Ян Максімюк - Словы ў голым полі. Беларуская літаратура 1990-х y снах, успамінах і фотаздымках (зборнік) стр 2.

Шрифт
Фон

Яна адкрываецца Ўлісам, пачынаецца як камэнтар да першых эпізодаў (Насустрач бацьку). І ўжо тут сваё пачынае блытацца з чужым, далёкае з блізкім.

Працягваецца спробай расставіць эстэтычныя і палітычныя каардынаты найноўшай беларускай літаратуры (Словы ў голым полі). І потым, пасьля камэнтароў і інтэрпрэтацый (Арлоў, Глобус, Бабкоў), радыкальная зьмена кантэксту..

Гэтым іншым кантэкстам апынулася Прага, куды лёс закідвае нашага аўтара. Чэскі кантэкст выяўляецца фантастычна цікавым, але перадусім утульным, цёплым і камфортным. Не такім напружана балюча посткаляніяльным, як беларускі, але і не такім халодна бязьлітасным, як глябальны англа-саксонскі.

І далей ужо адтуль, з Прагі, прыгадкі пра сваё. Малая фэмінісцкая фантасмагорыя (Марта Піньска), аналіз адной з самых цікавых і скандальных літаратурных містыфікацыяў, што мае беластоцкія карані. Малая сямейная сага (З бліжэйшых пластоў забыцьця). Miscellany свабодаўскага блогу, у якім лінгвістычнае, асабістае і палітычнае утвараюць грымучую сумесь, кактэйль Молатава для халодных нулявых. На гэтым фоне праступаюць твары (успаміны пра Марылю), пачынаюць зьяўляцца цені і прывіды, і абуджаецца памяць.

Канец кнігі вельмі дзіўны. Аўтар спрабуе прыгадаць эпізоды сваёй даўняй вандроўкі ў сталіцу сьвету (New York, New York). Узнавіць у памяці адчуваньні свайго першага далёкага падарожжа. І падчас гэтага закрадаецца думка, што гэта яшчэ ня ўсё, што і цяпер ён яшчэ ня дома.

А тое, што выглядае такім цёплым і ўтульна-абжытым гэта ўсяго толькі Каліпсо.

І яго яшчэ чакае вяртаньне.

```

Калі ёсьць падарожжа, мусіць быць і Ітака. Мудры і няўрымсьлівы падарожнік, Уліс усё ж такі вяртаецца.

І менавіта вяртаньне Ўліса на Ітаку ёсьць зьместам наступных эпізодаў, якія не ўвайшлі ў кнігу.

Тут ёсьць спакуса сказаць: як Адысэй, дапамагаючы ахейцам, памятае пра Ітаку, так і Максімюк, беручы ўдзел у вялікай беларускай утопіі канца мінулага стагодзьдзя, урэшце вяртаецца да свайго.

На Падляшша. У сваю мову. Дзеля якой ён стварае адмысловае мейсца ў часе і прасторы. У гаворку, зь якой яго міласьцівы бог на свет пусьціў. Тыя, хто зацікавіцца, могуць знайсьці ўсё, што трэба, на сайце svoja.org, але некаторыя заўвагі і камэнтары проста непазьбежныя. Асабліва праз тоны непаразуменьняў і неадэкватных рэакцыяў, якія паўсталі ня толькі на Беласточчыне.

Таму, пра сутнасьць падзеі. Перад намі не палітычны праект стварэньня падляскай нацыі, а індывідуальная культурная ўтопія, абсалютна немагчымая ў нашу эпоху, і менавіта таму фантастычна прыгожая.

Максімюк стварае літаратурную мову з тых словаў, якія прамаўляліся ў ягонай вёсцы і якія ацалелі ў ягонай памяці, у памяці ягоных блізкіх. Перакладае на гэтую мову тэксты ня проста клясычныя, альбо сучасныя, а менавіта апрычоныя. Якія у ёй адгукаюцца. Дзеля таго каб знайсьці і перакласьці менавіта такія тэксты, ён вучыць нарвэскую (!) і перакладае зь яе раманы на сваю мову (!).

Калі працягваць паралелі з Джойсам, дык гэта, канечне, часы Абуджэньня Фінэгана Кніга, адзіным да канца адэкватным чытачом якой, напэўна, быў яе аўтар.

І тут мы падыходзім да самага важнага. Тэза абсалютна варяцкая, але на ёй я ўсё ж такі настойваю і буду настойваць. Асабліва пры асабістай сустрэчы, дзе б яна ні адбылася. У гатэльчыку Ўроцлава ці менскай кавярні, ва ўтульным праскім доме ці сярод муроў каханай Вільні. У коле старых сяброў. Калі Сяргей Шупа, іншы герой эпохі, дастане ацалелую дзеля такога выпадку бутэльку старой выкшталцонай слівовіцы.

Дык вось. Менавіта стварэньне сваёй мовы ставіць Максімюка нароўні з Джойсам. І можа нават Гамэрам. Гэта той мэтафізічны пункт, які канчаткова завяршае падарожжа. Тая вышыня, зь якой ўжо ўсё бачна.

І цяпер можна спакойна выдаваць другі том Уліса.

Mojфj ћфnci Halinci siкtu kniћku dedykuju

Насустрач бацьку

Спроба вытлумачэньня трох першых эпізодаў Уліса Джэймса Джойса

Разаграваньне тэмы альбо гістарычная глёса

Першы раз я прачытаў Уліса[1] ў 1975 годзе, у польскім перакладзе Мацея Сламчынскага. Было гэта другое польскае выданьне, выдрукаванае ў двух тамах у бэжавай вокладцы, пад якой ішлі замежныя аўтары сэрыі Biblioteka Klasyki Polskiej i Obcej (польская клясыка ішла ў бардовым пераплёце). Мне тады было сямнаццаць, і ў мяне быў складзены доўгі сьпіс сусьветных шэдэўраў, якія абавязкова трэба было прачытаць. Уліс трапіўся недзе паміж Чарадзейнай гарою і Ў пошуках страчанага часу. Я быў халерна заядлым чытачом, і таму другі том польскага Ўліса дачытваў з заціснутымі зубамі, нічога ня цямячы і нічога не стараючыся запамятаць. Вельмі хацелася вычыркнуць кніжку з свайго сьпісу. Было прадвесьне, а я хадзіў у ліцэй у Гайнаўцы.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3