Ян Максімюк - Словы ў голым полі. Беларуская літаратура 1990-х y снах, успамінах і фотаздымках (зборнік) стр 4.

Шрифт
Фон

Цікава, што пасьля Ўліса мне цяжка прыгадаць хоць адно падобнае трымклівае захапленьне прозай, калі фіктыўны сьвет смакуе больш за сапраўдны. Раней, а як жа Карсан МакКалерс і Ўільям Фолкнэр, француз Патрык Мадыяно і нарвэжац Тарей Вэсас, нават ГДР-авец Эрвін Штрытматар. Магчыма, гэта зьвязана зь векам. Томас Пінчан падабаецца, але ні ў чвэрці не выклікае тае жарсьці, што выклікаў Джойс. Gravitys Rainbow is cool,  кажуць амэрыканцы. Менавіта

Апошнія некалькі гадоў я стаў зь ціхім жахам заўважаць, што бяруся чытаць кніжкі з адной толькі мэтай каб даведацца, што ў іх пішацца.

Сваю дыплёмную працу я самааддана дапісаў і пасьпеў скласьці апошні экзамэн за два дні перад адыходам у войска. Да гэтага часу я таксама здолеў перакласьці тры першыя эпізоды Ўліса. Пішучай машынкі ў мяне тады не было (о старажытная, дакампутарная часіна!), і я пісаў тушшу, сталёвымі пёрамі, паўсотні якіх закупіў яшчэ ў студэнцкую пару, калі запрагнуў вывучыць пэрсыдзкую мову. З пабочных дапаможнікаў у мяне былі пяцітомны слоўнік беларускай мовы і двухтомны ангельска-расейскі слоўнік прафэсара Гальперына.[5]

Дванаццацімесячны побыт у войску якое ў той час заўзята выконвала ролю выхавальніка патрыятычна-сацыялістычнага духу і было своеасаблівым antidotum супроць падпольнай Салідарнасьці падрыхтаваў мой мозг і душу да ўспрыняцьця Джойса так, як, мабыць, побыт у тыбэцкім кляштары рыхтуе маладога мніха да ўспрыняцьця навукі Буды і дасягненьня нірваны. Сутрамі былі палітычныя заняткі, а мантрамі выбраныя месцы з чатырох статутаў узброеных сілаў.[6] Пасьля войска я адчуў сябе агромністай парожняй судзінай, якая ў змозе ўмясьціць усё што заўгодна трапічны лівень, лад admirativus у альбанскай мове, наступнае беларускае адраджэньне, клясыфікацыю мінэралаў, вялікалітоўска-расейскі слоўнік Я. Станкевіча, шэсьць пунктаў ірляндзка-беларускага падабенства, паэзію Джона Шэйда, таўканіцу з кіслым малакам, мэлянхолію яцьвягаў ва ўрочышчах левабярэжнага Панароўя, etc., etc. Стан падобнай віртуальнай ненасытнасьці (virtual insatiability) культуроляг І. Бабкоў мадэлюе на прыкладзе цяперашняй беларускай культурнай сытуацыі, зьвязваючы яе (ненасытнасьць)  як выдаецца, слушна з посткаляніяльнай дзірой незапатрабаванага патэнцыялу (postcolonial hole of unclaimed potential), перад якім часова разамкнуліся палітычна-ідэалягічныя бареры.[7] Я, на шчасьце, меў Уліса, каб упіхнуць яго ў зеўру свае неспатолі.

Праца над перакладам неяк арганізавала і надала кірунак маім штудыям у гуманітарнай сфэры, якая заставалася terra obscura на працягу доўгіх гадоў бясплённай трэніроўкі ў матэматыцы. Пасьля крышталёвых палацаў каралевы навукаў гуманістыка падалася мне разьлеглым дрыгвяністым балотам з размытымі грэблямі і багністымі астраўкамі, але іншага тут, мусіць, ня дадзена, і на іншае я не спадзяваўся. Цераз гэтыя размоклыя абшары я дайшоў да восені 1993, калі можна было здаць палову перакладу ў друк. Адзінай вядомай мне асобай, якая разьбіралася адначасова ў тарашкевіцы і ангельскай мове, быў Сяргей Шупа, які й зрэдагаваў пераклад. Дух Шупы, трэба тут выразна адцеміць, гуляе, непрыкаяны, у кніжцы. Першая частка перакладу, 400 бачынак, зь некаторымі прыгодамі выйшла пад канец 1993 г. у Беластоку ў колькасьці 1000 асобнікаў.[8]


Калі ўлічыць, што Ўліс кніжка, пра якую ўсе гавораць, але ніхто не чытае, дык яе ўспрыманьне беларускім чытачом было зусім нармальнае, у рэчышчы эўрапейскай традыцыі. Адзінай асобай, якая мне прызналася, што чытала пераклад і не адолела яго да канца, была мая мама. Ейныя засьцярогі лучылі якраз у самую сутнасьць літаратурнага скандалу, што разыграўся 75 гадоў таму, пасьля публікацыі Ўліса ў Парыжы ў 1922. Мама сказала: Непаважная кніжка. Усё едуць і едуць на тыя паховіны й даехаць ня могуць. У сваім эсэ з 1932 Карл Густаў Юнг напісаў:

Уліс гэта кніга-рака, што разьліваецца на 735 бачынках, струмень часу, што плыве 735 дзён, якія ўсе ўкладваюцца ў адзін-адзіны, бэссэнсоўны, самы звычайны і цалкавіта няважны дзень 16 чэрвеня 1904 году ў Дубліне дзень, калі, кажучы па праўдзе, нічога не здараецца. Струмень выплывае зь нічога і губляецца ў нічым. [] Бязьлітасны, бесьперапынны струмень шугае паўз нас, а ягоная быстрыня ўзрастае ажно да зьнікненьня знакаў прыпынку на апошніх 40 бачынках, каб даць самую жорсткую выяву пусткі, што займае дых і гняце, пераліваецца цераз краі і зьяўляецца невыноснай. Гэтая абсалютна безнадзейная пустка ёсьць галоўным матывам усяе кніжкі. Кніжка ня толькі пачынаецца і сканчаецца нічым, яна ўся складаецца з самой нічогасьці. [] Кожны сказ разбуджвае спадзяваньні, якія ня спраўджваюцца; урэшце, ад чыстай зьнеахвочанасьці, чытач ужо не чакае нічога больш.[9]

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3