Віктар Казько - Дзікае паляванне ліхалецця (зборнік) стр 23.

Шрифт
Фон

Але ўсё гэта стала вядома пасля. Калі надышоў час ужо апраўдвацца перад гэтым народам. Апраўдваць сябе, свае дзеянні. Па-людску, дык і прасіць прабачэння. Толькі ў каго ж гэта з сённяшняга авангарда павернецца язык. Пётр Міронавіч, як гаварылася вышэй, пайшоў, пайшоў назаўсёды. А новы мо яшчэ і не нарадзіўся. Хто ведае, хто ведае. I пакуль яшчэ толькі дзень памінання продкаў. Нядзеля. Трыццатага кастрычніка. Трынаццаць гадзін сорак мінут. Ідуць беларусы, ідуць беларусы, строга па тратуарах, выконваючы ўсе правілы вулічнага руху, толькі на дазваляльнае, зялёнае святло. Не крыўды, не кроў і нават не боль нясуць яны ў сваіх руках. Кветачкі. Ягадкі недзе яшчэ толькі завязваюцца. Познія восеньскія астры, кастрычніцкія чырвоныя гваздзікі. На магілы продкаў, вядомыя і невядомыя. Больш невядомыя.

Іх, гэтых беларусаў, столькі палегла за ўсю гісторыю, што сама гісторыя захлынулася ў іх жа крыві, сплыла кроўю. Няма ў іх сваёй гісторыі. Як няма ўжо і мовы. Нагаварыліся яны мовай рэвалюцыі. Анямелі ад уласнай смерці, стаміліся смяротна. Кожны трэці ляжыць на палях Вялікай Айчыннай, па іх звоняць званы Хатыні. А колькі бацька родны паклаў, развеяў прах па ўсёй Айчыне, пра тое ніхто, акрамя самога яго, не ведае. Вядомыя сёння ўжо ўсяму свету курапацкія ўзгоркі захоўваюць яшчэ сваю тайну. Вялікая тайна, колькі яшчэ ляжа ад Чарнобыля: ад вострага распіраторнага захворвання. Параспірала нешта ўсюды гэтых беларусаў. Хто калі палічыць, хто паведае свету, як паміраюць ужо сёння немаўляты. Хто каму з іх пажаліцца. Якая выдатная паляўнічая зброя, які ціхі лагодны забойца мірны атам

А былі ж, былі ў больш далёкай, таксама славутай гісторыі Айчыны часы, калі кожны і нават другі беларус пазбаўляўся жывата свайго. Падобна, уся Беларусь сёння адна вялізная брацкая магіла. Маўклівая, нямая, з выдзертым па жывым языком і забітай гісторыкамі гісторыяй. Што ж, за гісторыю таксама трэба хоць нечым разлічвацца. I сёння нават. Калі не жыватом, дык памяццю, ластаўкай; бусламі, бабрамі, бабровымі шапкамі, ракамі, рэкамі і азёрамі, лясамі і дубровамі. Яшчэ ў пару сярэдневякоўя ў бойцы народаў продкамі адваяваны геральдычны знак. Знак Пагоні. Адпрэчыць, адабраць, растаптаць. Якога колеру, якой партыі былі тыя продкі. Бяспамяцтва дык бяспамяцтва, вечнае. Белая, белая ці чырвоная залітая кроўю, без адзінай літаркі і кропкі кніжка беларускай гісторыі. Бел-чырвона-белы твой сцяг. I яго ў гразь і пыл. Нічога няма ў беларуса гэта толькі заходняя ўскраіна. Але будзе ім сёння, будзе пагоня, будзе бел-чырвона-белы іх сцяг. Будзе паляванне. Не толькі на іх, але за імі, за беларусамі, хто наважыцца толькі слова мовіць па-беларуску. Пачакайце яшчэ толькі дваццаць якіх хвілінак.

Тая ж нядзеля трыццатага кастрычніка бярэ толькі разгон, урастае каранямі ў дзень будучы. Тыя ж трынаццаць гадзін сорак хвілін. Застыглыя аслепленыя жалезнымі кратамі машыны спецыяльнага прызначэння каля тратуараў. Ідуць беларусы, ідуць. Нешта ж вельмі багата іх развялося. Мовы сваёй не ведаюць, а беларусамі завуцца. У той жа час у іх кватэрах з блакітных экранаў тэлевізараў рэспубліцы ўсміхаецца міністр. У нас ужо свой твар паказвалі Пракуратар, Куратар. I вось цяпер Міністр. «Сустрэча для вас». Чалавек і міністр. Расказвае аб сваім жыцці-быцці, спачувае і шкадуе дарэмна вы, грамадзяне-пісьменнікі, пайшлі памінаць продкаў. Валянціну Распуціну: ну навошта яму спатрэбілася збядняць свой талент, зводзіць яго да публіцыстыкі. Айчына, народ прагне ад яго раманаў. Пасля чаго чытае верш Расула Гамзатава, той самы, знамянальны, аб дарозе і кані, каго трэба вінаваціць, калі конь спатыкаецца.

Гэта гучыць для Беларусі і беларусаў, пэўна, і для самога Міністра як прароцтва. У трынаццаць гадзін сорак хвілін дзяржаўны конь сапраўды спатыкнуўся каля падыходу да Маскоўскіх могілак. Цяпер самая стабільная рэспубліка ў краіне надоўга пазбавіцца сваёй услаўленай у вярхах прыпяцка-чарнобыльскімі салаўямі стабільнасці, на імгненне, але пакажа свету свой сапраўдны твар і характар. Зусім не той твар і зусім не той характар, заношаны і загаджаны алілуйшчыкамі застою, салістамі і хорамі сталіншчыны і брэжнеўшчыны, харалам, што і сёння пры добрым здароўі і ў росквіце славы іх паслядоўнікаў. Будзе яно, як і ў тыя часы, сёння і вечна, у пару жніва і сяўбы, у гадзіну выпрабаванняў, жалобным і грозным, гнеўным, але і велічным і мудрым, хоць і непранікальным і недаступным «ўрэмяншчыку».

Не, само паляванне яшчэ не пачалося. «Урэмяншчык» жа звыклы дзейнічаць у сваё «ўрэмя», строга планава, згодна загаду. А гадзіна ікс запланавана на чатырнаццаць нуль-нуль апоўдні. У запасе яшчэ дваццаць хвілін. I тое, што адбываецца зараз на Ленінскім праспекце, былым Сталінскім, на падыходзе да Маскоўскіх могілак, трэба ўспрымаць, пэўна, як ініцыятыву знізу. Нізы не вытрымалі. Група асоб у цывільным, лікам не менш дзесяці, выхапіла з пешай плыні Зянона Пазняка, выключыла нервова-паралітычным газам, запхнула ў машыну (крыху пазней народ адбіў яго). Тое ж самае і з мастаком Марачкіным. Яго разам з сямёй арыштавалі і на машыне павезлі ў невядомым накірунку. Схапілі мастака Купаву. Машыну вядомага скульптара Анатоля Анікейчыка, аўтара надмагільных помнікаў Уладзіміру Сямёнавічу Караткевічу і Пятру Міронавічу Машэраву, спыняюць на паўдарозе і не вельмі ветліва, але без прымянення сілы і спецсродкаў, скіроўваюць туды, адкуль ён прыехаў. Анікейчык вёз кветкі на магілы Караткевіча і Машэрава. Праз тры месяцы яго самога народнага мастака рэспублікі, народнага дэпутата Вярхоўнага Савета БССР павязуць з кветкамі на Маскоўскія могілкі. I, здаецца, той-сёй зажурыцца, падумае аб тым, хто яму створыць помнік. Анікейчык памрэ сам, таксама, як той вясковы егер, ад разрыву сэрца. Так і просіцца сказаць: нешта няладнае ў гэтых беларусаў з сэрцам, трэба б дапамагчы беларускім таварышам. Як будзе моўлена пазней з нагоды падзей у Грузіі адным нашым вельмі шаноўным чалавекам. I яшчэ: дагуляўся хлопчык, гэта было ўжо моўлена раней, па тэлефоне, калі загінуў Машэраў.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3

Популярные книги автора