, якім усе пагарджалі і чыё меркаванне лічылася менш чым нязначным. І вось ён (калі яго думкі ўвогуле вартыя згадкі) меў нахабства сцвярджаць, што гаспадар ніколі не заскоквае ў сядло без невытлумачальнага і амаль незаўважнага трымцення і што, вярнуўшыся са звыклай ужо доўгай коннай прагулкі, барон нават не хавае выразу злоснага трыумфу, які скажае ўвесь яго твар.

У адну рабінавую ноч Метцэнгерштэйн абудзіўся ад цяжкага гнятлівага сну, з варяцкай хуткасцю спусціўся ўніз і, паспешліва ўскочыўшы на каня, рушыў у лясныя нетры. Начныя прагулкі былі звыклай справай, а таму ні ў кога не выклікалі здзіўлення. Аднак калі праз некалькі гадзінаў тоўстыя велічныя муры замка Метцэнгерштэйнаў пад націскам шчыльнай сіняватабарвовай сцяны нястрымнага агню пачалі трэскацца і задрыжалі да самага фундаменту, дамашнія барона пачалі чакаць яго з вялікім нецярпеннем.

Пажар убачылі толькі тады, калі ён зрабіўся неадольным, таму ўсе высілкі ўратаваць хаця б частку будынка былі марнымі, і ўражаныя суседзі маўкліва стаялі побач. Але хутка ўвагу натоўпу забрала новае вусцішнае відовішча, якое засведчыла, што чалавечая агонія захоплівае пачуцці людзей нашмат больш, чым жахлівае разбурэнне нежывое матэрыі.

У канцы доўгіх прысадаў векавых дубоў, што вялі з лесу да параднага ўваходу ў замак, зявіўся конь, які нёс вершніка без капелюша і ў расхрыстаным убранні. Ён ляцеў так імкліва, што мог абагнаць самога дэмана навальніцы, і аслупянелыя відавочцы мімаволі выгуквалі: «Якая жудасць!»

Вершнік не мог ні спыніць, ні ўтрымаць гэты шалёны карер. Скажоны агоніяй твар і сутаргавыя рухі цела сведчылі пра звышчалавечае напружанне, аднак, апроч самотнага крыку, ніводзін гук не вырваўся са змучаных і скусаных у неадольным жаху вуснаў. Імгненне і пранізліва-рэзкі грукат капытоў перакрыў выццё пажару і скавытанне ветру, яшчэ імгненне і, пераскочыўшы адным махам браму і роў, конь адолеў хісткія прыступкі палаца і разам з вершнікам знік сярод хаатычных вогненных віхураў.

Шалёная навальніца тут жа сунялася, і запанавала злавесная мёртвая цішыня. Бляклае полымя ўсё яшчэ ахутвала будынак, нібы саван. Струменячыся ў ціхамірную выш, яно раптам выбухнула звышнатуральным святлом, і воблака дыму, што цяжка завісла над пажарышчам, прыняла форму вялізнага, выразна бачнага каня.

Пераклала Ганна Янкута

Марэла

Ατ καθ ατ μεθ ατ, μονοειδζ ει ν.

Сабой, толькі сабой, у сваім вечным адзінстве.

Платон. «Бяседа»

З глыбокай, але дзіўнай прыязнасцю згадваю я сваю сяброўку Марэлу. Выпадак звёў нас шмат гадоў таму, і з самае першае сустрэчы душа мая загарэлася нязнаным ёй датуль полымем. Але запаліў яго не Эрот, і горка-пакутна думаў я, што ніяк не магу зразумець яго незвычайны сэнс ці кіраваць яго цьмянай сілай. Але мы сустрэліся, і лёс прывёў нас да алтара, і ніколі я не казаў пра жарсць і не думаў пра каханне. Яна пазбягала людзей і, прысвяціўшы ўсю сябе мне аднаму, зрабіла мяне шчаслівым, бо шчасце у марах, шчасце у здагадках.

Вучонасць Марэлы была надзвычайнай. Клянуся сваім жыццём, таленты яе былі не тымі, якімі хваляцца звыклыя людзі, моц яе розуму была тытанічнай. Я адчуваў гэта і стаў яе вучнем ва ўсіх сэнсах. Хутка я заўважыў, што яна магчыма, з прычыны свае Прэсбургскае* адукацыі давала мне містычныя творы, якія звычайна лічаць проста адкідамі ранняе нямецкае літаратуры. Я не мог зразумець прычыны таго, але яны былі ўлюбёным і заўсёдным прадметам яе вывучэння, а з часам сталі і маім, што можна патлумачыць простым, але ўладным уплывам звычкі і прыкладу.

Ва ўсім гэтым, наколькі я ведаю, розум мой не браў ніякага ўдзелу. Мае перакананні ці я забываюся?  ніяк не закраналіся ідэальным, і ніякае адценне містыцызму, пра які я чытаў, ці я памыляюся?  не афарбоўвала маіх думак і ўчынкаў. Упэўнены ў гэтым, я цалкам аддаўся кіраўніцтву свае жонкі і з непахіснаю рашучасцю рушыў у лабірынт яе заняткаў. А потым потым, калі, схіляючыся над забароненымі старонкамі, я адчуваў, як забаронены дух абуджаецца ўва мне,  Марэла клала сваю халодную руку на маю і наварушвала ў попеле мёртвае філасофіі некалькі прыглушаных, дзіўных словаў, чыё цьмянае значэнне выпаленае ў маёй памяці. А потым, гадзіну за гадзінай, я ўсё сядзеў ля яе і цалкам аддаваўся музыцы яе голасу, пакуль урэшце ў мелодыю не закрадаўся страх, і падаў цень на маю душу, і я бляднеў, і дрыжаў унутры ад гэтых звышнатуральных гукаў. Так радасць раптам зрыналася ў жах, і найчароўнейшае рабілася найагіднейшым, як Гіном стаў Геенай*.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3