Ян Максімюк - Словы ў голым полі. Беларуская літаратура 1990-х y снах, успамінах і фотаздымках (зборнік) стр 5.

Шрифт
Фон

Und so weiter, und so fort. Падобны нігілістычны падыход да рамана дамінаваў у 20-тыя і 30-тыя гады сярод тых крытыкаў, якія хоць і прызнавалі за Ўлісам пэўныя літаратурныя вартасьці, але ў цэлым лічылі раман пякельным плодам вывіхнутага (паводле Юнга шызафрэнічнага) інтэлекту. Невыпадкова, відаць, пісьменьнікі былі першымі, хто ўгледзеў у кніжцы геніяльнасьць і прызнаў, неахвотна, але без маладушнасьці што Джойс сваім раманам пахаваў літаратуру XIX-га стагодзьдзя.

Адам Глёбус сказаў мне, што тры першыя эпізоды (разьдзелы) Уліса бадай, самыя важныя ў рамане і ключавыя для яго разуменьня. З гэтым мне пагадзіцца ня хочацца, але, з другога боку, не магу не прызнаць, што ў іх, у адмыслова згушчанай і зародкавай форме, утрымліваюцца шмат якія філязафічныя і літаратурныя лейтматывы ды тэхнічныя асаблівасьці кніжкі. Гэты момант сам па сабе мог бы паслужыць штуршком і апраўданьнем для напісаньня дадзенага эсэ аб завязцы Ўліса.

Ёсьць і другая прычына гэтага тэксту, больш агульнага пляну. Беларуская літаратура, якая ўвесь час шукала спажывы на могільніку расейскай літаратурнай традыцыі, у постсавецкі час апынулася ў постмадэрнісцкай сытуацыі без свайго мадэрнізму ды ў глыбокім сьветапоглядным каляпсе. Здаецца, нібыта выйсьця няма, і мазгі ўсім прапалошча хваля галівудзкіх баевікоў. У такія часы варта, па-мойму, прыгледзецца да досьведу іншых культурных фармацый і пабачыць, як яны рэагавалі на крызавае становішча. Джойса можна, безумоўна, разглядаць як ірляндца, але зразумець толькі як эўрапейца часу зьмярканьня Захаду (Освальд Шпэнглер). Заходнеэўрапейская культурная традыцыя (ня толькі, дарэчы, ХХ стагодзьдзя) амаль поўнасьцю праігнараваная беларускім культурастваральным патэнцыялам. Яна наогул не ўспрымаецца і не разумеецца (а нярэдка яна папросту невядомая). Уліс Джойса ўяўляе сабою ўнікальны сплаў заходнеэўрапейскай культурнай традыцыі і небанальную магчымасьць ўбачыць гэтую традыцыю ў дзеяньні, у якасьці жыватворнай асновы для літаратуры. Такім чынам, у нашай сытуацыі прачытаньне Ўліса сягоньня можа мець яшчэ й чыста практычны сэнс.

Гэты першы, сьціплы, самакрытычны падмурак пад беларускую джойсалёгію я прысьвячаю Сяргею Шупу, чый скептыцызм паўстрымаў мяне ад распаўсюджваньня першай часткі перакладу поўнасьцю і значна аслабіў тэмпы працы над другой.[10]

Гамэраўскія паралелі (Тэлемахія)

Незвычайнасьць Уліса для чытача бярэцца перш за ўсё з таго, што раман разгортваецца адразу і пасьлядоўна на чатырох узроўнях: міталягічным (гамэраўскім), натуралістычным (фабулярным), сымбалічным (рэканструкцыя чалавечага арганізму структурай кніжкі; паралелі з Боскай камэдыяй Дантэ; біблейскія матывы) і паэтычным (мадуляцыя тону апавяданьня і стылю ў залежнасьці ад пары дня, месца, тэмы і прысутных пэрсанажаў). Усе гэтыя ўзроўні ўзаемна пранікаюцца і дапаўняюцца зь небывалым у літаратуры размахам, у матэрыяле карпатліва ўшчыльненым незьлічонымі літаратурнымі лейтматывамі і асацыяцыямі, мудрагелістымі стылістычнымі прыёмамі, моўнымі гульнямі. У беларускай літаратуры няма нічога падобнага да Ўліса хоць бы ў сотай дзельцы. Наша проза, нават тая дабротная, ад Максіма Гарэцкага праз Івана Пташнікава да Сакрата Яновіча сутаргава трымаецца натуралізму, зрэдзьчасу толькі зьвяртаючыся да агульнага сымбалізму, добра яшчэ, калі без аскомнага дыдактызму.[11]

Паколькі Гамэрава Адысэя не належыць да чытацкага канону сучаснай сярэдняй школы, дарэчы будзе бегма нагадаць падзеі і калізіі гэтага антычнага эпасу, каб займець пэўны ўгляд у міталягічную аснову Джойсава твору. Абмяжуемся амаль выключна чатырма пачатковымі песьнямі, гэтак званай Тэлемахіяй.

Адысэя распавядае аб прыгодах караля маленькай грэцкай выспы Ітакі, які пасьля здабыцьця Троі грэкамі дзесяць гадоў вяртаўся дадому, да жонкі Пэнэлёпы і сына Тэлемаха. Большасьць ягоных прыгодаў падаецца ў Гамэра ў рэтраспэктыве; сучасныя падзеі ў паэме расьцягваюцца ўсяго на паўтара месяца. Аднак перш чым сустрэцца з Адысэем, чытач знаёміцца зь ягоным сынам Тэлемахам.

Песьня першая: Тэлемах перажывае нялёгкую часіну. Шматлікія князі-жаніхі з навакольных выспаў балююць у Адысэевым палацы і растрачваюць ягонае дабро, дамагаючыся ад Пэнэлёпы як лічаць усе, удавіцы каб яна ўрэшце выбрала аднаго зь іх сабе за мужа. Пэнэлёпа да апошняга часу адцягвала рашэньне, паабяцаўшы даць адказ жаніхам, як толькі вытча сьмяротны саван для Ляэрта, Адысэевага бацькі. Тое, што выткала днём, Пэнэлёпа распускала ўначы. Але гэтая штучка адкрываецца ў самым пачатку паэмы, і ёй трэба даць адказ неадкладна. Самы верагодны спадкаемец Ітакі Антыной якраз і найбольш ненавісны Тэлемаху. Тэлемаху зьяўляецца багіня Атэна, якая раіць наведаць герояў траянскай вайны, Нэстара ў Пілясе і Мэнэлая ў Лякедэмоне, каб выведаць ад іх аб бацькавым лёсе.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3