Кнут Гамсун - Голад (зборнік) стр 8.

Шрифт
Фон

І тут я пачаў смяяцца з гэтых недарэчных пачуццяў; я наўмысна здзекаваўся з сябе; я прамаўляў цвёрдыя і разумныя словы, моцна прыжмурваючыся, каб прагнаць слёзы. І нібыта ніколі раней не бачыўшы сваіх чаравікаў, я пачаў прыглядацца, якія яны на выгляд, як яны мяняюцца пры кожным руху маёй ногі і якая ў іх форма, як пацерлася іхняя скура, і тут я бачу, што складкі і белаватыя швы надаюць ім своеасаблівы выраз, што ў іх як бы ёсць твар. Нейкая часцінка маёй істоты перайшла ў гэтыя чаравікі, ад іх на мяне ішоў подых нечага блізкага, нібы тое было маё ўласнае дыханне

Я доўга аддаваўся гэтым адчуванням, пэўна, што не менш за гадзіну. А потым прыйшоў і прысеў на другі канец лаўкі маленькі дзядок; сядаючы, ён цяжка ўздыхнуў і сказаў:

 Але ж-ж-ж, вось як яно ёсць!

Ледзьве толькі я пачуў яго голас, як у галаве ў мяне нібы ўзняўся віхор, я пакінуў чаравікі ў спакоі, і мне нават здалося, што збянтэжаны настрой, якім я толькі што быў апанаваны, належаў да нечага даўняга, з тых часоў, мабыць, прайшоў год ці два, а цяпер ён памалу сцёрся ў маёй памяці. Я, зручна ўладкаваўшыся, глядзеў на старога.

Што мне было да гэтага маленькага чалавечка? Абсалютна нічога! Мяне турбавала толькі тое, што ў руцэ ён трымаў газету, стары нумар са старонкаю абвестак, і ў яе, відаць, было нешта загорнутае. Мною авалодала цікаўнасць, і я не мог адарваць вачэй ад газеты, у галаву мне прыйшла варяцкая думка, што гэта выдатная газета, абсалютна ўнікальная, мая цікаўнасць узрастала, і я пачаў соўгацца сюды-туды на лаўцы. Там маглі быць дакументы, небяспечныя паперы, выкрадзеныя з якога-небудзь архіва. І мне пачала мірсціцца патаемная задума, змова.

Дзядок сядзеў ціхенька і пра нешта думаў. Чаму ён не трымае газету як усе, а загарнуў яе так, што не відаць загалоўка? Што гэта за падкопы такія? Ён, відаць, нізавошта на свеце не хацеў выпусціць гэты скрутак з рук. Ён, мабыць, не наважваўся нават пакласці яго ў кішэню. Я гатовы быў даць адсячы сабе галаву, што гэта быў не просты скрутак.

Я глядзеў у паветра. Ужо само тое, што не было аніякае магчымасці пракрасціся ў гэтую таямніцу, да ачмурэння распальвала ўва мне цікаўнасць. Я шнарыў у кішэнях, хацеў прапанаваць што-небудзь гэтаму чалавеку, уступіць з ім у размову, намацаў кніжачку з талонамі, дастаў і тут жа зноў схаваў яе. Раптам я асмялеў, паляпаў сябе па пустой бакавой кішэні і сказаў:

 Ці не магу я прапанаваць вам цыгарэту?

Вядома, дзякуй, але ж ён не курыць: давялося кінуць праз хваробу вачэй, ён амаль аслеп. Зрэшты, вялікі дзякуй!

 А ці даўно ў вас хворыя вочы? Напэўна, вам зусім нельга чытаць? Нават газет?

 На жаль, нават газет!

Дзядок павярнуўся да мяне. На яго хворых вачах былі відны бельмы, з гэтае прычыны вочы, здавалася, ашклянелі, пагляд з-пад белай павалокі быў непрыемны да агіды.

 Вы не тутэйшы? спытаў ён.

 Але

Няўжо ж ён не можа прачытаць нават назву газеты, што ў яго руках?

 З цяжкасцю

Зрэшты, ён адразу зразумеў, што я не тутэйшы, здагадаўся з вымаўлення. Гэта так проста, бо ў яго вельмі тонкі слых. Начамі, калі ўсе спяць, ён нават дыханне ў суседнім пакоі чуе

 Але я вось што хацеў спытаць: вы дзе жывяце?

Мне адразу ж захацелася зманіць. Я схлусіў міжволі, сказаў без намеру і задняе думкі:

 На плошчы Святога Улафа, дом два.

 Праўда?

А ён жа ведае на плошчы Святога Улафа кожны камень. Там ёсць фантан, некалькі ліхтароў, дрэвы, ён усё памятае

 Каторы, вы сказалі, нумар?

Я, змучаны дакучлівай думкай пра газету, вырашыў пакласці гэтаму канец і ўстаў. Таямніца абавязкова павінна была раскрыцца.

 Раз вам няможна чытаць газеты, навошта ж

 Вы, здаецца, сказалі, што жывяце ў доме нумар два?   працягваў ён, не заўважаючы майго хвалявання. Свайго часу я ведаў усіх жыхароў у гэтым доме. Як завуць вашага гаспадара?

Каб адчапіцца ад яго, я сказаў першае, што прыйшло ў галаву: прозвішча прыдумаў тут жа, на месцы, каб гэты назола супакоіўся.

 Хапалаці, сказаў я.

 Ну так, Хапалаці, кіўнуў ён і дакладна паўтарыў гэтае цяжкое прозвішча.

Я са здзіўленнем глядзеў на яго: ён сядзеў з вельмі сурёзным выглядам, і твар у яго быў задуменны. Не паспеў я вымавіць гэтае дурнаватае прозвішча, якое раптоўна прыйшло мне ў галаву, як чалавек асвойтаўся з ім і зрабіў выгляд, што чуў яго раней. Між тым, ён паклаў свой скрутак на лаўку, і я адчуваў, як хваля цікаўнасці захліствае мяне. Я заўважыў, што на газеце былі дзве тлустыя плямы.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3