Конан-Дойль Артур - Нататкі пра Шэрлака Холмса (зборнік) стр 5.

Шрифт
Фон

 Сіло зацягваецца вакол Фіцроя Сімпсана,  казаў ён,  і сам я перакананы ў вінаватасці гэтага хлопца. У той жа час прызнаю, што доказы супраць яго толькі ўскосныя і што далейшае расследаванне можа іх разбурыць.

 А што наконт нажа Стрэйкера?

 Мы схіляемся да высновы, што падчас падзення ён параніў сябе сам.

 Мой сябар доктар Ўотсан таксама прапанаваў такую гіпотэзу па дарозе сюды. Калі так, то гэта доказ супраць падазраванага Сімпсана.

 Несумненна. У яго не было ні нажа, ні ранаў. Безумоўна, факты супраць яго. Ён быў вельмі зацікаўлены ў знікненні фаварыта. Хлусіў пад прысягай, што не падсыпаў наркотыку памочніку конюха. Відавочна, што ён выходзіў з дому ў навальніцу; пры ім быў цяжкі кій, а ягоная шыйная хустка знойдзеная ў руцэ забітага. Думаю, мы маем дастаткова доказаў, каб аддаць яго пад суд.

Холмс адмоўна пакруціў галавой.

 Кемлівы адвакат не пакіне ад іх каменя на камені, сказаў ён.  Навошта Сімпсану выводзіць каня са стайняў, калі ён мог нанесці яму якія-небудзь пашкоджанні проста там? Ці знайшлі ў яго дублікат ключа? Які аптэкар прадаў яму опій у парашку? І яшчэ дзе ён, чужы для гэтых мясцінаў чалавек, змог схаваць каня, асабліва такога каня? Як, дарэчы, ён сам тлумачыць гісторыю з запіскай, якую хацеў перадаць памочніку конюха праз пакаёўку?

 Гаворыць, што гэта была дзесяціфунтавая банкнота. Адну такую знайшлі ў ягоным кашальку. А астатнія пярэчанні не такія ўжо і непераадольныя, як падаецца. Мясціны ён ведае. Ён двойчы здымаў летні домік у Тавістоку. Опій мог прывезці з Лондана. Скарыстаўшыся ключом, выкінуў яго, бо ўжо не меў у ім патрэбы. Конь можа быць на дне капальні ці ў старой шахце на тарфяніках.

 А пра шыйную хустку што кажа?

 Прызнае ў ёй сваю і сцвярджае, што згубіў яе. Але ў справе зявілася новая дэталь, якая можа падмацаваць версію пра тое, што са стайні каня вывеў менавіта ён.

Холмс навастрыў вушы.

 Мы знайшлі сляды цыганскага табара, які стаяў за мілю ад месца забойства ў панядзелак ноччу. У аўторак цыгане зняліся з месца. Калі дапусціць, што паміж імі і Сімпсанам была дамоўленасць, ён мог весці да іх каня, калі быў заспеты, і імаверна, што конь цяпер у іх.

 Выглядае праўдападобна.

 Цяпер мы прачэсваем тарфянікі ў пошуках гэтага табару. Таксама я абследаваў кожную стайню і хлеў у Тавістоку ў радыюсе дзесяці міляў.

 Наколькі мне вядома, па суседстве ёсць яшчэ адна стайня?

 Ёсць, і, натуральна, мы не ўпусцілі з-пад увагі гэты факт. Іх конь Дэсбара другі паводле букмекераў, яго гаспадары натуральна зацікаўленыя ў знікненні фаварыта. Вядома, што трэнер Сайлас Браўн паставіў вельмі шмат на гэтыя спаборніцтвы, а з няшчасным Стрэйкерам адносіны ў яго былі нацягнутыя. Тым не менш падчас агляду суседскай стайні нічога не паказала на датычнасць Сайласа Браўна да здарэння.

 І нічога не лучыць падазраванага Сімпсана са стайняй Мэйплтана?

 Зусім нічога.

Холмс адкінуўся на сядзенне, і размова сціхла. Праз некалькі хвілін наш фурман спыніў экіпаж каля невялікай ахайнай вілы пры дарозе, пабудаванай з чырвонай цэглы і з карнізнымі выступамі ўверсе. На некаторай адлегласці па той бок ад выгулу для коней была відаць надворная пабудова з дахам, выкладзеным шэрай дахоўкай. Ва ўсіх астатніх кірунках слаліся шырокімі хвалямі тарфянішчы, парослыя выцвілай папараццю, якая надавала ім бронзавы колер. Лінія гарызонту перарывалася толькі шпілямі Тавістока і групай будынкаў у заходнім кірунку, якія пэўна былі стайнямі Мэйплтана. Мы ўсе саскочылі на зямлю, за выключэннем Холмса, які працягваў сядзець, адкінуўшыся на спінку, гледзячы ў неба перад сабою, цалкам заглыблены ў свае думкі. Толькі калі я дакрануўся да ягонай рукі, ён рэзка ўзняўся і выйшаў з экіпажа.

 Даруйце,  сказаў ён, звяртаючыся да палкоўніка Роса, які глядзеў на яго крыху здзіўлена,  сплю наяве.

Па бляску ягоных вачэй і прытоенай узбуджанасці я, які добра ведаў ягоныя звычкі, здагадаўся: Холмс намацаў нітачку, што вяла да разгадкі справы, але я не мог зразумець, дзе і як.

 Мабыць, вы хацелі б адразу выправіцца на месца злачынства, містэр Холмс?  спытаў Грэгары.

 Я б лепей застаўся ненадоўга тут, каб праясніць адно-два пытанні. Цела Стрэйкера прынеслі ў дом, наколькі разумею?

 Так, ён ляжыць наверсе. Заўтра будзе дазнанне.

 Ён працаваў на вас некалькі гадоў, так, палкоўнік Рос?

 Я заўжды лічыў яго выдатным слугой.

 Мяркую, вы зрабілі вопіс таго, што было ў ягоных кішэнях падчас смерці, інспектар?

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3