Галко, сакратар Мінскага гаркома партыі, палічыў гэта пытанне правакацыйным. А між тым паляванне фактычна пачалося ўжо. Не так даўно ў рукі грамадскасці трапіў дакумент, дзе распрацаваны падрабязны план гэтага палявання. Усё распісана, хто і за што адказвае, хто ўзначальвае групу «загоншчыкаў», хто групу захопу, за тыя ж самыя дубінкі тэхнічныя і механізаваныя сродкі палявання. Народ і партыя адзіныя. Не хочаш, а мусіш гаварыць заклікамі. Чаго ж толькі варта гэта адзінства, калі нават камуністы камуністам хлусілі ў вочы. Цяжка ж паверыць, каб сам авангардны авангард, айцы горада не ведалі, што будзе заўтра, каб план таго палявання склаўся без іх удзелу. Але дапусцім на хвіліну, што гэта так: не ведалі, абышлі іх. Тады другое пытанне: чаго ж варты такі авангард, ці рэальная яго ўлада? I хто правакатар? Дзе і хто такі поп Гапон? Пытанні, пытанні, пытанні. Яны ўжо нам надакучылі. Сапраўды, адзін дурань можа задаць столькі пытанняў, што ніводзін разумнік не адкажа. Але нешта занадта гаваркіх ці то дурняў, ці то разумнікаў распладзілася. Хто іх толькі напладзіў? Чым вінавата гэта зямля, што такі багаты на іх ураджай? Чаму такое атрутнае насенне, з чыёй рукі лягло ў зямлю?
Пытанне правакацыйнае, казана было ўсім. I людзі пайшлі. Пайшло да могілак законапаслухмянае насельніцтва горада Мінска. Ішлі беларусы, жыхары самай стабільнай рэспублікі ў краіне, ведаючы аб гэтай сваёй стабільнасці, вернасці ўстоям. Апора і надзея гэтых даўніх устояў, якія крыху, праўда, як ужо было казана, пахіснуліся пад націскам свежых вятроў. Вятроў з Масквы і ад сваіх суседзяў-прыбалтаў. Вось таму два апошнія тыдні, што папярэднічалі гэтаму шэсцю, былі поўныя газетнай істэрыі, ішло цкаванне інтэлігенцыі, работнікаў культуры, канкрэтна трох творчых саюзаў, якія выступілі заснавальнікамі рэспубліканскага гісторыка-асветніцкага таварыства памяці ахвяр сталінізму «Мартыралог Беларусі»: Саюза пісьменнікаў, Саюза кінематаграфістаў, Саюза мастакоў. З газетных старонак, у працоўных аўдыторыях іх абзывалі групай самазванцаў і пенаю, у лепшых традыцыях застойнага часу пыталіся: чый хлеб яны ядуць, абвінавачвалі, што занадта ўжо адукаваныя, кніжкі, маўляў, чытаюць, а вось працоўнаму чалавеку ад станка няма калі ды і навошта чытаць. То быў таксама час Быка, няўчассе, калі ваяўнічае невуцтва ганарыцца гэтым сваім невуцтвам.
Такім вось чынам і тонам той-сёй у рэспубліцы спрабаваў зацэментаваць расколіны ўстояў, так убіваўся клін паміж працоўным класам і інтэлігенцыяй. Так айцамі горада пеставалася і спелілася правакацыя. I не толькі правакацыя. Сумна вядомае кожнаму з нас: народ і партыя адзіныя. А ўсе астатнія пена, адшчапенцы, ворагі. Ату іх, ату. Даеш новае, часоў перабудовы і галоснасці, мілае-мілае апаратнаму сэрцу і вуху паляванне на ведзьмаў. У адзіны механізавана-бранявы кулак нябачнага, выкрытага і сёння паляўнічага збіраліся ўсе сілы. I кулак гэты ўсёй сваёй афіцыйнай магутнасцю павінен быў абрынуцца на беларусаў у навучэнне ўсім іншым, каторыя ўжо стварылі народны фронт і ўздумалі крочыць яшчэ далей, невядома нават куды. Грузіны дык, пэўна, у крывавую нядзелю дзевятага красавіка. Ці не меркавалася адзначыць тую красавіцкую грузінскую нядзелю спачатку ў красавіку на Беларусі? Вельмі ж падобныя сцэнарыі. I тут, і там паляванне, паляванне, невідзімкі, і няма адказных. Розніца толькі ў грузінскім, паўднёвым, і беларускім тэмпэраменце. А наогул, калі ўсё і паўсюдна трашчыць і рушыцца, трэба з некага пачынаць, на прыкладзе адных вучыць і ставіць на месца ўсіх іншых, вызначаць дарогу, паказаць тым жа грузінам і іншым розным шведам на прыкладзе тых жа самых беларусаў, да якога храма вядзе іх дарога, які храм чакае іх наперадзе. Толькі беларусы не паддаліся на правакацыю. О няшчасны, знямелы народ, не ўсё яшчэ ў цябе страчана.
Але ўсё гэта стала вядома пасля. Калі надышоў час ужо апраўдвацца перад гэтым народам. Апраўдваць сябе, свае дзеянні. Па-людску, дык і прасіць прабачэння. Толькі ў каго ж гэта з сённяшняга авангарда павернецца язык. Пётр Міронавіч, як гаварылася вышэй, пайшоў, пайшоў назаўсёды. А новы мо яшчэ і не нарадзіўся. Хто ведае, хто ведае. I пакуль яшчэ толькі дзень памінання продкаў. Нядзеля. Трыццатага кастрычніка. Трынаццаць гадзін сорак мінут. Ідуць беларусы, ідуць беларусы, строга па тратуарах, выконваючы ўсе правілы вулічнага руху, толькі на дазваляльнае, зялёнае святло. Не крыўды, не кроў і нават не боль нясуць яны ў сваіх руках. Кветачкі. Ягадкі недзе яшчэ толькі завязваюцца. Познія восеньскія астры, кастрычніцкія чырвоныя гваздзікі. На магілы продкаў, вядомыя і невядомыя. Больш невядомыя.