Так, ён ляжыць наверсе. Заўтра будзе дазнанне.
Ён працаваў на вас некалькі гадоў, так, палкоўнік Рос?
Я заўжды лічыў яго выдатным слугой.
Мяркую, вы зрабілі вопіс таго, што было ў ягоных кішэнях падчас смерці, інспектар?
Усе ягоныя рэчы ў гасцёўні, калі толькі пажадаеце, можаце іх самі агледзець.
З вялікай ахвотай.
Мы ўсе прайшлі ў пярэдні пакой і сабраліся вакол стала, што стаяў пасярэдзіне. Інспектар адамкнуў маленькую квадратную скрыню і выклаў перад намі набор прадметаў. Там былі скрыначка з васковымі запалкамі*, двухцалевая сальная свечка, брыяравая люлька A.D.P.*, кісет з цюленевай скуры з паловай унцыі тытуню маркі «Кавендыш» буйной нарэзкі, сярэбраны гадзіннік на залатым ланцужку, пяць залатых саверэнаў, алюмініевы каўпачок ад алоўка, некалькі паперак і нож з рукаяткай са слановай косці і вельмі тонка вырабленым нягнуткім лязом з кляймом «Вайс і Ко, Лондан»*.
Гэта асаблівы нож, заўважыў Холмс, узяўшы яго са стала і хвіліну пакруціўшы перад вачыма. Па плямах крыві на ім я мяркую, што гэта той самы, які знайшлі ў забітага ў руцэ. Ўотсан, скажыце, вам жа знаёмая такая рэч?
Такога кшталту інструмент мы называем катарактальным нажом, адказаў я.
Так я і думаў. Вельмі далікатнае лязо, прызначанае для вельмі далікатнай працы. Дзіўна, што яго прыхапілі з сабой на выпадковы шпацыр, улічваючы, што яго складана насіць у кішэні.
Для перасцярогі на кончык нажа насаджваўся пробкавы кружок, мы знайшлі яго побач з целам, сказаў інспектар. Жонка трэнера кажа, што нож ляжаў на туалетным століку і што муж узяў яго адтуль, калі выходзіў з пакоя. Зброя так сабе, але, магчыма, найлепшая, што яму трапілася пад руку на той момант.
Можа, і так. А што гэта за паперы?
Тры з іх аплачаныя рахункі за сена. Адна ліст з даручэннямі ад палкоўніка Роса. Вось гэтая рахунак ад мадысткі на трыццаць сем фунтаў і пятнаццаць шылінгаў, выпісаны мадам Лесюре, Бонд-стрыт, на імя Ўільяма Дэрбішыра. Місіс Стрэйкер сцвярджае, што яе муж сябраваў з Дэрбішырам, і, бывала, ягоныя лісты адрасаваліся сюды.
А місіс Дэрбішыр ні ў чым сабе не адмаўляла, заўважыў Холмс, прагледзеўшы рахунак. Дваццаць дзве гінеі даволі шыкоўна за адзін убор*. Зрэшты, здаецца, з гэтага мы больш не даведаемся нічога істотнага і, бадай, можам пайсці да месца забойства.
Калі мы выйшлі з гасцёўні, насустрач нам зрабіла крок спадарыня, што чакала ў калідоры. Яна дакранулася рукой да рукава інспектара. Яе твар быў змораны, худы і неспакойны, пячатка нядаўна перажытага ляжала на ім.
Вы знайшлі іх? Знайшлі? задыхаючыся, спытала яна.
Не, місіс Стрэйкер. Але з Лондана нам на дапамогу прыехаў містэр Холмс, і мы зробім усё, што ў нашых сілах.
Мы, пэўна, сустракаліся з вамі ў Плімуце на садовай вечарыне некалькі гадоў таму, місіс Стрэйкер? сказаў Холмс.
Вы памыляецеся, сэр.
Ды быць таго не можа! Я мог бы паклясціся. На вас быў серабрысты шаўковы ўбор, аздоблены страусавым перем.
Я ніколі не мела такой сукенкі, сэр, адказала жанчына.
О, значыць, я наблытаў, сказаў Холмс і, перапрасіўшы, выйшаў за інспектарам на двор. Нядоўгі шпацыр па тарфяніках прывёў нас да ямы, дзе знайшлі цела. На яе беразе рос куст жаўтазелю, на якім тады павіс макінтош.
Я так разумею, ветру ў той дзень не было, сказаў Холмс.
Не было, але быў лівень.
У такім разе макінтош не здзьмула на куст, яго туды павесілі, сказаў Холмс.
Так, ён быў раскладзены зверху.
Гэта вельмі цікавая акалічнасць. Я бачу, што зямля даволі ўтаптаная. Без сумневу, з ночы панядзелка тут прайшлося шмат ног.
Збоку там ляжыць посцілка, мы ўсе стаялі на ёй.
Цудоўна.
У мяне ў торбе адзін з ботаў, якія былі на Стрэйкеру, чаравік Фіцроя Сімпсана і злепак падковы Срэбнага Месяца.
Мой дарагі інспектар, вы проста пераўзышлі сябе!
Холмс узяў торбу і, спусціўшыся ў нізіну, падцягнуў посцілку бліжэй да цэнтра. Расцягнуўшыся на ёй і падпёршы рукамі падбароддзе, Холмс уважліва абследаваў утаптаны бруд перад сабой.
Ага! раптам сказаў ён. А гэта што?
Гэта была абгарэлая васковая запалка, настолькі брудная, што спачатку падалася проста трэсачкай.
Не разумею, як я мог праглядзець яе, з прыкрасцю сказаў інспектар.
Яна была нябачная ў брудзе. Я заўважыў яе толькі таму, што шукаў.
Што?! Вы спадзяваліся знайсці яе?
Я дапускаў такое.