Як сустрэнеш Новы год, так яго і пражывеш, а ў момант міленіюму я быў поўны рашучасьці. Хіба я ня памятаю рашучасьці на якую справу, бо ледзь трымаўся на нагах ад алькагольнага перадозу.
Вільня ў мяне асацыюецца з алькаголем. І зь зімой.
Вільня ня можа быць Горадам сонца, гэта Горад пад начным зорным небам. А яшчэ Вільня Горад прывідаў, якія могуць цябе зьнесьці. У тваёй галаве шпацыруюць, працуюць, ядуць, танчаць і выпіваюць скарыны, ластоўскія, луцкевічы, міцкевічы, луцэвічы, гарэцкія, тарашкевічы Дзядзькі антосі, казікі, юзікі З кожным кілямэтрам, з кожным кілішкам яны робяцца рэальнейшыя.
Па прыезьдзе ў Вільню мясцовыя літоўцы выглядаюць, усё роўна як выяўленыя на няякасным галяграфічным малюнку: абрысы няпэўныя, трохмернасьць празрыстая, ці то ёсьць яны ці то няма іх. Прывіды, адным словам.
Ёсьць яшчэ прывіды мясцовыя нелітоўцы, якіх я і мае сябры клічам проста славішы, але гэтыя прывіды ў квадраце. У экзальтаванага адраджэнца-цьвярозьніка ўся гэтая хеўра можа выклікаць прыступ дэпрэсіі. Але ў пітушчага жыцьцялюба-рамантыка прывіды-тубыльцы саступяць месца прывідам-нацыянальным пэрсанажам. У тых, хто едзе ў Вільню першы раз.
Я выйшаў зь цягніка Менск-Вільня за сорак хвілінаў да Міленіюма ці не ў пяцідзясяты раз за жыцьцё. Дакладней, вываліўся, нібы набіткаваны мех, і хістка, але ўпэўнена нырцануў у нетры Места: далей і глыбей да водарасьцяў, да камянёў, да ракушак, русалак, вадзянікоў Праз карчы, завалы, міма балотнага глею да вядомых аднаму мне пясочных затокаў.
* * *Вы калі-небудзь кулялі сьвяточны стол? Я кульнуў. Праўда, гэта было ўвечары 1 студзеня, і на стале заставаліся адно парэшткі сьвяточных страваў. Я зрабіў акт пратэсту супраць зьдзекаў з маіх пачуцьцяў. Я паставіў кропку. Пакінуў іх цалавацца і пайшоў.
Калі вы зьведалі хаця б крыху віленскіх вулак, дворыкаў, касьцёлаў, галерэяў ды музэяў, калі вы трохі набрынялі крывіцкім духам і літоўскім півам, вы заўважаеце, што Вільня жыве. Я вось адзначыў, што чым бліжэй да вечара і да вакзала, тым менш чуваць літоўскай мовы. Palauk (пачакай), имеешь сигарету? Хлопец дзякуе за пачастунак і крычыць у сьпіну прыяцелю: Marek, zaczekaj. Марэк на выгляд мой аднагодка, але вышэйшы і здаравейшы. На ім дзедмарозаўская шапка. Ён энэргічна, але далікатна чапляецца да дзяўчат. Марэк з прыяцелем зьнікаюць у кірунку вакзала, а я рушу па Завальнай у супрацьлеглы бок паўз рынак у кірунку цэнтру.
У кішэнях ані цэнта. Я пазіраю то сабе пад ногі, то на ўлюбёныя віленскія зоркі. Да сустрэчнай сямейнай пары зьвяртаюся па-беларуску: Прабачце, каторая гадзіна? Дванаццатая. Дня ці ночы? ?!
?! дакладна такая рэакцыя ў дзяжурных паліцэйскага пастарунку, які месьціцца тут жа побач, на Завальнай.
Што мне трэба зрабіць, каб вы затрымалі мяне на ноч?
Сьмяюцца.
Ну, давайце, разабю во гэны графін на стале.
Не-е, гэты пацягне на пятнаццаць сутак.
* * *Грошай няма, але ёсьць тэлефонная картка. Ад вакзала я не аддаліўся ані на мэтар, хіба зрабіў кола. Ад Завальнай да Шапэна тры хвіліны хады. Менскі прыяцель гасьцюе на гэтай вуліцы, таму ў маёй кішэні ўжо сорак літаў. Празь сем гадзінаў на Менск стартуе віленскі цягнік. Піва і чабурэкі ў прывакзальным кругласуткавым павільёне. Што яшчэ трэба, каб камфортна сустрэць апошняе 2 студзеня тысячагодзьдзя?
Віленскія чабурэкі смачнейшыя за менскія. А дзяўчыну-прадавачку клічуць Соня. Я ў Менску прадавачак з такім імём на бэджы ня бачыў. А вось сядаюць два маладзёны спазьніліся на цягнік Вільня-Клайпеда. Дзесьці там, у Прыбалтыцы, у жмудзкім мястэчку іх чакаюць бацькі са сьвяточнымі прысмакамі. А яны тут даганяюцца півам. Адзін зусім ніякі студэнты А вось і мясцовыя рэальныя пацаны: Сонечка, пивка, пожалуйста. Працытаваць я працытаваў, а вось паспрабаваць перадаць акцэнт віленскіх расейцаў я магу толькі ў жывой гутарцы. Адзін з маладзёнаў пачынае мармытаць штосьці пра русішку (расейскую мову), маўляў, кажыце па-літоўску. Я не понял, пацан, я чего, тебя обидел!? рэальны пацан сьціскае рэальныя кулакі і дадае, маўляў, панаехала калхозьнікаў. Літовец пачынае адмазваць прыяцеля-студэнта, маўляў, даруйце пянога падлетка. А я бяру сабе яшчэ піва.
* * *Можна глядзець на зорнае неба. А можна ў яго скокнуць, калі глядзіш на адбітак на паверхні возера. А можна глядзець з вады дагары і зноў-такі скокнуць у неба. Як каму больш падабаецца. У кожным выпадку ніхто з прысутных у павільёнчыку не патрабаваў, каб я перайшоў на расейскую. Трэцяй пляшкай піва я цокнуўся з тым літоўцам, які ня спаў, і з Марэкам. Марэк зьявіўся без прыяцеля, але ўсё ў шапцы Дзеда Мароза. Марэк па-польску і па-расейску пераконваў Соню сустрэцца наступнага вечара. Соня з радасьцю пагадзілася. Ці атрымалася ў іх што ня ў курсе. Затое з Марэкам я прапіў апошнія літы. Уся справа ў беларускай мове. Я ёю выказваў свае думкі. А думак у мяне заўжды хапае. Асабліва іх паболела, калі Марэк пачаў адказваць мне на досыць прыстойнай беларускай мове. Не! Ён ня быў старшынёй Ліпоўскай раённай рады БНФ. Марэк, як і большасьць жыхароў віленскага раёну Ліпоўка, пазыцыянаваў сябе як паляк. Але, як і большасьць тых палякаў, у сямі карыстаўся сумесьсю польскай і простай моваў. Вось пра гэтую прастату мовы, пра трасянку, пра карані, пра памяць продкаў, пра Княства, пра Скарыну я і пачаў распавядаць прысутным у павільёне.