Можна глядзець на зорнае неба. А можна ў яго скокнуць, калі глядзіш на адбітак на паверхні возера. А можна глядзець з вады дагары і зноў-такі скокнуць у неба. Як каму больш падабаецца. У кожным выпадку ніхто з прысутных у павільёнчыку не патрабаваў, каб я перайшоў на расейскую. Трэцяй пляшкай піва я цокнуўся з тым літоўцам, які ня спаў, і з Марэкам. Марэк зьявіўся без прыяцеля, але ўсё ў шапцы Дзеда Мароза. Марэк па-польску і па-расейску пераконваў Соню сустрэцца наступнага вечара. Соня з радасьцю пагадзілася. Ці атрымалася ў іх што ня ў курсе. Затое з Марэкам я прапіў апошнія літы. Уся справа ў беларускай мове. Я ёю выказваў свае думкі. А думак у мяне заўжды хапае. Асабліва іх паболела, калі Марэк пачаў адказваць мне на досыць прыстойнай беларускай мове. Не! Ён ня быў старшынёй Ліпоўскай раённай рады БНФ. Марэк, як і большасьць жыхароў віленскага раёну Ліпоўка, пазыцыянаваў сябе як паляк. Але, як і большасьць тых палякаў, у сямі карыстаўся сумесьсю польскай і простай моваў. Вось пра гэтую прастату мовы, пра трасянку, пра карані, пра памяць продкаў, пра Княства, пра Скарыну я і пачаў распавядаць прысутным у павільёне.
Вы можаце высунуць справядлівае дапушчэнне, што я зрабіў мітынг у шапіку. Не. Я зрабіў штосьці сярэдняе між лекцыяй і казаньню.
Да майго цягніка заставалася пятнаццаць хвілін, а ў кішэні было грошай роўна на квіток, калі Марэк заявіў, што абавязаны пазнаёміць такога выключнага чалавека, як я, са сваёй сямёю. Мы прапілі мае апошнія сем літаў сорак цэнтаў і рушылі па ўжо ранішняй Вільні.
* * *Ранішняя Вільня ў раёне двух вакзалаў чыгуначнага і аўтобуснага гэта вам ня ранішні Менск. У Менску ўсё чыста і акуратна. Там бомжы і пянчугі адсякаюцца мянтамі на падыходах да вакзалу. Прастытуткі не вяртаюцца з начной зьмены, бо іх даўно разагналі, а пяныя літоўскія журналісты не равуць пра тое, што літоўскія танкі пройдуць па менскіх вуліцах. У Менску законнасьць і парадак. А ў Вільні ўсё наадварот. Можна пабачыць пралетарскі мінэт, які робіцца ў кутку між шапікаў, і алкана, які ледзь ня гіне пад коламі аўтамабіля, а перапужаны кіроўца на вачох у людзей зьбівае небараку на горкі яблык. І беларускага журналіста, які жлукціць з рыльца гарэлку ў кумпаніі караіма і літоўца. Зь імі ён квасіў усю ноч, а цяпер пе разьвітальную ды празь імгненьне будзе крычаць, лежачы ў лужыне, лабусы підары!, абяцаць танкі пад бел-чырвона-белым сьцягам, а забяруць у пастарунак журналюгу паліцыянты-расейцы Я ж кажу: Вільня вельмі жывы горад. Праўда, не па навагодніх сьвятах.
2 студзеня 2000 году Вільня была ціхая, спакойная і прыбраная сьвежым сьнегам. Прынамсі, гэтак было на Ліпоўцы, дзе мы селі ў машыну і паехалі за дзесяць км ад Вільні ў бок беларускай мяжы.
* * *Я сяджу на пачэсным месцы леваруч ад старэйшыны сямейнага кляну, 78-гадовага дзеда грэнадэрскай выпраўкі. Дзед адзіны, хто гаворыць са мной па-расейску. 2 студзеня Народзіны дзядзькі Марэка, таму сямя сьвяткуе. Пры стале дзед, дзядзька, ягоная жонка, іхняя дачка, два хлопчыкі-ўнукі, Марэк і я. Налягаю на вяндліны з кіўбасамі ды збольшага памоўкваю. Першыя пытаньні задавалі па-расейску, тады па-польску, але цяпер усе (апроч дзеда) гавораць па-беларуску (і як гавораць! у сэнсе мовы). Памоўкваць я памоўкваю, хіба ўжо пасьпеў распавесьці любімы віленскі анэкдот:
Dzien dobry, Maryla, jak sie masz?
Ганька, сёньня ж не нядзеля, можна па-просту.
А таксама ўсе ўжо выпілі за мой тост: Жыве Беларусь!
А пем мы ня піва, пем самаробную гарэлку. А таму я больш закусваю ды імкнуся як мага дыпляматычней адказваць на пытаньні пра жыцьцё ў Беларусі. А глядзяць у сямі БТ і вельмі зайздросьцяць грамадзянам РБ. Сямі жывецца цяжка: у іх прыватны бізнэс два мікрааўтобусы і вялікі хутар з гаспадаркай. Я акуратна тлумачу, чым адрозьніваецца інфармацыя БТ ад рэальнага жыцьця.
Ды ён жа нацыяналіст! выгукае Марэк.
Справа ў тым, што мы з Марэкам ужо не такія сябры, якімі былі ў павільёнчыку. Пакрысе далейшыя размовы са мной прывялі Марэка да правільнай высновы, што я нацыяналіст. Выснова шакавала Марэка, а мяне шакавала тое, што Марэк шакаваны сваім адкрыцьцём.
Але тут, за сталом, я ў поўнай эўфарыі. Я па-за сьпёртым паветрам РБ, у вольнай краіне, за добрым сталом, сярод простых беларускамоўных людзей! Учорашнія блуканьні вакол вакзалу падаюцца дурнаватым сном. Праўда, дзед усё кіпяціцца: не хавае сумневу. І ўрэшце наўпрост пытаецца пра маё стаўленьне да Лукашэнкі. Я адказваю, за якую частку цела падвесіў бы І ўмэнт вылятаю з-за стала! Дзед трымае мяне за каўнер і цягне да выхаду. Жанчыны войкаюць, шэптам выбачаюцца за дзеда і нясуць за мной вопратку. На двары Марэк прапануе пабіцца (але ў мяне баліць нага ды вабшчэ), і праз хвіліну я ў кумпаніі праважатых-дзетак тэпаю празь сьнежнае поле пад ясным студзеньскім сонцам у бок Менскай шашы.