Тады я перадам вам цыдулку раскажу, як ідзе справа.
Вельмі вас папрашу. Я буду нецярпліва чакаць.
А што наконт грошай?
Даю вам карт-бланш.
Абсалютна?
За гэты фотаздымак я гатовы аддаць любую з правінцыяў майго каралеўства!
А на бягучыя выдаткі?
Кароль дастаў з-пад плашча цяжкі замшавы мяшэчак і паклаў яго на стол.
Тут трыста фунтаў золатам і семсот асігнацыямі. Холмс чыркануў распіску на старонцы са свайго нататніка і перадаў яе каралю.
Адрас мадэмуазэль? спытаў ён.
Браяні-Лодж, Серпентайн-авеню, Сэнт-Джонс-Вуд. Холмс запісаў адрас.
І яшчэ адно пытанне. Фотаздымак кабінетнага фармату*?
Так.
Тады дабранач, вашая вялікасць, я спадзяюся, што хутка ў нас будуць для вас добрыя навіны. Дабранач, Ўотсан, дадаў ён, калі грукат колаў каралеўскага экіпажа пачаў аддаляцца. Калі вы зазірняце да мяне заўтра а трэцяй, я ахвотна абмяркую з вамі гэтую справу.
2
Роўна а трэцяй я быў на Бэйкер-стрыт, але Холмс яшчэ не вярнуўся. Гаспадыня кватэры паведаміла, што ён сышоў з дому адразу пасля васьмі раніцы. Тым не менш я прысеў ля каміна, збіраючыся чакаць яго да ўпору. Мяне вельмі зацікавіла расследаванне гэтай справы, і нягледзячы на тое, што яна была пазбаўленая вычварнай і злавеснай атмасферы, што атачала абодва злачынствы, апісаныя мной раней, сам яе характар і высокае становішча кліента надавала ёй пэўную незвычайнасць. Да таго ж, калі пакінуць убаку само расследаванне, якое мусіў правесці мой сябар, ужо тое майстэрства, з якім ён завалодваў сітуацыяй, яго востры і дасціпны розум прымушалі мяне з асалодай назіраць за яго працай і імклівымі і спрытнымі прыёмамі, што дапамагалі яму разблытаць самыя невытлумачальныя таямніцы. Я так прызвычаіўся да яго нязменных поспехаў, што мне і ў галаву не магла прыйсці думка пра магчымасць паразы.
Каля чацвертай дзверы адчыніліся, і ў пакой увайшоў пяны з выгляду конюх, жахліва апрануты, з раскудлачаным чубам, бакенбардамі і пачырванелым тварам. І хаця я прывык да дзівоснай здольнасці майго сябра да пераўвасаблення, мне давялося тройчы ўважліва агледзець Холмса, перш чым я ўпэўніўся, што гэта дакладна ён. Кіўнуўшы мне, ён знік у сваёй спальні, адкуль зявіўся праз пяць хвілінаў у цвідавым касцюме, акуратны і рэспектабельны, як і заўсёды. Паклаўшы рукі ў кішэні і выцягнуўшы ногі да каміна, ён некалькі хвілінаў ад усёй душы смяяўся.
Цудоўна, проста цудоўна! ускрыкнуў ён і зноў пачаў душыцца ад смеху, пакуль марудна і бяссільна не адкінуўся на спінку крэсла.
Што такое?
Смех дый годзе! Магу пабіцца аб заклад, што вы ніколі не здагадаецеся, як я прабавіў раніцу і што ўрэшце зрабіў.
Нават не ўяўляю. Імаверна, вы назіралі за звычкамі міс Ірэн Адлер і, магчыма, за яе домам.
Усё правільна, і вынікі досыць незвычайныя. Але раскажу па парадку. Я пакінуў дом у пачатку дзявятай у выглядзе беспрацоўнага конюха. У фурманскім таварыстве пануе цудоўны дух разумення і ўзаемадапамогі. Зрабіся адным з іх і будзеш ведаць усё, што ведаюць яны. Хутка я знайшоў Браяні-Лодж. Гэта проста цацачны асабняк: два паверхі, фасад выходзіць на вуліцу, а ззаду сад. На дзвярах замок Чаба*. З правага боку добра абстаўленая вялізная гасцёўня з доўгімі, амаль да падлогі, вокнамі і такімі недарэчнымі ангельскімі засаўкамі, якія можа адчыніць нават дзіця. За домам нічога асаблівага, хіба што акно галерэі, да якога можна дабрацца з даху карэтнай. Я абышоў яе вакол і ўважліва агледзеў з усіх бакоў, але больш нічога цікавага не заўважыў.
Потым я пабадзяўся па вуліцы і ў завулку, што спускаўся ад садовай агароджы, знайшоў, як і чакаў, стайню. Я дапамог конюхам пачысціць коней, за што атрымаў два пенсы, шклянку портара з элем, дзве порцыі моцнага тытуню і колькі заўгодна звестак пра міс Ірэн Адлер, ужо не кажучы пра паўтузіна яе суседзяў, да якіх мне няма ніякае справы, але чые біяграфіі я быў змушаны выслухаць.
А што з Ірэн Адлер?
О, яна завалодала ўвагай усіх мужчынаў таго раёну. Яна самае цудоўнае стварэнне, якое носіць капялюшык на нашай планеце. У серпентайнскіх стайнях так гавораць усе без выняткаў. Яна жыве ціха, пяе на канцэртах, кожны дзень выязджае ў пяць і вяртаецца ў сем акурат да вячэры. У іншы час выходзіць рэдка, за выключэннем тых дзён, калі выступае. Яе наведвае толькі адзін мужчына, але вельмі часта. Ён брунет, прывабны і энергічны, заходзіць не радзей за раз на дзень, звычайна два разы. Нейкі містэр Годфры Нортан з ІнэрТэмпла. Бачыце, як карысна дапамагаць кэбменам! Яны дзясяткі разоў вазілі яго ад серпентайнскіх стайняў і ведаюць пра яго ўсё. Выслухаўшы іх аповеды, я зноў пачаў прагульвацца ля Браяні-Лодж і абдумваць план дзеянняў.