Кнут Гамсун - Голад (зборнік) стр 10.

Шрифт
Фон

На кожную маю выхадку стары адказваў лагодна і ціха, узважваў словы, быццам баяўся сказаць лішняе і раззлаваць мяне.

 Што за дябал, вы, напэўна, думаеце, што я ўзяўся тлуміць вам галаву? закрычаў я, губляючы кантроль над сабою. Вы, пэўна, думаеце, што спадара па прозвішчы Хапалаці і ў прыродзе няма? Першы раз у жыцці бачу такога ўпартага і зласлівага старога! Якая муха вас, пане, укусіла? Вы яшчэ, чаго добрага, палічылі мяне за жабрака, які надзеў святочную вопратку, а ў самога нават партабаку, поўнага цыгарэтаў, няма? Я не прывык да такога стаўлення да сябе, магу вас запэўніць, і, далібог, ні ад кога гэтага не пацярплю, хай вам будзе вядома!

Стары ўстаў з месца. Разявіўшы рот, ён моўчкі выслухоўваў мае тырады, потым схапіў свой скрутак з лаўкі і пашыбаваў амаль што подбегам, драбнюткімі старэчымі крокамі па дарожцы. Я ж усё сядзеў і глядзеў, як ён аддаляецца і спіна яго горбіцца ўсё больш і больш. Не ведаю, адкуль узялося гэтае ўражанне, але мне падалося, што я ніколі яшчэ не бачыў такой ганебнай, такой нікчэмнай спіны, і мне было зусім не сорамна, што я пры канцы гэтак аблаяў яго

Ужо вечарэла, сонца заходзіла, на дрэвах ціхенька зашамацела лісце, і нянькі, што сядзелі каля шаста канатаходцаў, ужо выпраўляліся з дзеткамі дадому. Я быў спакойны, у гуморы. Маё нядаўняе хваляванне памаленьку аціхала, я пачынаў расслабляцца, адчуваць млявасць, мне захацелася спаць, і хоць у той дзень я зеў занадта шмат хлеба, наступствы гэтага ўжо амаль не адчуваліся. У найлепшым настроі я адкінуўся на спінку лаўкі і заплюшчыў вочы, спаць хацелася ўсё мацней, я вадзіў носам і зусім ужо быў заснуў, але тут вартаўнік паклаў мне руку на плячо і сказаў:

 Тут спаць нельга.

 Ага, вядома, адказаў я і адразу ж падняўся.

І тут жа становішча маё зноў падалося мне зусім безнадзейным. Трэба было нешта зрабіць, нешта прыдумаць! Мне не ўдалося знайсці месца, рэкамендацыі, якія я паказваў, былі задаўненымі, і пад імі стаялі подпісы нікому не вядомых людзей, так што на іх спадзявацца не даводзілася, да таго ж я гэтулькі разоў за гэтае лета атрымліваў адмовы, што страціў усякую ўпэўненасць у сабе. Але як бы там ні было, я не заплаціў своечасова за кватэру, і гэтыя грошы я павінен быў здабыць у кожным выпадку. Усё астатняе як-небудзь ды будзе.

Машынальна я зноў узяў у рукі аловак і паперу, сеў і напісаў на кожным беражку аркуша: «1848». Калі б хоць якая натхнёная думка прыйшла мне ў галаву ды падказала мне хоць адно слова! Бо раней не-не ды надараліся такія хвіліны, калі я без ніякай цяжкасці мог скласці доўгую рэч, проста бліскуча выдаць яе!

І вось я сяджу на лаўцы і ўсё малюю на паперы «1848»; я пішу гэты лік уздоўж і ўпоперак, на тысячу розных ладоў, і чакаю, ці не наведае мяне выратавальнае натхненне. Плойма ўрыўкавых думаў тоўпіцца ў галаве, настрой сутоння наганяе сум, абуджае ўва мне сентыментальнасць. Восень ужо надышла, яна пачынае ўсё хіліць да сну, мухі і казуркі ўжо адчулі яе подых, у лістоце дрэў і на зямлі чуцён шоргат гэта жыццё не хоча скарацца, яно неспакойнае, шумнае, няўрымслівае, яно ў сваім змаганні супраць памірання не шкадуе сілы. Усе паўзучыя істоты зноў высоўваюць жоўтыя галовы з імху, варушаць канцавінамі, абмацваюць зямлю доўгімі вусікамі, а потым раптам падаюць, перакульваючыся дагары лапкамі. Кожная былінка набывае асаблівае, непаўторнае адценне, адчуўшы подых першых халадоў, бледнаватыя сцяблінкі цягнуцца да сонца, апалае лісце шамаціць на зямлі, нібы тыя чарвячкі-шаўкапрады. Восеньская пара, карнавал тлення, крывава-чырвоныя пялёсткі руж маюць колер хворага цела, палыхаюць цудоўна-знішчальным бляскам.

Я сам адчуваў сябе не раўнуючы як чарвяк, які гінуў сярод гэтага свету, гатовага пайсці ў спячку. Ахоплены неспасціжным страхам, я ўскочыў і вялікімі крокамі пачаў бегаць па дарожцы. «Не! крыкнуў я і сціснуў кулакі. Так далей быць не можа!» І зноўку сеў, узяўся за аловак, вырашыў высіліцца і напісаць артыкул. Я не меў права апускаць рукі: кошт платы за кватэру стаяў у мяне перад вачыма.

Павольна, вельмі павольна думкі мае прыходзілі да ладу. Я засяродзіўся і, не спяшаючыся, узважваючы кожнае слова, напісаў дзве ўступныя старонкі. Яны маглі быць уводзінамі да чаго заўгодна: да дарожных нататак або да палітычнага агляду як яно мне заманецца. Гэта быў выдатны пачатак і да таго, і да другога.

Потым я пачаў шукаць змястоўнага стрыжня каго-небудзь ці што-небудзь, пра што варта было б напісаць, але нічога такога не мог знайсці. Гэтыя марныя высілкі прывялі да таго, што мае думкі зноў пачалі блытацца, я адчуў, як мазгі адмаўляюцца працаваць, галава робіцца пустою, і вось я ўжо зноў зусім не адчуваю яе на плячах. Гэтую пустэчу, што зеўрала ў мяне ў галаве, я адчуваю ўсёю сваёю істотаю, мне здаецца, што ўвесь я выпетраны з галавы да ног.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3